Беларусь — першая ў СНД па колькасьці шэнгенскіх візаў на чалавека

У 2009 годзе Беларусь займала першае месца ў СНД па колькасьці выдадзеных шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва. Чакаецца, што ў 2010 наша краіна па гэтым паказчыку пяройдзе на першае месца ў сьвеце.

У 2009 годзе адна віза, выдадзеная краінамі — удзельніцамі Шэнгенскага пагадненьня, выпадала на 21 жыхара Беларусі. Гэта найвышэйшы паказчык па ўсім СНД: ва Украіне і Расеі — удвая менш: адна віза на 41–43 чалавек.

візы
Беларусь шостая ў сьвеце па абсалютнай колькасьці выдадзеных шэнгенскіх візаў, і пакуль другая па адноснай. Дадзеныя zn.ua

Гэта значыць, што сярэдні беларус езьдзіць у ЭЗ удвая разы часьцей, чым сярэдні украінец ці расеец, нягледзячы на неспрыяльную палітычную атмасфэру, адсутнасьць Пагадненьня аб спрошчаным візавым рэжыме віз і больш высокі кошт візы (60 эўра замест 35, як ва Ўкраіне ці Расеі). Больш за ¾ віз грамадзянам Беларусі выдаюць кансуляты трох шэнгенскіх краін — Польшчы, Літвы і Германіі.

Найбольшую колькасьць шэнгенскіх візаў на душу ў сьвеце ў мінулым годзе атрымалі жыхары Македоніі. Аднак цяпер македонцы, як і грамадзяне Сэрбіі і Чарнагорыі, могуць езьдзіць у ЭЗ бязь візаў. У выніку першая пазыцыя Македоніі па адноснай колькасьці візаў у сьвеце, калі нічога ня зьменіцца, пяройдзе да Беларусі.

Такая дынаміка Беларусі стала пэўнай нечаканасьцю, піша ўкраінская газэта «Зеркало Недели». Гэта ў значнай ступені абвяргае стэрэатып пра Беларусь як даволі ізаляваную ад Эўропы краіну, лічыць выданьне.


Каму патрэбны шэнген? Чырвоным пазначаныя краіны, грамадзяне якіх ня могуць трапіць у шэнгенскую прастору бязь візаў. Мапа wikipedia.org

Па абсалютнай колькасьці выдадзеных шэнгенскіх візаў наша краіна займае шостае месца ў сьвеце (449 тысячаў у 2009 г. ці 3.7% ад усіх выдадзеных краінамі ЭЗ візаў), саступаючы Расеі (3 мільёны 579 тысячаў візаў), Украіне, Кітаю, Турцыі і Сэрбіі. Цікава, што пасьля ўступленьня Польшчы і Літвы ў шэнгенскую прастору ў 2007 г., колькасьць выдадзеных гэтымі краінамі візаў скарацілася ў сярэднім на 40%. Напрыклад, польскі кансулят скараціў выдачу на 73%.

Як раней заяўлялі эўрапейскія чыноўнікі, Эўразьвяз у верасьні-кастрычніку разгледзіць магчымасьць спрашчэньня візавага рэжыму зь Беларусьсю.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0813 seconds.