ЭЗ прапануе зьмякчыць візавы рэжым зь Беларусьсю

Эўразьвяз увосень разгледзіць магчымасьць спрашчэньня візавага рэжыму і плян дыялёгу зь Беларусьсю. Цяпер беларусы могуць разьлічваць на тое, што кошт шэнгенскіх візаў зьменшыцца, а рабіць іх будуць хутчэй.

Пагадненьне паміж ЭЗ і Беларусьсю дазволіць беларусам «карыстацца тымі ж перавагамі, што і іх суседзі, якія ўжо яго падпісалі». Аб гэтым заявіў у час візыту ў Менск камісар па пытаньнях пашырэньня Эўразьвязу і Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле.

Падобныя пагадненьні ўжо існуюць паміж ЭЗ і Ўкраінай, Расеяй, Грузіяй. Кошт візаў для грамадзянаў усіх гэтых краін не перавышае 35 эўра (для беларусаў 60), а паставіць візу можна нават за 2 дні.

«Зьмякчэньне візавага рэжыму — гэта лепшы сыгнал, які мы можам паслаць беларусам, каб паказаць, што для нас важныя кантакты паміж людзьмі і павышэньне мабільнасьці беларусаў», — сказаў эўракамісар.

Беларускі міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў заявіў у адказ, што працэс спрашчэньня візавага рэжыму «ідзе марудней, чым хацелася б, але мы прасоўваемся па гэтым шляху».

«Цяперашнюю сытуацыю, калі беларускія грамадзяне пастаўленыя ў дыскрымінацыйнае становішча, я лічу недапушчальнай», — дадаў міністар.

Як перадае БелаПАН, мандат для візавых перамоваў, а таксама сумесны плян па дыялёгу Эўразьвязу зь Беларусьсю ў сфэрах палітыкы і эканомікі будзе прадстаўлены на разгляд краінам ЭЗ у верасьні-кастрычніку. Плян «агулам і ў цэлым» абмяркоўвалі ў ходзе перамоваў у беларускім МЗС. Дыскусіі паміж Менскам і Бруселем будуць працягнутыя. Але дакумэнт, у адрозьненьні ад візавага пагадненьня, ня стане абавязковым: у выніку мусіць атрымацца «палітычнае пагадненьне, якое стане базай для разьвіцьця двухбаковых адносінаў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.