Віленскія беларусы склалі бязьвізавы маніфэст

Недзяржаўная арганізацыя Belarus Watch (ByWatch), што месьціцца ў Вільні, склала «бязьвізавы маніфэст», галоўным патрабаваньнем якога стала хутчэйшая адмена візаў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам. Падпісацца пад маніфэстам можна он-лайн.

«Мы перакананыя, што менавіта візавы бар’ер і закрытасьць беларускай сыстэмы — гэта асноўныя перадумовы кансэрвацыі цяперашняга стану, які не задавальняе ні беларускае грамадзтва, ні ЭЗ», — адзначаюць аўтары маніфэсту, сябры віленскай арганізацыі Belarus Watch.

Belarus Watch заклікала кіраўнікоў Беларусі і Літвы «як мага хутчэй дамовіцца аб бязьвізавым рэжыме для жыхароў памежжа, які абяцаецца ня першы год». Наступным крокам, на думку аўтараў маніфэсту, мусіць стаць зьніжэньне візавых коштаў, і, нарэшце, адмена візаў.

«Што можа быць больш разбуральным для прывабнага іміджу вольнай аб’яднанай Эўропы, чым твар консульскага працаўніка за шыбай амбасады? Ён раздражнёны і стомлены — бо замест таго, каб годна прадстаўляць сваю дзяржаву, даводзіцца цэлымі днямі выконваць бессэнсоўную тэхнічна-папяровую працу», — абвешчана ў маніфэсьце.

У 2009 годзе Беларусь займала першае месца ў СНД па колькасьці выдадзеных шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва. Чакаецца, што ў 2010 наша краіна па гэтым паказчыку пяройдзе на першае месца ў сьвеце.

Далучыцца да маніфэсту можна па гэтай спасылцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0474 seconds.