Барацьба за беларускае Сеціва
«Крымінальны кодэкс» і «адказнасьць уладальнікаў сайтаў», — такія словы
ўсё часьцей гучаць на дыскусіях, прысьвечаных беларускаму Інтэрнэту.
Дзяржава з аднаго боку і бізнэс зь сеціўнай супольнасьцю зь іншага
змагаюцца за права вызначаць, якім будзе беларускі Інтэрнэт у будучыні.
Ня стаў выключэньнем і чарговы форум «Дзелавы інтэрнэт» — адно зь нешматлікіх месцаў, дзе лёс Байнэту могуць у адкрытую абмеркаваць яго галоўныя гульцы.
«Усе, хто жадаў, прыехалі», — да мікрафону ў цэнтры спартовай залі санаторыя Белтэлекаму ў Загор’і пад Менскам, дзе распачынаецца чатырохдзённая канфэрэнцыя, выскоквае заснавальнік Tut.by Юры Зісер. У праграме на гэты час значыцца выступ кіраўнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Усевалада Янчэўскага. Адсутнасьць былога кіраўніка БРСМ і самага высокапастаўленага чыноўніка, які мусіў прыехаць сёньня ў Залесьсе разам зь яшчэ 1800 зарэгістраваных удзельнікаў «Дзелавога Інтэрнэту», Зісер тлумачыць яго камандзіроўкай у расейскую сталіцу.
«Важнейшай задачай дзяржавы — разьвіцьцё інтэрнэт-бізнэсу», — працягвае, трымаючы двума пальцамі, тэкст вітаньня Ўсевалада Янчэўскага 50-гадовы Зісер. У звароце Янчэўскі піша нешта пра «больш свабоднае і багацейшае чалавецтва».
«Ніколі дзяржава не выпускала такой колькасьці заканадаўчых актаў, прысьвечаных Інтэрнэту, — кажа Зісер аб галоўных падзеях у Байнэце ў мінулым годзе. — Тэндэнцыяй году стаў выбуховы рост дзяржаўнага рэгуляваньня Байнэту».
Нягледзячы на гэта, дзяржава пачала размаўляць зь інтэрнэт-супольнасьцю. Па словах Зісера, з указу прэзыдэнта аб рэгуляваньні беларускага Інтэрнэту «сышоў увесь нэгатыў», дзякуючы некатораму ціску грамадзянкай супольнасьці.
«Да ўказу мы ня бачылі, каб грамадзкасьць шырока ўплывала на абмеркаваньне нарматыўных актаў», — кажа юрыст Tut.by Людміла Чэкіна.
Знакаміты ўказ № 60, пра які, здаецца, чулі ўсе, хто хаця б крыху сочыць за навінамі зь Беларусі, стаў галоўнай страшыдлай беларускага Сеціва. Дзякуючы яму пачалася ліквідацыя манаполіі Белтэлекаму, сталі зьніжацца кошты на доступ у Сеціва, зьнялася адказнасьць уладальнікаў сайтаў за выказваньні карыстальнікаў.
Але, як кажуць экспэрты, нарабіў гэты ўказ дрэннага нашмат болей, чым станоўчага. Так, неадназначнасьць трактовак выклікала сапраўдную буру ў Сеціве: ніхто дакладна ня ведаў, як правільна выконваць гэты акт. У выніку зьявілася абавязковая рэгістрацыя ўсіх сайтаў у зоне .by, электронных крамаў, нават карыстальнікаў Wi-Fi (у выніку канфэрэнцыя «Дзелавы інтэрнэт» давала доступ да, варта адзначыць, даволі нестабільнага Сеціва толькі тым карыстальнікам, які згадзіліся падзяліцца з арганізатарамі сваім пашпартнымі дадзенымі).
Крымінальнае Сеціва
Сярод удзельнікаў кольнага стала, прысьвечанага юрыдычным пытаньням працы Байнэту, вылучаецца адзіная жанчына, якая сядзіць за сталом — юрыстка Tut.by Людміла Чэкіна. Але ні ёй, ні яе шэфу Юрыю Зісеру ня суджана, прынамсі ў бліжэйшы час, стаць вызваляльнікамі беларускага Сеціва ад дзяржаўнага рэгуляваньня. Максымум — сьведкамі таго, як Інтэрнэт будзе зьмяняцца. І гэты шлях зьменаў паспрабуе ўказаць дзяржава. Аднак Зісер, які вырас у сям’і львоўскіх інтэлігентаў, выконвае ролю своеасаблівага пасярэдніка паміж дзяржаўнымі органамі Беларусі, якія хвалююцца «нацыянальнай бясьпекай» з аднаго боку, і бізнэсам і грамадзкасьцю зь іншага, што задаюць пытаньні пра «грамадзкую карысьць» дзеяньняў улады. Зісер не баіцца называць будучую мадэль беларускіх камунікацыяў «калгасам» і заступацца за незалежныя СМІ.
Спробы дзяржавы рэгуляваць беларускае Сеціва, якія пазбаўлялі карыстальнікаў ананімнасьці, у свой час моцна занепакоілі правайдэраў, бізнэс і простых юзэраў, якія нават паспрабавалі зладзіць некалькі мітынгаў супраць указу № 60. З-за Бугу зьявіліся галасы Нямецкіх уладаў, прадстаўнікоў Эўрапейскага зьвязу і арганізацыі «Рэпарцёраў бязь межаў», якія палічылі ўказ спробай усталяваць над Інтэрнэтам кантроль, аналягічны кантролю над беларускімі СМІ.
«Гэта сфэра раней [да прыняцьця ўказу] была абсалютна хаатычнай», — спрабуе патлумачыць пазыцыю дзяржавы Павал Петрулевіч, намесьнік кіраўніка ўпраўленьня электрасувязі Міністэрства сувязі.
Чыноўнікі імкнуцца давесьці, што кіраваліся толькі добрымі намерамі ў час падрыхтоўкі закону. І беларускае Сеціва, дзякуючы скандальнаму ўказу, хутчэй жыве, чым памірае.
«Мы неаднаразова выступалі ў прэсе і тлумачылі наступствы прыняцьця ўказу № 60», — кажа прадстаўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Сяргей Краўцоў. — Указ стаў штуршком, каб нацыянальны сэгмэнт сеткі Інтэрнэт пачынаў разьвівацца больш актыўна. Дзяржава не магла заставацца ў баку ад разьвіцьця беларускага сэгмэнту Інтэрнэту».
«На самой справе ўсе гэтыя ўзрушэньні б’юць па рынку: колькасьць новых зарэгістраваных сайтаў у Байнэце падае, а за мінулы год у нашым сэгмэнце Інтэрнэту не зьявілася ніводнага значнага інтэрнэт-праекту», — кажа Юры Зісер, які нядаўна выйграў на даволі закрытым конкурсе ўсё таго ж Апэратыўна-аналітычнага цэнтру права вызначаць правілы і кошт дамэнаў у зоне .by.
Пры гэтым толькі 2/3 беларускіх сайтаў пакуль зарэгістраваныя афіцыйна. А зрабіць гэта, паводле новага закону, мусяць усе. Ужо рыхтуюцца папраўкі да грамадзянскага, «а можа нават да крымінальнага кодэксу», пасьля прыняцьця якіх незарэгістраваўшыміся ўладальнікі сайтаў у зоне .by могуць заняцца пракурорскія органы.
«Калі будуць унесеныя зьмены ў крымінальны кодэкс і адміністратыўнае заканадаўства, будзе бачна, як працуе гэты ўказ», — падводзіць рысу спадарыня Чэкіна.
Указ за ўказам: «Рэвалюцыя на тэлекам-рынку»
«Рэвалюцыяй на тэлекам-рынку» называе Юры Зісер яшчэ адзін указ, № 515, які некалькі тыдняў таму выйшаў з-пад пяра прэзыдэнта. Паводле яго манаполіі на перадачу зьнешняга інтэрнэт-трафіку пазбаўляецца буйнейшая тэлекамунікацыйная кампанія краіны — «Белтэлекам». Кантроль за ўсім «зьнешнім» Інтэрнэтам пераходзіць да структуры пад назвай «Нацыянальны цэнтар абмены трафікам», якая ствараецца ўсё тым жа Апэратыўна-аналітычным цэнтрам (ААЦ). З аднаго боку — ліквідацыя эканамічна неэфэктыўнай і несправядлівай манаполіі. А зь іншага — стварэньне новай манаполіі, якая будзе акумуляваць ўсе грашовыя плыні ўнутры сапраўднага Эльдарада, якім можа стаць для ААЦ тэлекамунікацыйны рынак Беларусі.
«Дрэннага манапаліста замяняюць на добрага», — камэнтуе сытуацыю Юры Зісер.
«На дадзеным этапе дзяржава яшчэ не гатовая даць магчымасьць усім жадаючым» [прапускаць зьнешні інтэрнэт-трафік], — кажа прадстаўнік ААЦ Сяргей Краўцоў. «Пытаньне нацыянальнай бясьпекі», — такімі словамі перапыняе дыскусію аб грамадзкіх інтарэсах спадар Краўцоў.
Гэты чалавек не падобны да іншых шэрых чыноўнікаў з каменнымі тварамі. Яго акуратны і стылёвы выгляд прафэсара заходняга ўнівэрсытэту дадае кантрасту ягоным словам. Прадстаўнік усемагутнага Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта, арганізацыі зь бюджэтам болей за $4 млн. даляраў і паўнамоцтвамі спэцслужбы, ён «ня мае адказаў на ўсе пытаньні», што задае прадстаўнік кампаніі Velcom. І гэта нягледзячы на тое, што ААЦ атрымлівае ўсё большы кантроль над карыстальнікамі беларускага Сеціва.
«Але нешта яшчэ прыбліжаецца»
На думку Зісера, як ня дзіўна, указ № 60 пакуль асабліва нічога не зьмяніў у Байнэце. «У сьпісе сайтаў, якія мусяць быць заблякаваныя ў Беларусі, пакуль няма ніводнай адрэсы», — адзначае кіраўнік тэхнічнага адміністратара зоны .by. І распавядае, што нядаўна даведаўся пра падрыхтоўку яшчэ аднаго ўказу, які тычыцца Байнэту.
«І як заўжды, ніхто нічога ня ведае, аб чым ён. Але нешта яшчэ прыбліжаецца», — кажа Зісер.