Фэстываль Басовішча-2008 адбыўся

Самае непрадказальнае Басовішча прайшло 18-19 ліпеня ў Гарадку. Першы раз у шэнгене, без беларускага Адборышча, з рэдагуемай да апошняга праграмай, але тым яшчэ больш цікавае й неспадзяванае. У конкурснай частцы фэстывалю перамаглі Tlusta Lusta, Spital F і «Глюкі». Сярод гасьцей Басовішча зь вялікім посьпехам дэбютаваў менскі Rahis. Упершыню ішла наўпростая трансьляцыя фэсту па тэлевізіі, але са сваімі скандаламі.

Далучэньне Польшчы да шэнгену адбілася й на праграме Басовішча-2008. Замест плянуемых на конкурсную частку 9-ці гуртоў, удзельнічала 6. Але галоўная інтрыга конкурснай часткі, як выступяць гурты, якіх абралі без канцэрту, а толькі па дэма-запісах, вырашылася пасьпяхова. Гурты трымаліся годна, а прызы фэстывалю разьехаліся па розных гарадох Беларусі. Першае месца ў конкурсе ў гарадзенцаў Tlusta Lusta, другое — менчукі Spital F, трэцяе паехала з «Глюкамі» ў Магілёў.

Tusta Lusta
Выступ пераможцаў Басовішча-2008 Tlusta Lusta. Аўтар фота: Юра Сідун.

Spital F
Вакаліст гурта Spital F - уладальнік 2-га месца на Басовішчы-2008 - выйшаў на ўручэньне ўзнагародаў з залепленымі скотчам вуснамі з надпісам «дзякуй :)».­­ Аўтар фота: Юра Сідун.

Апроч традыцыйных гасьцей Басовішча сёлета дэбютавалі менчукі Rahis. Гурт даўна вядомы па акустычных запісах і сольных электрычных канцэртах на невялікіх менскіх пляцоўках, упершыню выступаў на вялікай сцэне. Выступ прайшоў зь вялікім посьпехам, а прыхільнікі яшчэ доўга гукалі Rahis і патрабавалі на «біс».

Rahis
Rahis на Басовішчы-2008. Аўтар фота: Юра Сідун.

А Саня Ракавец з IQ48 пасьпеў падтрымаць сваім пазнавальным вакалам Rahis, Pomidor/OFF, а таксама дэбютаваць у якасьці вядоўцы трансьляцыі для тэлеканалу Белсат. Зрэшты, зачынялі фэст таксама IQ48.

IQ48
IQ48 на Басовішчы-2008. На апошняй песьні вакаліст гурта Саня Ракавец саскочыў на сцэны ў натоўп прыхільнікаў. ­­ Аўтар фота: Юра Сідун.

За два дні Басовішча на сцэне выступілі 22 гурты, сярод якіх Neuro Dubel, Крама, Trоitsа, Зьміцер Вайцюшкевіч з WZ-Orkiestra, украінцы «И друг мой грузовик», палякі Dick4Dick і іншыя. А таксама ўпершыню на фэсьце музыкі маладой Беларусі была арганізаваная адмысловая «зона ды-джэяў».

Гледачоў на Басовішчы хапала, хоць і ня ўсе ахвотныя беларусы змаглі атрымаць візы. Праўда, сёлетні фэст сапраўды моцна нагадваў Беларусь. Найперш паводзіны аховы на фэсьце, якая жорстка адбірала дрэўцы ад сьцягоў у гледачоў, дазваляючы трымаць сьцягі толькі ў рукой ці на плячох. На жаль, арганізатары так і не далі гледачам уцямных тлумачэньняў са сцэны. Сярод людзей гуляла дзьве вэрсіі. Паводле першай, у Польшчы нядаўна прыняты закон пра забарону на масавых мерапрыемствах махаць сьцягамі на дрэўках у мэтах бясьпекі. Паводле другой вэрсіі, высока ўзьнятыя сьцягі перашкаджалі здымкам тэлеканалу Белсат, які ладзіў трансьляцыю фэстывалю. Так ці інакш, а пачатак трансьляцыі не прайшоў без скандалаў. Гледачы літаральна перакрыквалі вядоўцаў і прадстаўнікоў каналу крыкамі «Тлумачэньняў!». Тлумачэньняў так і не было, але пад сцэнаю гледачы трымаліся свайго і ўздымалі сьцягі.

Глюкі
Басіст «Глюкаў» - уладальнікі 3-га месца на Басовішчы-2008 - выйшаў на сцэну з узьнятым на дрэўку сьцягам, які пад бурныя авацыі перадаў гледачам. Аўтар фота: Юра Сідун.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0662 seconds.