Дваццаць шэсць

Кацярына Безмацерных

Калі табе шаснаццаць, цяжка ўявіць, як і што ты будзеш адчуваць, думаць і рабіць у дваццаць шэсць. А як наконт адваротнага варыянту? Мы штохвіліну змяняемся, сталеем. Але ці здольныя мы праз гады шчыра ўгледзецца ў нашы ўласныя ўспаміны і пачуцці, каб прыгадаць свае шаснаццаць гадоў? Мяне заўжды здзіўляла здольнасць да глыбокай рэтраспектыўнай рэфлексіі, якую мела журналістка і пісьменніца Каця Безмацерных. Гэтыя ўнутраныя пошукі станавіліся крыніцай для творчага росту, ад невялічкіх артыкулаў для падлеткавых выданняў кшталту «Бярозкі» і «Пераходных узростаў» да апавяданняў, што публікаваліся ў вялікіх «Маладосці» і «Дзеяслове». Гэта гісторыя пра яе, а таксама пра тых людзей, што былі вакол Каці ў ейнай творчасці.

А яшчэ гэта гісторыя пра чалавека, які ўмеў здзяйсняць свае самыя галоўныя мары.

Журфак

Ва ўніверсітэце душна, на парах гнусавы дэкан час ад часу пляце лухту. А ты думаеш пра сваіх герояў: хто цяпер па паддашках лазіць, хто аднаўляе штодзённыя рытуалы гарадскога жыцця «іншых».

Пэўна, яна магла б быць звычайнай студэнткай журфаку БДУ. Але «звычайнасці» не атрымлівалася і не хацелася ад самага пачатку. Паступіць без іспытаў проста праз эсэ, добрае эсэ, вучыцца чатыры гады, слухаючы любых тэатральных крытыкаў, літаратуразнаўцаў, закаханых у Срэбраны век, «прыгожых і шляхетных» выкладчыкаў журфаку, каб у пэўны момант, за год да сканчэння факультэту, знайсці метад (давялося пастарацца) сысці ў акадэмічны адпачынак. І здзейсніць адну з мараў: два месяцы Індыі. Пазней яна скончыць, нягледзячы на «ўсю бязглуздасць вышэйшай адукацыі», універсітэт разам з іншай плынню маладых аўтараў, што ўжо цяпер вядуць рэй у беларускіх медыя.

Індыя

Пэўны час Каця вандравала па Індыі адна. Яна пісала пра бамбейскія «пакоі люкс» за некалькі даляраў, пра пакрытыя попелам спаленых людзей і ахутаныя пахам смажанага бекону ўзгоркі свяшчэннага Варанасі, дзе на беразе Гангу стагоддзямі крэміравалі нябожчыкаў. Традыцыя крэмацыі наўпрост на вуліцы, на вялізным вогнішчы зрабіла ахапку дроваў неверагоднай каштоўнасцю ў гэтым рэгіёне. Самыя танныя цягнікі, забітыя індыйцамі, якія саступалі двум еўрапейскім дзяўчынам месца, — кавалак прасторы пасяродак людскога мора і, адначасова, звычайны эпізод ейнага падарожжа. Некаму яно магло падацца вар’яцкім. Але сябры захапляліся аповедамі: яна здзейсніла мару многіх такіх самых, як і яна, маладых і цікаўных.

Гэты год быў адным з самых лёгкіх і складаных адначасова. Час быў вяртацца на журфак, шукаць месца для размеркавання. Але з-за размеркавання яна не «парылася» (гэта ейнае любімае слоўца), і месца адпрацоўкі знайшлося неяк само, літаральна за месяц да апошняй магчымасці вызначыцца.

Журналістыка і творчасць

Але журналістыка — плынь надта хуткая, часам суровая. Кацю заўжды цягне да нечага больш маруднага, нетэрміновага, каб паразважаць час быў. Калі інтэрв’ю — то нешта разважлівае, з сустрэчай за вечаровай гарбатай, з паглыбленнем у душу героя. Эсэістыка — таксама клёўкая рэч. А бліжэй за ўсё — проза. Адтуль і думкі пра легендарны Літінстытут у Маскве, і першае вялікае апавяданне, скончанае ў 20 гадоў.

Каця піша з захапленнем, любоўю і няспынным агеньчыкам, што не дае ейнаму сэрцу спакою (прыкладна такім, дарэчы, бачыў пісьменніка адзін з Каціных любімцаў — Джэром Сэлінджэр). Пэўна, пісаць у падобным рэжыме вельмі цяжка. Амаль немагчыма: ты да канца выціскаеш сябе на паперу, таму на шматстаронкавыя творы ў дзяўчыны проста не хапае энергіі. Яна вывучае сябе патроху, і цягам спазнання свайго «я» і свету з’яўляюцца новыя замалёўкі і апавяданні. Да ўсяго напісанага: ад ліста сябру ці подпісу на паштоўцы да допісу ў блогу — яна ставіцца надзвычай сур’ёзна. Апошнія ў вандроўках спачатку пішуцца ў папяровы дзённік, а толькі пасля пераносяцца ў электронны варыянт, каб некалькі дзён пражыць у фрэндстужках сяброў.

«і чаму усім людзям хочацца падабацца камусь, хочацца, каб казалі, які ты таленавіты. Бязглуздзіца»

І ўсё ж нягледзячы на гэтую адрознасць журналістыкі ад літаратуры, калі газетную «лаканічнасць» цяжка ўжыць у пісьменніцкіх тэкстах, што патрабуюць «прамаляванасці» і дэталёвасці, Каця застаецца недзе паміж дзвюма стыхіямі, як і многія ейныя калегі. Але мара пра ўласную кніжку ўсё ж жыве…

Пры гэтым вострасацыяльныя, бліскучыя тэксты так рана адышоўнай журналісткі з Гародні Веранікі Чаркасавай захапляюць, паглынаюць. Як і ў Чаркасавай, галоўныя героі Каці — людзі. Тэмы не такія вострасацыяльныя, але характары не менш яскравыя. А як інакш, калі «нарадзіўшыся на планеце Зямля, немагчыма страціць інтарэс да людзей»? Праўда.

На першым курсе разам з аднагрупніцай Каця рыхтуе некалькі нумароў самвыдатаўскага часопіса «Асьпірынавы матузок». У адзін з нумароў трапляе ейны сакавіцкі дзённік. Каця піша яго падчас «сутак» на Акрэсціна. І пасля распаўсюджвае на Журфаку. Яна не вельмі любіць прыгадваць тыя сакавіцкія дзянькі 2006 году, што заглынулі жыццём палітычным: ночы ў намётавым мястэчку ля палацу прафсаюзаў, пасля разгон, затрыманне, суд і халодная камера. Пасля гэтых падзей стаўленне да яе збоку выкладчыкаў змяняецца: нехта пачынае больш дапамагаць, а нехта наадварот, прэсуе.

«пасля амаль усіх інтэрв’ю, якія брала ў сваім жыцці, я была шчаслівая»

Шчырасць

Амерыканскі пісьменнік Стывен Прэсфільд у сваёй кніжцы пра тое, як пераадолець «блок пісьменніка», кажа: «Большасць з нас мае два жыцці. Жыццё, якім мы жывем, і непражытае жыццё ўсярэдзіне нас». Пэўна, Каця жыла адразу тым жыццём, якое хаваецца ўнутры нас. Бо была шчырай, хаця гэта патрабавала ад яе намаганняў, нават душэўных пакутаў.

Адзін з ейных герояў, журналіст і музыка Віталь Сямашка, разважаючы пра магчымасць кампрамісу ў выпадку поп-музыкі, пазначае простую формулу, паводле якой жылі шмат хто вакол Каці. І, пэўна, яна сама: «Галоўнае КА— самавыказванне, самавыяўленне, свабода».

Быць стрыманай у жыцці і гучнай на паперы. У тэкстах пачынаючых аўтараў часам можна пабачыць шмат клічнікаў. Але ёсць выпадкі, калі гэтыя клічнікі арганічна спалучаюцца з тэкстам. З вопытам клічнікі ў Каці не губляюць сваіх пазіцый. Інверсій у сказах станавіцца яшчэ болей. Як і спасылак на адчуванні і духоўныя практыкі, далёкія ад мэйнстрыму, як і большасць ейных герояў. Яна ідзе супраць таго, што можна пабачыць у асноўных сацыяльных плынях грамадства. Але адбываецца гэта несвядома, і толькі там, дзе яна адчувае, што гэта патрэбна. І гэта шчыра.

Маці і беларуская мова

Каціну маці ведаюць, пэўна, амаль усе яе блізкія сябры. Яны і сяброўкі, і спадарожніцы на нялёгкім шляху беларускамоўнасці (разам калісьці перайшлі на белмову) разам адкрываюць часам забытыя, але такія мілыя беларускія слоўцы: «сочыва», «філіжанка», «лецішча», «рыж»… Каця занатоўвае выразы на каляровыя паперкі і клеіць на лядоўню, каб патроху вывучаць разам. І артыкулы захапляльныя на тыя ж тэмы ў выданні кшталту «Переходный возраст» піша. Прыемна дзяліцца ўласнымі адкрыццямі з светам!

«учора гнула маме сваю заўсёдную лінію: маўляў, надакучыла хадзіць ва ўнівэр адной і той жа дарогай, штодзень — адно і тое ж… А мама кажа: "Як дарога ва ўнівэрсытэт можа быць штодзень аднолькавай? Неба — штогадзіну рознае. Мінакі — розныя, надвор’е — рознае"»

«Каханне і натхненне»

«Страшэнны песіміст гэта выдумаў, што цуды толькі ў дзяцінстве на Новы год здараюцца. У свеце ж ёсць дахі і зоры, неба і мора. Каханне, натхненне і творчасць», — рамантычныя думкі пасля сустрэчы з прыгожымі творцамі ўзнікаюць у 19 гадоў. Каця сустракаецца з цудоўнай парай: мінскімі паэтамі, філолагамі ды музыкамі Верай Жыбуль (Бурлак) і Віктарам Жыбулем, духоўнымі сваякамі па самвыдатаўскім цэху (да верасня 2006 году сям’я паспела выдаць 25 нумароў «Вясковых могілак»). Яны раскрываюць для дзяўчыны «формулу кахання» (нешта пра хлор і натрый у вершаванай форме) і даюць парады чытачам «Бярозкі», што з гэтым каханнем рабіць, калі «рэакцыя» неспадзявана адбылася. Для «Бярозкі» пасля гэтага інтэрв’ю Каця будзе пісаць нячаста, але нечакана вернецца ў часопіс у новай якасці праз 5 гадоў. Яшчэ праз год часопіс для падлеткаў закрыюць, ператварыўшы ў частку буйнейшага выдання «Маладосць». У апошнія месяцы перад сканчэннем размеркавання Каціна прозвішча будзе з’яўляцца ў ім з пазнакай «рэдактар аддзела школьнага жыцця».

Бясспрэчна, Каця знайшла сябе ў творчасці, у рэдактарскай працы і працы з маладым аўтарамі. Яе захаплялі часіны, калі яна атрымлівала магчымасць выступаць перад школьнікамі, распавядаючы пра «Бярозку» ці працуючы з моладдзю, што прагнула, як і яна калісьці, пабачыць свае думкі ў вялікіх выданнях. За два гады з’явіліся хлопцы і дзяўчаты, што наважыліся не кідаць слова, і паступаць на факультэты журналістыкі. Каця пісала аб гэтым з шчырай, як і заўжды, радасцю.

Таму не так радасна было сыходзіць з часопісу дзеля вандроўкі. Тым больш «Бярозка» ў межах «Маладосці» займела сваё месца, з'явіліся новыя маладыя аўтары. І, вядома, шмат што Каця проста не паспела дапісаць, дараспавядаць, данесці нам. Але заўжды ёсць шанец пазнаёміцца з тым, што калісьці стварыла яна.

Некаторыя з аповедаў і эсэ Каці Безмацерных былі надрукаваныя ў тлустых часопісах, электронных выданнях. Некаторыя, напрыклад, «Як шпалеры», што ўпершыню з'явіўся ў «Маладосці» ў 2010, выйдуць у зборніках пазней (напрыклад, у кнізе прозы маладых літаратараў «Кахаць і верыць»). Але большасць з тэкстаў Каці засталіся ненадрукаванымі, многія — недапрацаванымі. Мы таксама публікуем некаторыя з іх.

Некаторыя тэксты Каці, надрукаваныя і не

Мастацкія 

Публіцыстычныя 

«мне ня трэба выдумляць сюжэты. Жыцьцё, гэтая магутная, мудрая і нястомная плынь, — таленавіты творца»

Вандроўкі

Адна з галоўных уласцівасцяў дарогі і вандровак — магчымасць яшчэ раз праверыць сябе ў незвычайнай, часам экстрэмальнай сітуацыі. І наблізіцца да спазнання: хто ж ты, нарэшце, ёсць? Пэўна, прага да вандровак знікае яшчэ і таму, што мы сталеем, шмат у каго з’яўляецца жаданне «віць гняздо». Вандроўкі — справа найперш маладосці.

«зьбіраю заплечнік у Піцер і ўжо адчуваю водар ДАРОГІ і трасаў. Напэўна, гэта найшчасьлівейшыя моманты маёй засьмечанай усялякай фігнёй жытухі»

Аўтаспын — гэта частка вандровак і цэлая жыццёвая філасофія. І не толькі для Каці: у двухтысячныя вандраваць аўтаспынам модна, цікава, захапляльна. Нехта спынам едзе ў Крым, нехта — у Амстэрдам. Але для Каці важна не канцавая кропка, мэта, але сам працэс. І яна штораз з нейкай рэлігійнай упартасцю выходзіць на трасу ўвечары і ўзімку, цягнучы вялікі 20-кілаграмовы заплечнік з намётам і іншымі бэкпэкерскімі радасцямі за плячыма. Аўтаспын без сумневаў выбіраецца нават тады, калі прасцей і танней ехаць на грамадскім транспарце, на бацькоўскай машыне, ці проста нікуды не ехаць. Яна злуецца і тупае нагамі, калі я замест чарговай развязкі на выездзе з чарговага гораду прыводжу яе на вакзал. «Такі мой аўтаспын», — гэта ўся яна.

«неяк незаўважна перастала баяцца ездзіць аўтастопам адна. А потым, у самоце на трасе, перастала баяцца ночы: ну, і няхай, сама намёт ля дарогі пастаўлю… Так мне адкрыліся яшчэ дзве важныя каштоўнасці: незалежнасць, самадастатковасць, калі становіцца ўсё адно — адзін у дарозе ці з сябрам. А таксама адкрытасць свету, людзям, новым знаёмствам — са спадарожнікам так не атрымаецца».

Каця не вандруе надзвычай далёка: пераважна гэта бліжэйшыя краіны. Самі вандроўкі не зацягваюцца надоўга. Аўтаспынная вандроўка ў Індыю, гісторыю якой яна паспела апісаць у некалькіх артыкулах для Generation.by, мусіла стаць самай вялікай і працяглай. Так і адбылося. У дзень, калі Каця, амаль дабраўшыся да Індыі, трапіла ў аўтакатастрофу ў горнай правінцыі Пакістану Гілгіт-Бацістан, ёй споўнілася дваццаць шэсць.



comments powered by Disqus
 
In 0.0447 seconds.