«Калі не сьпяшацца ў сэксе, то ён будзе ўсё менш сэксуальным, але больш духоўным»: пра ідэалёгію тантры і людзкія стасункі

Калі тантра выклікае толькі асацыяцыі з загадкавым «тантрычным сэксам», чытаем і спрабуем разабрацца, што ёсьць тантра, як успрымаць партнэра Богам ці Багіняй, у каго ўлюбляюцца людзі і ў чым сакрэт тантрычнага сэксу. Пра тантру ў жыцьці, пра комплексы й каханьне размаўляем з «практыкуючай тантру» Сьвятланай.

Кветкавая зямля — воблачнае неба, левае паўшар’е мозгу — правае, інь — янь. Сумяшчальна-несумяшчальнае, фатальнае прыцягненьне і канфлікт ва ўзнагароду. Тантра — ўзаемадзеяньне мужчынскага і жаночага, імкненьне памірыць усе супрацьлегласьці ў сьвеце.

Вы дасканалыя як Бог!

Тантра — панятак у тэорыі шматзначны і шматслойны, як і ўся няпростая ўсходняя культура. Але ж ляканічнае азначэньне можна сфармуляваць так: практыкі і вучэньні будызму, індуізму, бон, Нью-Эйдж, псыхатэрапіі. Альбо шлях да прасьветленасьці, у якой я — Буда і ты — Буда. Гэта не рэлігія, не, а хутчэй мэтады дзеля пашырэньня чалавечых здольнасьцяў.

Мудрая тантра прагне памірыць і аб’яднаць у гарманічную цэльнасьць усе супрацьлегласьці на сьвеце. Яна не супрацьпастаўляе духоўнае і цялеснае і, прымаючы чалавека такім, які ён ёсьць, ня ганьбіць усе магчымыя інстынкты, натуральныя патрэбы й жаданьні.

Тантры ёсьць дзьве асноўныя: «левай рукі» ды «правай рукі». У першай на чале жаночы пачатак — мудрасьць, кветка сьвяшчэннага лотасу як сымбаль. «Правая тантра» прызнае лідэрам мужчынскае — актыўнасьць і цьвёрдасьць ня горшая, чым у дыямэнта.

«Тут і цяпер вы дасканалыя як Бог, як Багіня!» — сьмела сьцьвярджае ключавое выслоўе Тантры. І вашая другая палова — таксама Бог.

«Закахацца можна толькі ў таго, хто любіць сябе, але не наадварот»

Індыйскі майстар Оша казаў у «тантрычных» лекцыях:

«Адбываецца наступнае: людзі амаль замарожаныя; яны носяць сваё цела як каркас. Цяжкі, што перашкаджае, не дазваляе ўзаемадзейнічаць з рэчаіснасьцю. Вы асуджаеце сваё цела, заўсёды вышукваеце ў ім недахопы. Ніколі не ўхваляеце, ня любіце яго, але прагнеце цуда… прыйдзе нехта і палюбіць вашае цела. Калі вы самі ня здольныя любіць, ніхто іншы не палюбіць, таму што вашыя вібрацыі будуць стрымліваць навакольных. Закахацца можна толькі ў таго, хто любіць сябе, але не наадварот».

Тантрычны сэкс

Тантра
Выява старажытных скульптураў на сьценах індыйскага тантра-храму ў Кхаджураха,
пабудаванага ў пэрыяд з 950-1050 гадоў н.э. Фота: florchik.

Дыхальныя і гімнастычныя заняткі, мэдытацыі і мантры і, нарэшце, самае славутае — тантрычны сэкс — усё гэта практычная тантра.

Сэкс у тантры — сродак духоўнага самаўдасканаленьня, дарога бяз мэты. Знаўцы кажуць, што гэта ўменьне адчуваць сем чакраў — энэргетычных цэнтраў чалавека.

Паводле тантры, сэкс — гэта адзін з мэтадаў абудзіць заснулую энэргію кундаліні, што схавалася ў ніжніх чакрах, і, прагнаўшы праз пазваночны канал сушумну, узьняць да больш высокіх энэргетычных цэнтраў. Маруднасьць, каб пасьпець асвоіцца у новых, энэргетычна больш «высокіх» узроўнях, усьвядомленасьць кожнага імгненьня, уменьне даваць.

Кажучы па-просту, на фізычнай асалодзе тантрысты не заганяюцца, бо ня менш важнае дасягненьне энэргетычнага камфорту. Таму тантрычны сэкс зазвычай доўгі ча часе.

Дарэчы, тантрычныя практыкі маюць на ўвазе толькі аднаго партнэра. Інакш — далоў усе дасягненьні і ты зноў вяртаесься на старт.

«Калі вы не сьпяшаецеся завяршыць палавы акт, то ён паступова становіцца ўсё менш і менш сэксуальным і ўсё больш і больш духоўным»

Вось што кажа пра Тантру Оша:

«Калі вы ўваходзіце ў сэкс, вы сьпяшаецеся. Вы жадаеце толькі палёгкі. Будзе вызваленая энэргія; вы адчуеце сябе свабоднейшымі, спакайнейшымі. Але гэты спакой уяўляе сабой проста слабасьць.

Калі вы не сьпяшаецеся завяршыць палавы акт, то ён паступова становіцца ўсё менш і менш сэксуальным і ўсё больш і больш духоўным.

Паміж энэргіямі двух цел адбываюцца глыбокія маўклівыя зносіны, і тады вы можаце заставацца разам гадзінамі. Але не разважайце. Заставайцеся глыбока пагружанымі ў цяперашні момант. Гэта становіцца экстазам, касьмічнай сьвядомасьцю».

Каханы як люстэрка таго, чаго ў вас няма

Сьвятлана носіць клятчасты сьпінжак стылёвы ды кажа, што ў жыцьці яе — аніякіх прынцыпаў. Цяпер яна нырнула ў фэн-шуй, а ў мінулым было дзяцінства з індыйскай філязофіяй, затым кітайская мэдыцына, даасізм, жыцьцё ў тантрычным ашраме… Пра мужчыну і жанчыну яна разважае так:

«Тое, чаго ў вас няма, ёсьць у каханага, але вы ня можаце гэта зразумець, бо ў вас жа гэтага няма. Ваш выбранец, як правіла, гэта люстэрка таго, чаго ў вас няма. Альбо тое, чым вы зьяўляецеся, але зусім зь іншага боку, як дзень і ноч.
Вас прыцягвае каханьне, але вы адчуваеце, што ў вас няма нейкіх мэханізмаў, каб прыняць чыста на чалавечым узроўні партнэра… Гэта самае вялікае выпрабаваньне.

І што робіць тантра? Кажа, што ўсё пачынаецца зь любові да стваральніка, да жыцьця. Калі гэта ёсьць, ты можаш прыняць любога чалавека».

Ну, а што без канфліктаў параў хіба не бывае?

«Проста карэнны канфлікт у жыцьці — гэта інь і янь, але паасобку яны ня могуць таксама. Паглядзіце на жывёл. У іх няма канфлікту толькі тады, калі яны займаюцца вытворчасьцю дзяцей. Астатні час яны дзеляць тэрыторыю, кожны жыве сваім жыцьцём. Рэдкія жывёлы жывуць у парах. Ну, і чалавек жыве, які гэта прыдумаў сам, спачатку ж было па-іншаму. Ёсьць у нас туга па ідэальнай духоўнай пары, але я нават у ашраме такой не сустракала».

Якія зьмены адбыліся ў тваім жыцьці апасьля заняткаў тантрай?

«Ды якія зьмены? Мне здаецца, што людзі ў сваё задавальненьне гэтым займаюцца, таму што сэрца патрабуе. Сутнасьць застаецца ўсё адно той жа! Проста яны разумеюць, што ёсьць нейкі іншы ўзровень жыцьця і ідуць на яго».

Дык як жа тады тантра з штодзённым жыцьцём суадносіцца?

«У тантрычных практыках мужчына ўспрымае жанчыну як Шакці, жанчына мужчыну — як Шыву. Але гэта ўсяго практыка… Хіба будзеш ты так жыць у звычайным жыцьці? Я ведаю толькі адну парачку, у якіх гэта атрымліваецца. Яны, канешне, прайшлі праз усё! Але яны займаюцца баявымі мастацтвамі, тайцзы і ўсялякім іншым, яны глыбока духоўныя…»

Калі ў будзённым жыцьці ўсё застаецца звычайным, дзеля чаго ўвогуле тады патрэбна?

«Як любы духоўны шлях, ён існуе як шлях. І каб нечага дасягнуць, патрэбна выпадковасьць. Накіраванасьць і выпадковасьць».

Псыхіятар Станіслаў Гроф сьцьвярджае, што даволі часта для сучаснага чалавека сэкс — гэта нешта накшталт самасьцьвярджэньня. Але варта перайсьці на нейкі іншы ўзровень разьвіцьця, уяўленьні пра сэксуальнасьць каардынальна зьмяняюцца…

«Мне здаецца, што усе адносіны па-за тантрай, па-за духоўнасьцю… зьяўляюцца нейкімі жывёльнымі».

У нашых галовах да халеры страхаў і комплексаў схавана… Напрыклад, страх быць кінутым, комплекс непаўнавартасьці. Можа чалавек сябе падманваць з гэтым самым каханьнем?

«Канешне! У сьвеце вельмі часта адбываецца эксплюатацыя каханьня! Казачкі пра прынцэс, прынцаў, якія мы чытаем у дзяцінстве, якімі мы захапляемся… Наша сьвядомасьць зацыкліваецца на гэтым і ў нейкі момант вымушае нас рэалізоўваць гэта. І гэтая прастытуцыя сямейная, калі людзі ўтрымліваюць адно аднаго незразумела, на якіх узроўнях. Але зь іншага боку… чым гэта горш?»

Таму што ўсё ёсьць майя і гульня? І якая розьніца, якая гульня?

«Так, так».

Аднойчы я займалася тантрычным дыханьнем і ніяк не магла прыняць партнэра. А потым падумала: можа, сябе не прымаю, таму і партнэр не падабаецца?

«З аднаго боку так. Але ў тантры партнэр Бог, як ты можаш яго не прыняць?»

Цімаці Ліры на сэансы ЛСД-тэрапіі імкнуўся запрашаць мужа і жонку, бо паміж удзельнікамі маглі ўтварыцца моцныя сувязі. Як так?

«Усё, што тычыцца расшыранага стану сьвядомасьці — ЛСД, Дыханьне, Тантра — прыносіць іншы ўзровень успрыманьня чалавека. Вы мне не далі цукерку. Я магу паглядзець чыста па-чалавечы: сквапная там, пакрыўдзіцца. Але можна глядзець з узроўню вышэйшага, і яшчэ вышэйшага, і яшчэ. І ўрэшце рэшт якое шчасьце, што менавіта ты зьела гэтую цукерку!»

А што такое каханьне?

«Узаемадзеяньне энэргій. Але сапраўднае каханьне не для ўсіх!»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.