«Студэнцкая Думка» 1928-га году: «хоць зарэж – вучыцца немагчыма!»

Студэнцкая думка 

«Студэнцкая думка» — продак той каляровай і глянцавай, якую мы ведалі ў 2000-я – упершыню выйшла ў Вільні, у 1924 годзе. У іх ня было акаўнтаў у ЖЖ, мабілак ды нават электроннай пошты, але тэмы ў жывых галасох студэнтаў, якія назаўсёды засталіся ў часопісе, амаль тыя ж самыя, пра якія гавораць ды пішуць сёньня. Гэтак жа як і цяпер на ляноту да вучобы скардзяцца ў Livejournal, скардзіліся амаль стагодзьдзе таму беларускія студэнты ў папяровым часопісе, разважалі пра беларускамоўнае навучаньне ў БДУ, спрабавалі ствараць студэнцкія аб’яднаньні.

«Студэнцкая Думка», 1924 год.

Часопіс «Студэнцкая думка», далёкі продак таго, які мы ведалі ў 2000-я, упершыню выйшаў у Вільні, у 1924 годзе. Выданьне, адольваючы фінансавыя праблемы і канфіскацыі ўладамі, будзе жыць да 1935 года: 11 гадоў працягласьцю ў 15 нумароў.

«Студумка» 20-30-х – гэта цьвёрдая нацыянальная пазыцыя і беларускае адраджэньне. Гэта Станіслаў Станкевіч, Шкілёнак Мікалай, Шутовіч Янка, Адольф Зянюк – тады яшчэ маладыя і палкія, тады яшчэ студэнты! – і шмат хто.

У №1 за сьнежань 1924 года, у праграмным артыкуле, чытаем:

«… Пасьля вайны і рэвалюцыі на Ўсходзе, пасьля падзелу Беларусі дужэйшымі суседзямі, пасьля патаптаньня імі найсьвяцейшага Ідэалу нашага народу – моладзь апынулася ў стане страшэннае духовае дэпрэсіі…»

Беларускія студэнты

У 20-я – 30-я гады студэнты Савецкай Беларусі навучаліся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, Сельска-Гаспадарчай Акадэміі ў Горы-Горках. У 1934 годзе ў «Студэнцкай думцы» знаходзім наступную інфармацыю:

«Колькасьць беларускай моладзі студыюючай у вышэйшых школах Польшчы здаецца не перавышае лічбы 200. З гэтага 100 асоб студыюе на Віленскім унівэрсытэце, больш 50 у вышэйшых школах Варшавы і каля 50 у школах іншых месцаў…»

Беларусы навучаліся ў Рызе, у Бэрліне, у Льежы (Бэльгія), у Празе, дзе ўтварылася буйная суполка Аб’яднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў. АБСЕ вядзе зносіны са студэнтамі ўсяго сьвету, а ў 1926 годзе прымаецца сябрам Міжнароднае Студэнцкае Канфэдэрацыі (CIE).

У 1928 годзе студэнт В.Лаўскі піша пра чэскіх беларусаў у часопіс:

«Апошнія гады прыносяць нам зьмяншэньне нашае калёніі ў Празе. Беларускія студэнты, набыўшы вышэйшую асьвету, пакідаюць Прагу і вяртаюцца туды, дзе яны больш патрэбны, — на Бацькаўшчыну». 

БДУ і габрэі

У  №2 за 1928 год – артыкул Кнігара «Труды Белорусского государственного университета», пра «Універсытэцкія запіскі» з адпаведным найменьнем за 1922 год.   

Аўтар глыбока пакрыўджаны ўнівэрсытэцкім выданьнем. “Крыклівая” ж беларусізацыя на дварэ стаяла, а ў кніжцы — зусім-зусім бяз родных тэмаў! Затое мы сустракаем такія артыкулы, як «Феодализм в древнем Израиле», «Стихотворения Гейне в переводе Тютчева»…» Знаходзім і такую інфу пра БДУ, што гэтаксама кранае аўтара:

«Факультэт грамадзскіх навук мае 4 сэкцыі: рускай мовы, беларускай, польскай і жыдоўскай, і ні ў аднэй з гэтых сэкцыяў (апрача, зразумела, беларускай) няма абавязковай беларускай мовы; яна істнуе ў кожнай сэкцыі па дабравольнаму выбару, яе вывучаюць тыя, якія йдуць у беларускую сэкцыю г.ё. Беларусы, якія яе й так ведаюць…»

У артыкуле займальная статыстыка студэнтаў БДУ, якіх 1750 чалавек, па нацыянальнасьці:

«Беларусаў………………………………..396 (29 проц.)
Жыдоў ……………………………….904 (66.1)
Вялікарусаў………………………………43 (3.2)
Палякаў…………………………………….8 (0,6)
Іншых ………………………………………15 (1) »         

Слова жыды, аднак, тлуста вылучанае ў часопісе, нэгатыву ў сабе не хавае, бо ўсяго тагачасны замяняльнік сучаснага «габрэі».

Студэнцкая думка 

Жывыя галасы студэнтаў

Студэнты пачатку стагодзьдзя крыху непадобныя да студэнта сёньняшняга, а зрэшты… вельмі  падобныя!

Юнак пад псэўданімам Сумны ў 1925 годзе пакідае на старонках часопіса вось што:

«…І ён у чужыне апынуўся,
Ды шчасьця ўжо і тут няма,
Бо ў Беларусі ён радзіўся,
А без яе ўвесь сьвет турма…»

А вось асоба, што назвалася Студэнтам Беларусам, у 1930 годзе дасылае ў рэдакцыю ліст, паўнюткі энтузіязму:

«БЕЛАРУСКАЕ СТУДЭНСТВА Ў ВАРШАВЕ.

Калі першы раз я ехаў у Варшаву, мне было жудасна пры думцы, што там, закінуты далёка ад родных хатаў беларускіх, ад загонаў нашых бедных, я буду адзін… Цяпер сьмяюся з сваіх наіўных прыпушчэньняў , бо знайшоў тут, чаго не спадзяваўся – спаткаць у Варшаве студэнтаў – беларус аў? … Што робяць? Сельская гаспадарка, праца на Палітэхніцы, вэтэрынарыя, прырода і матэматыка, нарэшце багаслоўе... Гэта ў гадзіны заняткаў, а ў вольныя хвіліны знаёмімся з жыцьцём беларускім і стараемся аб’яднацца ў адзіную арганізацыю… … Цяжка ідзе легалізацыя гуртка. Можа дзеля таго, што мала нас, а можа і таму што мы – беларусы?! Аднак не пакладаючы рук ідзем да пэўнай мэты: стварэньня Беларускага Студэнскага Саюзу ў Варшаве»

Студэнт-філёзаф Францішак Грышкевіч дзеліцца з часопісам у 1928 годзе:

«…Раптам нешта, як нажом па горле, зашчэміць, апіража і зацісьне; кідаеш кнігу, як нешта абрыдлае і нягоднае… Думку парывае нейкая бурлівая хваля і нясе яе чым далей ад кнігі і надыходзіць знаная ўжо добра “студэнская хвіліна”. “Зарэж – вучыцца немагчыма”.  … Скажуць – гэта гультайства, абломаўшчына. Скажуць: нямецкі студэнт гэткіх “хвілін” ня знае і не патрабуе, гэта славянская духовая анармальнасьць. Пардон! Знаюць яе ўсе студэнты сьвету…  Пачынаючы кляшторную школаю, а канчаючы амэрыканскім “унівэрсытэтам” – усюды гэты закон».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0566 seconds.