Мая заплечнікавая свабода

Кацярына Безмацерных

«Такое радаснае, псыхадэлічнае і такое бессэнсоўнае — мой аўтастоп», — дзеліцца экспірыенсам аб сваёй «Бібліі і рэлігіі» — Дарозе — бывалая аўтастопшчыца і даўні аўтар Generation.bY Кацярына Безмацерных.

Цяпер я меней чытаю кніжак. Бо ня менш займальна чытаць жыцьцё. А асабліва калі з аўтастопам, упіскамі, крымскімі зоркамі замест столі, з кіроўцам-дальнабоем, які вязе з Галяндыі кветкі альбо самалёт. У вольных падарожжах не люблю мапы, затое люблю свой 75-літровы заплечнік і законы быцьця, якія выразнымі гэткімі больш нідзе не бываюць. І таго, каму наканавана стаць табе спадарожнікам, больш нідзе так не разгледзіш, не спазнаеш. Віват табе, Дарога! Мая рэлігія і Біблія.


Фота Алеся Герасіменкі

Дарога, якая на двух — адна

І нават калі спадарожнікі сябрамі мне ня сталі, усё адно — на гады родныя людзі. Для спазнаньня Іншага, Дарога — ў тры разы больш крута, чымся разам у кіно. Альбо ў лазьню.

Вось блізкага сябра Андрэя я ведала, як упэўненага і таварыскага. А ў Дарозе дазналася, што такое Страх Андрэеў, які дагэтуль глыбока хаваўся. Ноч, і намёт у варшаўскім парку, і сабакі брэх ня ў тэму, і мой сябар, страхам — колераў, як ноч — апантаны. Ён нэрвова глытае брэндзі, каб у ап’яненьні забыцца. Скамечаная, хваравітая ноч без сну ў нас атрымалася. Потым, калі да паўднёвай мэты нашай даехаць мы не пасьпеем, я буду плакаць, крыкліва злавацца і нагамі тупаць — Андрэй разбэшчаную дзяўчынку пабачыць.

Але мы становімся яшчэ больш роднымі, бо ведаем цяпер адно аднаго і такімі.

З Кальянычам у вольных Дарогах нарадзілася ў нас невытлумачальнае адчуваньне адно аднаго. Я сьцерагу заплечнікі, а мой непараўнальны дружа выпраўляецца ў Інтэрнэт-кавярню. Пасьля тусавацца з заплечнікамі будзе ён, а ў Інтэрнэт — я. Дзіўным чынам я выбіраю менавіта той комп, за якім тры хвіліны таму знаходзіўся Кальяныч. Альбо, не-аматарка-мапаў, я заблукала ў густоўна неахайных піцерскіх дворыках. Ня ведаю яшчэ дзеля чаго, але трапляю ў краму. А ў краме, аказваецца, маё выратаваньне ўсьмешлівае — Кальяныч. Пазьней, у жыцьці без упісак і заплечнікаў, ён будзе тэлефанаваць менавіта тады, калі гэтага найбольш хочацца.

Хлопец і дзяўчына — выгоднае спалучэньне ў вольнай Дарозе. З рознымі юнакамі дзяліла я сваю заплечнікавую свабоду. І таму мой аўтастоп — гэта яшчэ і псыхалягічная лябараторыя па дасьледаваньні моцнага полу, а заадно і сябе — як дзяўчынкі. Сланечнікавае ўкраінскае лецейка і Жэня, студэнт-фізык, са мной на трасе. Мяккую паўднёвую ноч напралёт мы шпацыруем па Сымфэропалі — горадзе, што спрэс аднапавярховыя дамкі мілыя.

Жэня свае інтымныя гісторыі няўдалага каханьня мне выкладвае і яшчэ свае гісторыі, і яшчэ… Пазьней у асабістым дзёньніку я накрэмзаю, пакрыўджаная: «Самадастатковы эгацэнтрыст!» Бо ноч напралёт — свае гісторыі. Як дыктар па радыё, які ніколі не пацікавіцца: «А якія гісторыі з табой адбываліся? А які настрой у цябе цяпер?»

Праз паўтары гады я зноўку ноч напралёт па чужым горадзе шпацырую. На гэты раз зімовы Люблін, на гэты раз хлопчык Алесь. Але, Божа, якое цікавае падабенства! Алесь свае інтымныя гісторыі любові да Фрэдзі Мэркуры мне выкладае, і яшчэ свае гісторыі, і яшчэ… Зноўку ноч напралёт — свае гісторыі, без усялякага: «А якія гісторыі з табой адбываліся?»

І я раптам зразумела, што прапрапрадзеды хлапечыя ў лясах на самоце палявалі, а мая прапрапрабабуля дзяцей няньчыла і, канешне ж, мусіла добра адчуваць і цікавіцца тым жывым арганізмам, які побач. Затое мае спадарожнікі-хлопчыкі дазваляюць мне не любіць мапы. А калі, сур’ёзныя, яны з далейшым ходам дзеяньня разьбіраюцца, я бесклапотна вітрыны ў крамах і людзей разглядаю. І мне ўжо ня крыўдна, калі на трасе я нязьменна і пакорліва плятуся ззаду, разглядаючы сьпіну хлапечую.

Дарога ўмее асьвятляць тое, што раней хавалася, не ўсьведамлялася. Тут нараджаецца каханьне і сяброўства альбо разбураецца тое, што сяброўствам падавалася. Свабодныя вятры на трасах здольныя зьдзьмуць і лопнуць вясёлыя балёнікі закаханасьці.

Бывае, што ў Дарогах старыя фенькі прыцьмелыя рвуцца, губляюцца. Але губляць — так жа натуральна, як паміраць ды нараджацца. А губляючы фенькі старыя, месца для новых раптам вызваляеш.

Тут і цяпер

Мае законы быцьця, якія ў паўсядзённасьці навідавоку не валяюцца, у вольным падарожжы раптам гэткімі выразнымі становяцца, што не абмінуць іх.

Вось, напрыклад, праўдзівасьць майго ўлюбёнага «тут і цяпер» Дарога даказала.

Летась у Карэлію, зь яе першабытнымі вядзьмарскімі імхамі ды дзікімі скаламі, здымач я не ўзяла. І дзёньніка не вяла. Бо раптам адчула, што ўсё гэта — спроба засьпіртаваць жыцьцё і цягнуць яго ў будучыню. А засьпіртаванае жыцьцё — мёртвае. А яшчэ, калі за сабой яго цягнеш, — сьпіну абцяжарвае, ТУТ і ЦЯПЕР падмяняе… Ды і занадта псыхадэлічнае, неабдымнае яно, жыцьцё гэтае, каб разьмясьціць на паперы дзёньніка альбо на фота. І ў Карэліі мне засталося так мала і так шмат — мудрае й простае ТУТ і ЦЯПЕР.

Тое, што любоў і сяброўства існуюць толькі ТУТ і толькі ЦЯПЕР, я таксама адчула ў Дарозе. Самотная ноч аўтастопная, я і паветра бязважкае, я і цішыня цёмна-сіняя. А мая самота — такая прыгожая і такая хрустальная. Застопліваю кіроўцу. І мы імчымся па трасе. Праз ноч, у якой ні канца, ні пачатку. А вакол лес — вусьцішны і чорны. Дзіўная рэч, мне цёпла і зразумела з гэтым драйверам, якому пяць дзесяткаў гадоў і які шансон слухае.

Праз чатыры гадзіны я буду ў менскай кватэры, чорны лес, траса і кіроўца стануць забытым сном. А пакуль, пакуль ён самы родны чалавек у цэлым сьвеце!

Упіскі й людзі, людзі. Добрыя і гасьцінныя людзі, а лепш — сябры. І нават зусім ня страшна, што, сыходзячы на ветраную трасу, я разьвітваюся зь імі назаўжды.

***


Фота Кацярыны Кузінай

На захадзе лета шпацырую па Менску са сваёй духоўнай сястрой Мірай.

«Мяне захапляе, што зараз я побач з чалавекам, які праехаў столькі кілямэтраў стопам і столькі пабачыў!» — кажа сяброўка.

«Але ТУТ і ЦЯПЕР мы шпацыруем з табой па цэнтры Менску… Мае натхнёныя дарожныя станы падаўна разьвеяліся. І якое значэньне цяпер маюць гэтыя кілямэтры? Хіба толькі можна корпацца ў мінулым, каб напісаць аповед у чарговы самвыдатаўскі аўтастопны зборнік, за які нават ганарара не заплацяць», — адказваю ёй.

Такое радаснае, псыхадэлічнае і такое бессэнсоўнае — мой аўтастоп. А з удзячнасьцю адпускаць, не чапляцца за людзей і мінулае — свабодных і шчасьлівых мастацтва.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0645 seconds.