СКВОТ: выспа свабоды ў вялікім горадзе

Здолелі б жыць у закінутым доме ды яшчэ й нелегальна? Большасьць людзей марыць пра ўласны жыльлёвы куточак. А ёсьць людзі, якія жывуць у сквотах. П’ю лагодна-цёплую гарбату, хутаюся ў футра. Рукі мерзнуць, аднак… І усё ж неверагодна радасна! Бо я ў самым сапраўдным СКВОЦЕ - маленькай высьпе анархіі ў горадзе Варшава. 

Газавая пліта. Лядашчая шафа. Састарэлая канапа. Сьвечкі, блякла-аранжавы паўзмрок, цені па неахайных сьценах без  шпалераў таньчаць...

ПРА СКВОТЫ 

Сквот (па-ангельску squat) – нелегальна занятае памяшканьне, ператворанае ў калектыўнае жытло і цэнтар вольнага мастацтва. У іх жывуць андэграўдныя мастакі, панкі, анархісты. Шырокі распаўсюд сквоты атрымалі ў «кветачныя» 60-я – часы росквіту гіпоўскіх камунаў. Другая хваля скватаваньня забурліла ў 70-я – разам з нараджэньнем панку і модай на анархізм. Тыповы эўрапейскі сквот – закінутая фабрыка альбо ангар. У Расеі – расьселены жылы дом.

Зьява скватаваньня - своеасаблівы выклік дзяржаве: маўляў, будынкі трэба выкарыстоўваць эфэктыўна! У краіне ж ёсьць кінутыя памяшканьні ды разам з тым жывуць шчэ і бамжы без жытла.

Бывае, што маленькія куткі свабоды набываюць цалкам легальны падмурак. Так  адбылося са сквотам «Хрысьціянія» у Капэнгагене. Яшчэ ў 1978 годзе ён цалкам афіцыйна атрымаў статус культурнага цэнтру.

ВАРШАЎСКАЕ 

У Польшчы сквоты ёсьць у Бяла-Падлясцы, Глівіцах, Познані (самы ўнікальны: яму ўжо зайздросных 12 гадоў!), Вроцлаве, Варшаве. Аднак, толькі зрэдзьчас узаконеныя, яны жывуць нядоўга. Але ж адны паміраюць, ды нараджаюцца новыя!

Варшава. На момант нашай вандроўкі сквот тут дзейнічаў усяго адзін – двухгадовы. Патрэбная глухая вуліца зварочвае ў самым неверагодным напрамку, мы заклапочаныя дбайнымі пошукамі. (А ў Расеі, дарэчы, гэтыя самыя аазісы камуністычнага жыцьця ўзьнікаюць падчас нават у людным цэнтры горада!)

…Варшаўскі сквот абнесены высокай агароджай, што замыкаецца нанач. Ён двухпавярховы, беласьнежны, размаляваны каляровымі графіці. Некаторыя ж маюць яшчэ і сьцяг на даху. Цёмны вузкі калідор з шэрагам пакояў. Паўдзясятак ровараў. Ровары – улюбёны транспарт многіх сквотэраў. Старажытная драўляная лесьвіца вядзе на другі паверх. Ані цёплай вады, ані электрычнасьці!.. Праўда, ёсьць печкі. Але падчас нашага гасьцяваньня тапіць іх было ўсім у падлу…

Мы разьмяшчаемся ў пакоі анархіста Яцэка. Яцэк – абаяльны студэнт-мэдык, заўсёдны жыхар сквота, у якога няма дома. Ён неверагодна прыемны суразмоўца, хаця і гутарым мы на невытлумачальным «кактэйлі» з польскіх, беларускіх і ангельскіх словаў. У пакоі дзьве канапы, на стале – тоўстая-тоўстая сьвечка, кніжка Кафкі па-польску і мяхі зь невядомым зьместам. Кладземся спаць пад дзьвюма коўдрамі, у трох швэдарах.

Звычайна ў нас тут жыве чалавек 7-10, – распавядае гаспадар. – Ладзім масавыя прагляды кіно, канцэрты, акцыю «Food not Bombs».  

Дык у вас тут і дзіця жыве? – паглядаю са зьдзіўленьнем на каляску.

Не, у госьці да нас прыехалі! 

І яшчэ, – папярэджвае Яцэк, – на кухні нельга піць алькаголь і есьці мяса.

Зразумела. Яны, што тыпова сярод анархістаў і панкаў, стрэйт-эйджэры і вэгетарыянцы.

А праблемаў з ўладамі няма? 

–  Не-а. Гэты будынак належыць адной прыватнай фірме. І думаю, у хуткім часе яны нас высяляць адсюль…

Перад сном шпацырую ў прыбіральню. Бяру ліхтарык, набіраю кубак халоднай вады на кухні, бо звычнай сыстэмы змываньня тут нямашака. Кручка знутры таксама няма, затое сьцены ўпрыгожваюць штучныя кветкі.

Ня думайце, жыхары сквотаў не няшчасныя бяздомныя. Яны вельмі прыязныя і нават шчасьлівыя людзі!
        

А Ў НАШАЙ БЕЛАРУСІ?

А ў Беларусі былі толькі спробы скватаваньня.

Вось, напрыклад, у 80-я ў Лідзе. Нефармальная моладзь акупавала кінуты дом на ўскрайку горада ды назвала яго «Востраў Свабоднай Творчасьці». Тут выдаваўся незалежны часопіс без цэнзуры, існаваў тэатар, танцавальная студыя па брэйк-дансу, ладзіліся канцэрты і літаратурныя чытаньні. Праз 5 месяцаў вольную моладзь разагналі…

У 2000 годзе Беларуская Асацыяцыя Анархістаў зладзіла ў Менску акцыю скватаваньня. У самым цэнтры горада  быў сабраны мітынг, захоплены будынак. Размалявалі сьцены, непараўнальны Стас Пачобут (анарха-легенда 90-х DEVIATION) распачаў дзёрзкія песенькі пад гітару сьпяваць. Ужо праз 30 хвілінаў прыйшлі злосныя людзі ў штацкім…

А літаральна летась сталічныя энтузіясты-дзі-ай-уайшчыкі замуцілі ня тое каб сквот, а камуністычны дом з заўжды адчыненымі дзьвярыма, што здымаўся за грошы. Сабралі бібліятэку самвыдатаў, зрабілі рэпэтыцыйную кропку для музыкаў. Толькі вось піўка там папіць – заўжды так, а каб посуд памыць ці добраахвотна ахвяраваць матэрыяльныя сродкі – не-а!.. Заўжды адчыненыя дзьверы зачыніліся. І больш не адчыніліся ніколі. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1412 seconds.