Болей за 120 чалавек жорстка затрыманыя на канцэрце ў Менску

124 наведвальнікі канцэрту ў падтрымку ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» былі затрыманыя 24 сакавіка ў доме культуры Менскага трактарнага заводу. Супраць прыкладна 16 зь іх высунутыя абвінавачаньні. Іх зьмест невядомы, але да панядзелку маладых людзей будуць трымаць на Акрэсьціна.


У час затрыманьня ля дому культуру МТЗ. Фота abc-belarus.org

24 сакавіка ў доме культуры МТЗ быў заплянаваны канцэрт у падтрымку міжнароднай ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» (Food not bombs). Чакаўся выступ васьмі гуртоў.

Аднак у час выступу першага гурту ў залю ўварваўся АМАП, які жорстка затрымаў усіх прысутных. Па словах наведвальнікаў канцэрту, некалькі людзей атрымалі траўмы і пагрозы расправы з боку міліцыянтаў. Акрамя гэтага, было пашкоджанае музычнае абсталяваньне. Аб гэтым паведамляе сайт «Анархический Чёрный Крест — Беларусь».

Спачатку паставіўшы гледачоў па пэрымэтру памяшканьня, АМАПаўцы, некаторыя зь якіх былі ў масках, загадалі ўсім прысутным легчы на падлогу. У гэтым момант на танцпляцы зьявіўся пакет з рэчывам, які нагадаў наркотык. Супрацоўнікі праваахоўных органаў акцэнтавалі на гэтым факце ўвагу.


Момант затрыманьня ўдзельнікаў канцэрту Food not bombs

Пасьля наведвальнікаў канцэрту вывелі з клюбу, дзе многіх зь іх пасадзілі ў аўтазакі. Моладзь разьвезьлі па некалькі аддзяленьнях міліцыі, дзе зь іх узялі адбіткі пальцаў і ўзоры сьліны, а таксама сфатаграфавалі. Таксама ад наведвальнікаў канцэрту запатрабавалі пісьмовыя тлумачэньні на прадмет ужываньня і распаўсюду імі наркатычных сродкаў.

Толькі ў пастарунках хлопцы і дзяўчаты даведаліся прычыну гвалтоўнага затрыманьня: «праверка на наяўнасьць ужываньня і распаўсюду наркатычных сродкаў». Праз тры гадзіны пасьля затрыманьня наведвальнікаў канцэрту Food not bombs пачалі адпускаць зь міліцыі.

У дачыненьні да адной з затрыманых, Алены Дубовік, складзены адміністрацыйны пратакол. Да суду яна будзе ўтрымлівацца ў цэнтры ізаляцыі на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Увосень 2010 году дзяўчына праходзіла па справе «менскіх анархістаў».

Акрамя Алены да суду затрыманыя мінімум 15 чалавек. Абвінавачаньні, высунутыя супраць іх, невядомыя.

Паводле дадзеных сайту spring96.org, за дзень да канцэрту 23 сакавіка суд пакараў двух прадстаўнікоў моладзевага анархічнага руху Аляксандра Бугаёва і Віталя Осімава, да якога таксама належыць і ініцыятыва Food not bombs, адміністрацыйным арыштам на 5 сутак і 3 сутак адпаведна.

У канцэрце ў падтрымку незалежных груп актывістаў «Ежа замест бомбаў», якія бясплатна раздаюць ежу і прыцягваюць увагу грамадзтва да надзённых праблемах мілітарызму, галечы і голаду, мусілі ўзяць удзел гурты «Плойка», «Свинсити», COAT, Damages, Goddamnn, DIMA і Potnij Gopnik.

Удзельнікі ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» увесь час сутыкаюцца з ціскам з боку супрацоўнікаў беларускіх сілавых службаў. Толькі за мінулы год міліцыянты некалькі разоў зрывалі раздачу бясплатнай ежы ў Менску і Берасьці. Людзей, якія раздаюць усім жадаючым гарачы суп ці кашу, затрымліваюць без якіх-небудзь важкіх падстаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.