Да праграмы Erasmus Mundus далучыліся 11 беларускіх ВНУ
Больш чым у пяць разоў павялічылася колькасьць беларускіх ВНУ, што возьмуць у наступным годзе ўдзел у эўрапейскай праграме студэнцкага абмену Erasmus Mundus. Студэнты, магістранты, асьпіранты і выкладчыкі гэтых унівэрсытэтаў атрымаюць магчымасьць пазмагацца за некалькі дзесяткаў стыпэндый на навучаньне ў ВНУ Эўразьвязу.
Выканаўчая агенцыя па адукацыі, культуры і аўдыёвізуальных сродках, якой Эўрапейская Камісія даручыла кіраваньне праграмай «Эразмус Мундус», абвясьціла вынікі сёлетняга адбору ўнівэрсытэтаў. Як паведамляе прэс-служба Прадстаўніцтва Эўрапейскага Саюзу ў Беларусі, 11 беларускіх унівэрсытэтаў стануць удзельнікамі сямі праграм абменаў з унівэрсытэтамі іншых краін-сябраў ЭЗ і краін, што не уваходзяць у ЭЗ.
Гэта студэнты, магістранты, асьпіранты і выкладчыкі БДУ, БНТУ, БДТУ, БДПУ, ГрДУ, БрДУ, Берасьцейскага тэхнічнага ўнівэрсытэту, Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Палескага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Іх навучаньне ў ЭЗ можа цягнуцца каля году.
Беларусы змогуць адправіцца ў сем ВНУ ЭЗ, што знаходзяцца ў Польшчы, Партугаліі, Фінляндыі, Францыі, Нямеччыне, Італіі і Румыніі.
Ня болей за 200 стыпэндый на 4 гады
Удзельнічаць у Erasmus Mundus могуць студэнты-бакаляўры з ВНУ, што зьяўляюцца афіцыйнымі партнэрамі праграмы, а таксама іншыя студэнты зь Беларусі у тым выпадку, калі яны атрымліваюць ступень магістра. Таксама ёсьць некалькі стыпэндый для студэнтаў, якія падвергліся дыскрымінацыі.
У папярэднія гады студэнты толькі двух беларускіх унівэрсытэтаў — БДУ і Гарадзенскага дзяржаўнага — маглі браць удзел у конкурсе стыпэндый для бакаляўраў. У мінулым годзе на ўсю Беларусі: бакаляўраў, магістрантаў і асьпірантаў — было вылучана толькі 65 стыпэндый. Гэта нішто ў маштабе эўрапейскага акадэмічнага абмену — 400 тысячаў чалавек штогод едуць на навучаньне ва ўнівэрсытэты іншых краін Эўропы.
Па словах каардынатара іншай эўрапейскай адукацыйнай праграмы Tempus ў Беларусі Мікалая Лістапада, фармат удзелу Беларусі ў праектах студэнцкіх абменаў з ЭЗ шмат у чым залежыць ад палітычных пытаньняў. Таму пакуль беларускія ўлады ня будуць згодныя на дыялёг, беларускія студэнты не атрымаюць магчымасьць адправіцца на навучаньне ў ЭЗ.
Зрэшты, колькасьць стыпэндый для беларусаў, нягледзячы на пастаянныя заявы эўрапейскіх чыноўнікаў аб падтрымцы беларускіх студэнтаў, застаецца мізэрнай. На наступныя тры-чатыры гады скарыстацца Erasmus Mundus змогуць толькі 200 беларускіх студэнтаў і дасьледчыкаў.
Пасьля таго, як Міністэрства адукацыі Беларусі атрымала адмову на яе заяўку на далучэньне да Балоньскай прасторы, было абвешчана аб спробе стварыць супольныя праграмы студэнцкага абмену з краінамі Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. У гэта ўтварэньне ўваходзяць таксама Расея, Казахстан, Кыргыстан і Таджыкістан. «Клянаваць» Эразмус па-азіяцку могуць ужо ў гэтым годзе.