Разьвіцьцю адукацыйнага абмену з Эўропай перашкаджае палітыка

Фармат удзелу Беларусі ў праектах студэнцкіх абменаў з ЭЗ шмат у чым залежыць ад таго, на якіх прынцыпах будуць у далейшым будавацца адносіны з аб’яднанай Эўропай. Аб гэтым заявіў каардынатар праграмы Tempus ў Беларусі Мікалай Лістапад.

Гэтак, у 2010–2011 гадах у вельмі папулярнай у Эўропе праграме Erasmus Mundus узялі ўдзел толькі 230 беларускіх студэнтаў, але ва ўмовах разьвітага палітычнага дыялёгу іх магло быць значна болей.

Цяпер беларускія ўнівэрсытэты афіцыйна ўдзельнічаюць у 7 праграмах Эўразьвязу ў сфэры вышэйшай адукацыі, у тым ліку Tempus, Erasmus Mundus. Плянуецца, што ў 2014 годзе ўсе яны будуць аб’яднаныя ў адну Erasmus for all. Бюджэт яе будзе значна павялічаны, больш за палову выдзеленых сродкаў пойдзе на разьвіцьцё акадэмічнай мабільнасьці студэнтаў і магістрантаў, распавёў БелТА Мікалай Лістапад.

Мяркуецца, што ў выніку такога аб’яднаньня супрацоўніцтва паміж ВНУ Беларусі і ЭЗ выйдзе на якасна новы ўзровень — да стварэньня сумесных адукацыйных праграм. Але пакуль галоўная перашкода ў разьвіцьці абменаў — палітычны фактар.

На бліжэйшыя гады Эўракамісія вылучыла 15 мільёнаў эўра на праграмы абмену студэнтаў і выкладчыкаў для 6 краін Усходняга партнэрства.

Зараз у праграмах ЭЗ у сфэры вышэйшай адукацыі ўдзельнічаюць 5 беларускіх ВНУ: Гарадзенскі ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, БДУ, Берасьцейскі ўнівэрсытэт імя А. С. Пушкіна, БНТУ, БДЭУ.

На думку каардынатара праграмы Tempus, беларускім студэнтам часьцяком не хапае інфармацыі аб адукацыйных праграмах. Для таго каб стаць удзельнікам адной зь іх, досыць хаця б на бытавым узроўні ведаць замежную мову і вучыцца ня менш, чым на васьмёркі.

За 2011 год па двухбаковых абменах 57 беларускіх студэнтаў накіраваныя на вучобу ў замежныя навучальныя ўстановы (у Расею — 30, у Кітай — 6, у Нямеччыну — 3, у Літву — 5).

Некалькі добрых магчымасьцяў павучыцца за мяжой

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1237 seconds.