ТОП-6 нямецкіх навучальных стыпэндый для беларусаў. Частка II

Крызыс — найлепшы час для інвэстыцый у адукацыю. Асабліва, калі тыя інвэстыцыі забясьпечвае самая багатая нацыя Эўразьвязу. Глядзіце другую частку нашага гіду па найвыгоднейшых для беларусаў стыпэндыях на нямецкай зямлі.

У першым артыкуле на гэту ж тэму мы ўважліва разабраліся, хто, як і калі можа стаць студэнтам праграм Studienkolleg zu Berlin, Copernicus e. V. І KAAD. У гэтым артыкуле засяродзімся на адной вялікай і папулярнай праграме, а таксама на некалькі менш вядомых, але ад таго ня менш цікавых прапаноў падвучыцца ў Германіі.

4. DAAD — Германская служба акадэмічных абменаў

«Так склалася, што паўдзельнічаць у летніх курсах нямецкай мовы мне пашчасьціла двойчы», — кажа выпускнік факультэту міжнародных эканамічных стасункаў БДЭУ Усяслаў Паўлавец.

«Першы раз гэта было ў 2008 годзе. Дзесьці ў сакавіку я атрымаў ліст зь Інстытуту нямецкіх дасьледаваньняў з прапановай паўдзельнічаць у конкурсе на атрыманьне стыпэндыі cтудэнцкага прафсаюзу (ASTA) унівэрсытэту Крысьціяна Альбрэхту для ўдзелу ў летніх курсах нямецкай мовы ў горадзе Кіль. Ад мяне патрабавалася толькі адаслаць матывацыйны ліст і сваю біяграфію на нямецкай мове.

Паколькі добра ведаў нямецкую мову, вырашыў паспрабаваць, тым болей, палова неабходных дакумэнтаў у мяне ўжо была гатовая. Да таго ж вабіла і насычаная праграма: акрамя непасрэдна заняткаў былі заплянаваныя падарожжы ў Гамбург, Шлезьвіг, Любэк, а таксама на ўзьбярэжжа Паўночнага мора. Стыпэндыя пакрывала ўсе выдаткі. Ня ведаю, колькі канкурэнтаў у мяне было (ня думаю, што вельмі шмат), але гэта была адзіная стыпэндыя для Беларусі, таму можна сказаць, што мне вельмі пашанціла.

Акрамя непасрэдна курсаў нямецкай, мы мелі магчымасьць слухаць цікавыя даклады аб культуры, гісторыі, эканоміцы і палітыцы Германіі ці завітаць на экскурсію. Была візыты ў зямельны парлямэнт, на вэрф і музэй паўночнанямецкай архітэктуры (нешта накшталт нашых Строчыцаў). Студэнты мелі магчымасьць паплаваць на ўнівэрсытэцкай яхце ў адкрытым Балтыйскім моры і завітаць на фэстываль клясычнай музыкі.

Гэтыя курсы будуць карысныя ў першую чаргу студэнтам-лінгвістам.

Натуральна, пасьля вяртаньня дамоў мне вельмі захацелася пабываць на летніх курсах у Германіі яшчэ раз. Такая магчымасьць мне прадаставілася дзякуючы стыпэндыі ДААД — яна разьлічаная на студэнтаў 2-4 курсаў, якія жадаюць падвысіць узровень сваіх ведаў нямецкай мовы ў адным з унівэрсытэтаў Германіі. Атрымаць яе ня вельмі проста. Трэба падрыхтаваць цэлы „пакет дакумэнтаў“ — традыцыйная біяграфія і матывацыйны ліст, копіі атэстату і залікоўкі, перакладзеныя на нямецкую мову, рэкамэндацыйны ліст унівэрсытэцкага настаўніка, а таксама вынік тэсту па нямецкай мове.

Варта адзначыць, што чым болей аргумэнтавана напісаны матывацыйны ліст, тым болей шанцаў на атрыманьне стыпэндыі. У маім выпадку галоўным аргумэнтам было жаданьне падвысіць веды па эканамічнай лексыка нямецкай мовы, таму і выбіраў я летнія курсы для эканамістаў у Дзюсэльдорфе — горадзе, дзе ў тым годзе праходзіла Эўрабачаньне.

Я прайшоў. Але ў параўнаньні з курсамі ў Кілі жыцьцё ў Дзюсэльдорфе спадабалася значна менш. Вечарамі ладзіліся сустрэчы ў кафэ, але з-за вялікай колькасьці людзей было ня вельмі камфортна. З-за таго, што ўсе жылі паасобку ў розных канцах дастаткова вялікага гораду, студэнтам цяжка было зьбірацца разам. Жыцьцё ў гэтым горадзе каштавала нятанна: трэба ўлічваць і тое, што харчавацца ў Дзюсэльдорфе прыйдзецца за свой кошт».

Хто: DAAD (Deutscher Akademischer Austausch Dienst) — cамая вялікая нямецкая арганізацыя, якая выдае стыпэндыі на навучаньне ў Нямеччыне студэнтам з усяго сьвету. У Беларусі дзейнічае 13 адукацыйных праграм, пачынаючы ад кароткіх паездак у Нямеччыну, сканчываючы стыпэндыямі пасьлядыплёмнага навучаньня.

Напрыклад: Летнія курсы нямецкай мовы для студэнтаў усіх спэцыяльнасьцяў

Усе студэнты, якія навучаюцца на 2-4 кусах любога беларускага ВНУ і валодаюць хоць базавымі ведамі нямецкай мовы могуць падаць заяўку на атрыманьне стыпэндыі на навучаньне ўлетку нямецкай мовы ў любым ВНУ Германіі. Звычайна курсы цягнуцца 4 тыдні. ДААД пакрывае выдаткі ў залежнасьці ад кошту курса часткова альбо цалкам з выплатай транспартных выдаткаў і кішэнных грошай. Курс можна выбраць тут.

Стыпэндыяў ДААД вельмі шмат на любы густ. Галоўная задача — займець пэўны ўзровень валоданьня мовай.

5. GFPS e. V. — Таварыства студэнцкіх абменаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе

Хто: Таварыства студэнцкіх абменаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе (Gemeinschaft für studentischen Austausch in Mittel- und Osteuropa) — аб’яднаньне студэнтаў па ўсёй Нямеччыне, якое займаецца арганізацыяй абмену студэнтаў з Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Фінансуецца фундацыямі EVZ і Zeit, а таксама зямлёй Паўночны Рэйн-Вэстфалія. Адмыслова выдзелены месцы для краін Усходняй Эўропы, для Беларусі гэта каля 6 месцаў штосэмэстар.

Апісаньне праграмы: Праграма дае магчымасьць навучацца цягам аднаго сэмэстру ў любой (на ўласны выбар) нямецкай ВНУ. Праграма цалкам пакрывае транспартыя выдаткі, выдаткі на навучаньне, плату за інтэрнат, страхоўку ды іншыя мэты. Навучаньне ва ўнівэрсытэце мусіць быць цалкам нямецкамоўным. Кожны стыпэндыянт павінен наведваць абавязковыя сэмінары, якія арганізаваныя таварыствам, напрыканцы сэмэстра кожны студэнт павінен напісаць аповед пра сваё сэмэстравае навучаньне.

Для каго: Cтудэнтаў любога беларускага ВНУ (альбо студэнтаў ЭГУ), якія:

  • зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь;
  • маюць добрыя адзнакі;
  • добра валодаюць нямецкай мовай;
  • палітычна/сацыяльна/культурна актыўныя/займаюцца грамадзкай дзейнасьцю;
  • маюць вялікае жаданьне бліжэй пазнаёміцца зь нямецкай культурай;
  • на пачатак праграмы павінны быць мінімум на трэцім курсе.

Дадатковая інфармацыя: Найвялікшыя шанцы маюць студэнты, якія яшчэ ніколі не атрымлівалі ніякія нямецкія гранты і стыпэндыі. Падача дакумэнтаў на ўдзел праходзіць выключна празь інтэрнэт.

Некаторыя кандыдаты будуць запрошаны на сумоўе ў Менск.

6. Практыка ў нямецкім парлямэнце

Хто: Нямецкі Бундэстаг выдае стыпэндыі для праходжаньня практыкі выпускнікам Вышэйшых навучальных устаноў з 28 краін сьвету, у тым ліку і зь Беларусі.

Апісаньне праграмы: Праграма цягнецца 5 месяцаў, увесь гэты час усе стыпэндыяты адначасова зьяўляюцца студэнтамі Ўнівэрсытэту імя Гумбальда і маюць права наведваць да двух вучэбных мерапрыемстваў. Адначасова студэнты праходзяць практыку ў дэпутата: пішуць яму прамовы, займаюцца падрыхтоўкай да паседжаньняў і іншае. Стыпэндыя штомесяц складае 450 эўра, акрамя таго пакрываюцца выдаткі на страхоўку, плату за пакой/кватэру ў памеры 250 эўра, транспартныя выдаткі.

Для каго: беларускіх грамадзян, якія:

  • Не старэйшыя за 30 гадоў;
  • Зьяўляюцца выпускнікамі беларускай ВНУ з добрымі адзнакамі;
  • Маюць добрыя веды нямецкай мовы;
  • Працуюць у беларускіх СМІ, альбо займаюцца ў Беларусі грамадзкай дзейнасьцю ў палітычных партыях, аб’яднаньнях і г.д.

Дадатковы інфармацыя: Пасьля першага адбору, выбраныя кандыдаты будуць запрошаны на сумоўе ў Менск у нямецкую амбасаду.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.