ТОП-6 нямецкіх навучальных стыпэндый для беларусаў. Частка І

Нямеччына па колькасьці замежных студэнтаў займае чацьвёртае месца ў сьвеце і саступае Францыі ды самым папулярным англамоўным краінам: Злучаным Штатам і Вялікабрытаніі. Яно і зразумела, бо ў амаль што кожным горадзе, нават самым маленькім, існуе прынамсі адна вышэйшая навучальная ўстанова. Якія ёсьць кароткатэрміновыя стыпэндыі для беларускіх студэнтаў у Германіі — у нашым гідзе з практычнымі парадамі ад тых, хто ўжо там пабываў. 

Каля 2100 беларускіх студэнтаў атрымліваюць поўную вышэйшую адукацыю ў Нямеччыне. Таму гэта краіна стаіць на другім месцы па колькасьці беларускіх студэнтаў за мяжой, саступаючы толькі Расеі і абыходзячы Польшчу і Летуву.

Нямеччына, як і большасьць краінаў Эўропы, — месца дарагое, хаця кошты за навучаньне ў большасьці фэдэральных зямель скасавалі, але ўсё адно выдаткі на пражываньне ў эўрапейскай краіне немаленькія: страхоўка, кнігі, інтэрнат і г.д. З гэтай прычыны ў нашым гідзе мы разгледзілі выключна праграмы, якія прадугледжваюць атрыманьне стыпэндыі. Стыпэндыяльныя праграмы мы падзялілі на два артыкулы: у гэтым будуць разгледжаныя толькі кароткатэрміновыя стыпэндыі (на год, сэмэстар, месяц).

«Эўрапейская і наша адукацыя — дзьве вельмі розныя рэчы, — піша менская студэнтка Каця. — І там ёсьць плюсы, і там. Я вучылася ў Вольным унівэрсытэце Бэрліну, наведвала лекцыі і сэмінары ва ўнівэрсытэце па вывучэньні Ўсходняй Эўропы і ў Ота-ЗУР-Інстытуце.

У нямецкай сыстэме мне падабаецца актыўнасьць і самастойнасьць нямецкіх студэнтаў. У межах унівэрсытэту ёсьць вельмі шмат дадатковых магчымасьцяў для асабістага росту, значна болей, чым у нас, спартыўныя і тэатральныя гурткі, хор, студэнцкае самакіраваньне і г.д. Мне вельмі падабаецца, што вялікая ўвага ў нямецкай сыстэме адукацыі надаецца напісаньню дасьледчых працаў. І падыход да ацэнкі пісьмовых працаў у Нямеччыне вельмі строгі.

Варта зайсьці ва ўнівэрсытэцкую бібліятэку і паглядзець, як студэнты, абавязкова зь літровай бутэлькай вады, па тры-чатыры гадзіны маркіруюць важныя думкі ў тэксьце, а потым нехта выстуквае свае думкі на клявіятуры нэтбуку. У нас такое пабачыш нячаста».

1. Studienkolleg zu Berlin

Хто: Аб’яднаньне студэнтаў Бэрліну сумесна з студэнцкай фундацыяй нямецкага народу, фундацыяй Гэрцы з аб’яднаньнем бэрлінскіх навукоўцаў і Акадэміяй навук выдаюць штогод 30 стыпэндый студэнтам зь усёй Эўропы на навучаньне ў любым Бэрлінскім альбо Брандэнбургскім унівэрсытэце цягам двух сэмэстраў. Штогод выдаецца 30 месцаў на ўсе краіны Эўропы, таму кандыдатам зь Беларусі прыйдзецца канкураваць ня толькі паміж сабой, але яшчэ і з кандыдатамі іншых краін Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй Эўропы.

Апісаньне праграмы: 30 студэнтаў навучаюцца два сэмэстры ва ўнівэрсытэце Бэрліну альбо Брандэнбургу, месца ў якім яны самі сабе знайшлі. Гэта значыць, прыйдзецца ня толькі падаваць дакумэнты на ўдзел у праграме, але і падаваць дакумэнты ва ўнівэрсытэт. Таксама кожны студэнт сам шукае сабе інтэрнат альбо пакой. Кожны студэнт будзе:

  • Навучацца два сэмэстры ў нямецкім ўнівэрсытэце па сваёй спэцыяльнасьці;
  • Займацца практычнай працай і напрыканцы году прэзэнтаваць свой праект;
  • Прайсьці ўступны курс цягам тыдня, дзе будуць навучаць асновам праектнай працы, выбіраць тэму праекту і разьмяркоўвацца па праектных камандах;
  • Наведваць абавязковыя лекцыі, якія ладзіць аб’яднаньне, дзе звычайна выступаюць вядомыя навукоўцы і выкладчыкі са сваімі дакладамі, акрамя таго некаторыя стыпэндыяты таксама могуць выступаць;
  • Наведваць абавязковыяя сэмінары, трэнінгі і сустрэчы, якія таксама ладзіць аб’яднаньне;
  • Прайсьці курс на павялічэньне ведаў навуковай лексыкі нямецкай мовы.

Студэнты атрымліваюць штомесяц 550 эўра на кішэнныя выдаткі, 100 эўра на кнігі і вучэбныя матэрыялы. Праграма фінансуе таксама праектную працу ў памеры 400 эўра на чалавека і транспартныя выдаткі ў памеры 1000 эўра

У выпадку, калі студэнт захоча далей застацца і працягваць навучацца пасьля заканчэньня двух сэмэстраў, існуе магчымасьць атрыманьня фінансаваньня да канца навучаньня.

Для каго: для студэнтаў усіх спэцыяльнасьцяў (у тым ліку мастацтва), якія:

  • На пачатак стыпэндыі скончылі як мінімум два гады ўнівэрсытэту;
  • Не старэйшыя за 28 гадоў;
  • Маюць добрыя веды і адзнакі па сваёй спэцыяльнасьці;
  • Маюць вялікі інтарэс да эўрапейскіх праблемаў;
  • Валодаюць добрымі ведамі нямецкай мовы і базавымі ведамі яшчэ адной любой эўрапейскай мовы;
  • Сацыяльна актыўныя/займаюцца грамадзкай дзейнасьцю;
  • Маюць здольнасьці займацца інтэнсіўнай праектнай працай.

Дэдлайн: 1 красавіка.

2. Copernicus e. V.

«Калі яшчэ пару гадоў таму мне б сказалі, што я буду вучыцца ў Бэрліне, я б толькі горка ўздыхнула і наўрад ці б гэтаму паверыла. І нават цяпер, пасьля ўсяго, што адбылося за гэты час, мне часам здаецца, што гэта было не са мной», — дзеліцца ўражаньнямі ад навучаньня на праграме Copernicus Аксана Рачыцкая.

«На самой справе ў Нямеччыне існуе вялікая колькасьць адукацыйных праграмаў для нашых студэнтаў, сярод якіх кожны знойдзе сабе што-небудзь па гусьце. Праблема палягае толькі ў тым, што мы практычна пра іх нічога ня ведаем, ці, дакладней сказаць, нас пра гэта недастаткова інфармуюць.

Дзякуючы шчасьліваму выпадку, я некалькі гадоў таму пакінула электронны адрас лектару DAAD у БДУ, і з тых часоў я атрымлівала email-ы з рознымі мерапрыемствамі, выставамі, канцэртамі і г.д., якія праводзіліся ў Беларусі і якія непасрэдна былі зьвязаныя з Германіяй. Сярод гэтых рассылак часам траплялася інфармацыя аб адукацыйных праграмах у Германіі. Так я сутыкнулася з COPERNICUS eV.

Гэтая праграма мне чамусьці адразу кінулася ў вочы і вельмі зацікавіла, бо акрамя аднаго сэмэстру навучаньня ва ўнівэрсытэце Бэрліну, Гамбурга або Мюнхэна, яна ўключала і праходжаньне практыкі, пражываньне ў нямецкіх сем’ях, сумесныя паездкі, сэмінары, вечары. Усё вельмі добра прадумана, каб стыпэндыят адчуваў сябе як дома і правёў гэты час насычана і незабыўна. І ўсё аплачваецца праграмай, так што стыпэндыят можа цалкам забыцца на любыя грашовыя праблемы».

Хто: Студэнты ўнівэрсытэтаў Бэрліну, Гамбургу і Мюнхэна сумесна з Гамбурскім Сэнатам, фундацыяй імя Эдмунда Сымэрса арганізуюць навучаньне студэнтаў з Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Апісаньне праграмы: Выбраныя студэнты навучаюцца сэмэстар па сваёй спэцыяльнасьці ў нямецкім унівэрсытэце ў Гамбургу (Унівэрсытэт Гамбург), Бэрліну (Гумбальд Унівэрсытэт) альбо ў Мюнхэне (Унівэрсытэт імя Людвіга Максыміліана). Акрамя гэтага праграмай прадугледжана праходжаньне ад 6- да 8-тыднёвай практыкі ў нямецкай арганізацыі. Праграма пакрывае кошт на навучаньне, транспартныя выдаткі, выдаюцца грошы на кнігі, кішэнныя. Месца жыхарства шукае сама арганізацыя, звычайна — студэнты жывуць у нямецкай сям’і. Напрыканцы сэмэстру стыпэндыяты мусяць здаць іспыты (у Гамбургу — абавязкова 4, у Бэрліне — абавязкова 2 і курс нямецкай мовы). Навучаньне мусіць быць цалкам на нямецкай мове, але дазваляцца выбраць адзін прадмет на ангельскай мове.

Для каго: для студэнтаў з Усходняй і Цэнтральнай Эўропы па наступных спэцыяльнасьцях:

  • Правазнаўства/юрыспрудэнцыя;
  • Паліталёгія/міжнародныя адносіны;
  • Эканоміка;
  • Сацыяльныя навукі.

якія:

  • Маюць добрыя адзнакі;
  • Добра валодаюць нямецкай мовай;
  • Сацыяльна/палітычна/культурна актыўныя ў сваёй краіне/займаюцца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю;
  • На пачатак стыпэндыі правучыліся як мінімум 4 сэмэстры;
  • Цікавяцца нямецкай культурай.

Дадатковая інфармацыя: Найвялікшыя шансы атрымаць стыпэндыю маюць палітычна альбо грамадзка ангажаваныя студэнты, зацікаўленыя ў атрыманьні ведаў у нямецкім унівэрсытэце. Штосэмэстар Copernicus e. V. выдае ад 6 да 10 стыпэндый студэнтам з краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, зь іх адно месца ў Бэрлін дакладна аддаецца беларускаму(-ай) студэнту(-цы).

«Я, праўда, ня ведаю, якім высокім быў конкурс. У праграме маглі ўдзельнічаць студэнты з Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёвай Эўропы, таму можна выказаць здагадку, што ня ўсім так пашанцавала, як мне. Напрыклад, у Бэрліне па гэтай праграме была я і яшчэ адна дзяўчынка з Грузіі, у Гамбургу — 5, а ў Мюнхэне толькі адзін стыпэндыят. Як праходзіў адбор і па якіх крытэрах, я магу толькі здагадвацца. Думаю, вялікую ролю граюць найперш не адзнакі, а твая матывацыя і твой актыўны ўдзел у грамадзкім альбо палітычным жыцьці краіны. Бяз гэтага пункту жадаючы ня зможа атрымаць стыпэндыю.

Я трапіла ў той самы знакаміты ўнівэрсытэце імя Гумбальдту, пра які яшчэ ў школьны час вучыла і адказвала тэму. І зараз я тут таксама магла вучыцца! За гэтыя 4 месяцы я вывучыла нашмат болей, чым за 4 гады навучаньня ў маім родным унівэрсытэце. І я сапраўды атрымлівала задавальненьне ад навучаньня і з радасьцю хадзіла ва ўнівэрсытэт. Я шмат чытала аб нямецкай сыстэме адукацыі, а зараз змагла выпрабаваць гэта і на сабе. Нарэшце я атрымала магчымасьць абраць толькі тыя прадметы, якія мне былі цікавыя, і якія непасрэдна былі зьвязаны з маёй будучай прафэсіяй. Нічога лішняга, непатрэбнага і сумнага. Ніякага прымусу і распытваньня, чаму я не прыйшла на пару (хоць і прагульваць мне тут зусім не хацелася), ніякага бессэнсоўнага праседжваньня штаноў. І стаўленьне выкладчыкаў да студэнтаў абсалютна іншае. Заняткі праходзілі заўсёды ў ветлівай і нязмушанай атмасфэры. Усе былі роўныя, вольныя ў перасунаньні і ў сваіх думках, ніякага страху перад адказам. У такіх умовах заўсёды ёсьць жаданьне вучыцца. І ўпершыню за ўвесь час я адчула сябе студэнтам. Так-так, менавіта студэнтам, а ня тым школьнікам, які проста адказаўшы сваё хатняе заданьне, атрымлівае адзнаку і наступнае новае заданьне.

Прайшло ўжо 3 месяцы, як я вярнулася ў Беларусь, але такое адчуваньне, што нейкая частка мяне знаходзіцца ўсё яшчэ там, у Бэрліне, горадзе, дзе я атрымала і знайшла ўсё, чаго хацела, і нават болей».

3. KAAD

Хто: Каталіцкая служба акадэмічных абменаў — самая вялікая нямецкая арганізацыя, якая падтрымлівае каталікоў па ўсім сьвеце.

Апісаньне праграмы: Студэнты цягам аднаго сэмэстру навучаюцца ў любым нямецкім унівэрсытэце (самі кандыдаты павінныя шукаць сабе адпаведнае месца) і атрымліваюць штомесяц стыпэндыю ў памеры 750 эўра.

Для каго: студэнтаў, якія

  • Скончылі 6 сэмэстраў у сваёй краіне;
  • Маюць добрыя адзнакі;
  • Займаюцца навуковай дзейнасьцю;
  • Зьяўляюцца каталікамі і займаюцца грамадзкай дзейнасьцю.

Дадатковая інфармацыя: У выключных выпадках магчыма атрыманьне стыпэндыі на два сэмэстры, калі гэта будзе добра абгрунтавана. Таксама магчыма фінансаваньне на працягу аднаго сэмэстру для замежных студэнтаў, якія ўжо навучаюцца ў нямецкім унівэрсытэце.

Яшчэ тры стыпэндыяльныя праграмы ў ІІ-й частцы нагаша гіду

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.