Erasmus Mundus — год ва ўнівэрсытэце Эўразьвязу
Калі Ліне было 20 гадоў, яна ўпершыню трапіла ў Грэцыю. Тады дзяўчына толькі што скончыла другі курс інфарматыкі ў Віленскім унівэрсытэце. Пасьля віленскага ўскрайку, дзе знаходзіўся яе інтэрнат, трапіць у самы цэнтар старажытнай Грэцыі — Фэсалонікі, было як мінімум непараўнальным вопытам.
«Я вучылася таньчыць сіртакі [нацыянальны грэцкі танец], мы хадзілі на Алімп, а некалькі месяцаў я нелегальна працавала афіцыянткай у кавярні (тады Літва яшчэ не была сябрам Эўразьвязу)», — кажа Ліна і вочы яе быццам напаўняюцца цёплым грэчаскім сонцам.
Такіх студэнтаў, як Ліна — тысячы. Большасьць зь іх цяпер сталі грамадзянамі Эўразьвязу, а іх радзімы — чальцамі ЭЗ. А праграма Erasmus Mundus, дзякуючы якой Ліна калісьці на год адправілася на навучаньне ў Фэсалонікі, з часам распаўсюдзілася на вялікую колькасьць краін па ўсім сьвеце. З кожным годам павялічваюцца магчымасьці для ўдзелу ў Erasmus Mundus і для беларускіх студэнтаў, перш за ўсё навучэнцаў БДУ, БрДУ і ГрДУ.
Цяпер праз Erasmus Mundus фактычна кожны беларускі студэнт можа атрымаць стыпэндыю на навучаньне ў адным з унівэрсытэтаў Эўразьвязу. Навучаньне можа цягнуцца год, паўгода і болей. Удзельнікамі праграмы могуць стаць і магістры з асьпірантамі: для кожнай групы студэнтаў існуе ўласны конкурс.
Што такое Erasmus Mundus?
У 2007 годзе Эўрапейскі Зьвяз пад «парасонам» Erasmus Mundus запусьціў праграму External Cooperation Windows (ECW), якая давала магчымасьць магістрантам, а таксама выкладчыкам і студэнтам унівэрсытэтаў суседніх з ЭЗ краін езьдзіць па абмене ў эўрапейскія ўнівэрсытэты. Да праграмы далучыліся два беларускія ўнівэрсытэты: БДУ і гарадзенскі БрДУ. У 2010-2011 навучальным годзе ў межах Erasmus Mundus каля 67 беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў навучаюцца альбо выкладаюць ва ўнівэрсытэтах ЭЗ.
Нядаўна стала вядома, што на 2011-2013 гады Эўракамісія вылучыла каля 15 мільёнаў эўра на праграму Erasmus Mundus для шасьці краінаў Усходняга партнэрства, у тым ліку і Беларусі.
Удзельнічаць у Erasmus Mundus могуць
Аўдыторыя фізычнага факультэту БДУ поўнасьцю забітая студэнтамі, абсалютная большасьць зь якіх — дзяўчыны. Месца ў буйнейшай аўдыторыі будынку не хапае: людзі сядзяць на падлозе, на прыступках, стаяць уздоўж сьценаў. Але маладая супрацоўніца Цэнтра акадэмічнай мабільнасьці БДУ Людміла Кацко лёгка ўтрымлівае ўвагу некалькіх соцень людзей на працягу гадзіны: разабрацца ва ўсіх асаблівасьцях Erasmus Mundus даволі складана, таму ніхто нічога ня хоча прапускаць.
Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт — адна з трох беларускіх вышэйшых навучальных устаноў,
Як кажа Людміла Кацко, фактычна кожны трэці студэнт БДУ, што падаў заяўку на ўдзел у конкурсе, мае шанец адправіцца на навучаньне:
«Напрыклад, сярод студэнтаў гэтага году, у якіх атрымалася ўзяць удзел у праграме, сярэдні бал быў сем».
Умовы ўдзелу студэнтаў БДУ
Для таго, каб стаць удзельнікам праграмы Erasmus Mundus студэнту БДУ неабходна:
- Мець беларускае грамадзянства;
- Навучацца ў БДУ;
- Мець высокі ўзровень пасьпяховасьці;
- Ведаць замежныя мовы.
Таксама ў незалежнасьці ад месца навучаньня трэба прадставіць рэкамэндацыйны ліст ад дэканату факультэту, дзе навучаецца студэнт.
Цікава, што ў выпадку, калі студэнт за апошнія 5 гадоў сукупна правёў болей году ў ЭЗ, шанцы на атрыманьне стыпэндыі зьніжаюцца.
Хаця Ліна зь Літвы ў сваіх расповядах аб Грэцыі асабліва не спыняецца на працэсе навучаньня ва ўнівэрсытэце, веданьне ангельскай мовы — рэч проста неабходная, каб не згубіцца ў старажытных сьцянах эўрапейскіх унівэраў. Большасьць магістэрскіх праграм і недзе палова бакаляўрскіх, з тых, што прапануюць беларусам, выкладаецца менавіта
Канешне, падвучыць мовы таксама атрымаецца: многія ўнівэрсытэты прапануюць праграмы для хуткай адаптацыі з абавязковымі моўнымі курсамі. Галоўнае, каб «ашаламляльна смуглыя жанчыны на пляжах», — як ахарактарызаваў атмасфэру навучаньня ў Партугаліі адзін з удзельнікаў праграмы з БДУ, не прымусілі зусім забыцца на навучаньне. Бо трэба здаваць пэўныя іспыты і набіраць крэдыты-адзнакі. Дарэчы, зь перакладам эўрапейскіх крэдытаў у беларускія «сямёркі-дзесяткі» праблем узьнікнуць ня мусіць: як адзначаў нядаўна Уладзімір Ціханаў, які адказвае ў БДУ за міжнародныя сувязі, у гэтым унівэрсытэце, прынамсі на паперы, «абкатаная сыстэма крэдытаў».
Лічбы
На Беларусь Эўракамісія вылучае звычайна каля 30 грантаў у межах Erasmus Mundus.
Бакаляўрам па праграме навучацца можна ад 6 да 30 месяцаў. У 2012 годзе заяўкі падаюцца да 13 сьнежня. То бок ужо зь восеньскага сэмэстру 2013 году можна апынуцца ў адным з унівэрсытэтаў Італіі ці Гішпаніі.
Два магістэрскія дыплёмы замест аднаго
«Цікава, што Эўракамісія дазваляе атрымаць два дыплёмы, фактычна навучаючыся ў магістратуры Эўразьвязу. Другі дыплём — дыплём БДУ», — кажа спадарыня Кацко.
На праграму магістратуры студэнты могуць падаваць заяўку ў тым выпадку, калі яны толькі плянуюць навучацца ў магістратуры. Цікава, што для магістрантаў конкурс меншы. Значыць, магчымасьць атрымаць цэлых два дыплёмы за адзін год навучаньня ў замежжы — даволі рэальная пэрспэктыва.
Такім чынам, у канцы сьнежня студэнт ужо можа атрымаць пацьверджаньне таго, што ён адабраны для ўдзелу ў праграме. У любым выпадку, ня варта адчайвацца, калі вы ня трапілі ў лік нешматлікіх шчасьліўчыкаў.
«Не апускайце рукі ў выпадку, калі ваша заяўка зь першага разу не прайшла, — раіць Алена, якая ўдзельнічала ў Erasmus Mundus у якасьці выкладчыцы юрыспрудэнцыі ў гішпанскім Більбао. — Эўракамісія пастаянна мяняе квоты для ўдзельнікаў з усіх краін».