Басовішча: :B:N:, IQ48, «Кальмары» і конкурс маладых гуртоў

Названыя тры зь дзесяці сёлетніх удзельнікаў фэстывалю «Басовішча». Таксама арганізатары абвясьцілі аб пачатку конкурсу маладых гуртоў, якія будуць змагацца за права выступіць на фэстывалі.


Выступ «Кальмараў» у менскім «Рэактары» ў траўні 2009-га (рэпартаж). Аўтар фота: Юра Сідун.

Беларускае аб’яднаньне студэнтаў і Аб’яднаньне Pogotowie Kulturalno Społeczne — арганізацыі, што сёлета ладзяць традыцыйны фэст музыкі маладой Беларусі «Басовішча» — назвалі некалькі гуртоў, што возьмуць удзел у сёлетнім фэстывалі, а таксама заявілі аб павелічэньні фінансаваньня фэсту.

Яшчэ ніколі фінансавы бок арганізацыі фэстывалю ня быў пад такой пільнай увагаю грамадзкасьці. Троху больш за месяц таму само правядзеньне Басовішча заставалася пад пытаньнем, паколькі ў яго не было ні сродкаў, ні арганізатара.

З часам грошы знайшліся, але зусім ня ў тым аб’ёме. Цяпер арганізатары маюць прыкладна 100 тысячаў злотых — на 40% меней, чым у мінулым годзе.

На фоне бюджэтных праблем арганізатары імкнуцца зэканоміць, у тым ліку і на запрошаных гуртах. Вядома, што шэсьць зь іх будуць зь Беларусі, і імёны трох ужо названыя: гэта :B:N:, IQ48, і Кальмары.

«Першыя два зь іх добра вядомыя публіцы фэстывалю, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве арганізатараў, апублікаванай на фан-пэйджы Басовішча ў Фэйсбуку. — :B:N: — энэргічны рок з Бярозы, пераможцы конкурснай часткі Басовішча-2002 і сталыя наведнікі фэстывалю. Цяпер гурт працуе над сваім трэцім студыйным альбомам, частку з якога, вядома, прадставіць на выпуску ў гэтым годзе».

«IQ48 — вядомы як „здаровыя лосі“, у сваёй музыцы спалучае рок, рэп і іншыя жанры. У мінулым годзе яны выпусьцілі новы альбом „HMR“».

«У першы раз на Басовішчы выступіць група Кальмары, якія граюць, па словах саміх сяброў гурта, музыку ў стылі „закуска пад піва“. Гурт быў створаны ў 2006 годзе, але толькі нядаўна выпусьціў свой дэбютны альбом „Пад піва“. Акрамя гэтага, фанаты гурта:B:N: могуць убачыць сярод Кальмароў сваіх любімых музыкаў у зусім іншай, чым у мінулым, ролі».

Імёны яшчэ трох беларускіх і чатырох польскіх гуртоў не называюцца: «цяпер шліфуем Line-up», — кажуць арганізатары.

Сёлета, як і летась, будуць гучаць DJ-сэты. Іх можна будзе пачуць у другі дзень фэстывалю. Акрамя польскіх музыкаў, на іх запрошаныя два дыджэі зь Беларусі.

Конкурс маладых гуртоў

Акрамя гэтага, 7 ліпеня пройдзе канцэрт «Before Басовішча». На гэтым мерапрыемстве ў Беластоку, зайграе беларускі гурт Drum Ecstasy. Тады ж адбудзецца агляд мясцовых маладых гуртоў, найлепшы зь якіх выступіць на вялікай сцэне «Басовішча».

Маладыя гурты зь Беларусі таксама могуць далучыцца да конкурсу. Для гэтага ім трэба дасылаць свае заявы, разам з адной песьняй у mp3 (або спасылку на гэты трэк) на адрас konkurs@basowiszcza.org да 20 чэрвеня (у тэме напішыце «Басовішча — Конкурс»). Пераможцаў конкурсу запросяць на выступ на фэстываль.

Акрамя гэтага абвешчана аб конкурсе фотаздымкаў у цішотках «Басовішча»:

«Мы чакаем вашых фотаздымкаў у майках з Басаў, незалежна ад таго, зь якога яны году. Разам пакажам, як яны падарожнічаюць з намі праз усю Польшчу, Эўропу і сьвет. Самыя лепшыя фатаграфіі можна будзе пабачыць на Басовішчы ў гэтым годзе. Фотаздымкі можна даслаць да 4 ліпеня на адрас fotokonkurs@basowiszcza.org».

Традыцыйны фэст музыкі маладой Беларусі адбудзецца 13–14 ліпеня ў Гарадку на Падляшшы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.