Freak Power: «Кальмары» і «Разьбітае сэрца пацана» выступілі ў «Рэактары»

Калмары і Разьбітае сэрца пацана 

Мне даўно хацелася неяк структурызаваць, падсумаваць свае веды ў галiне зямной так званай «фрык-культуры», бо дадзеная галіна з кожным днём набывае ўсё больш i больш прыхiльнiкаў ва ўсiх краiнах сьвету. Пранiкненьне «фрыкаў» у звычайнае, стабiльнае жыцьцё i пранiкненьне «нармальнага» жыцьця ў жыцьцё «фрыкаў» стала ўзаемным i паўсюдным. Часам ужо нават цяжка адрозьнiць прынцыповага адэпта фрык-рэлiгii ад яго «пралетарскага» выгляду суродзiча, якi нават слова такога, як «фрык», i блiзка ня ведае, але жыве, паводзiць сябе выключна «па фрыку». Карацей, усё пераблыталася. На Зямлi пануе эпоха пост-мадэрнiзму.

30 красавiка ў зямлянаў, ва ўсякім выпадку ў Менску, была магчымасьць наведаць сапраўдны «фрык-канцэрт» у мясцовым клюбе «Рэактар». Адразу хочацца адзначыць, што па агульнакасьмiчных меркаваньнях Беларусь — краiна своеасаблiвая, у чымсьцi нават самадастатковая, таму нават слова «фрык» тут мала выкарыстоўваецца. Зь лёгкае рукi Сашы i Сярожы ў абарот пайшло слова «калдыр». Менавiта па-добраму «калдырскую» музыку ў гэты вечар у «Рэактары» i гралi бярозаўскi гурт «Кальмары» i менскi калектыў з прыгожай чароўнай назвай «Разьбiтае сэрца пацана».

Недзе ў 19.20 сьцены «Рэактара» раптоўна ўздрыганулiся ад беларускамоўнай вэрсіі We will rock you, натоўп зямлянаў шалёна падарваўся да сцэны, усе хацелi пабачыць жывога Фрэдзi Мэркуры, але гэта на сцэне ўжо беснаваўся «iнфэрнальны» (яшчэ адно «моднае» слова ў дадзеным кантэксьце) гурт «Кальмары».

Кальмары 

Што такое «Кальмары», растлумачыць досыць проста. Па-першае, хлопцы маюць прыказку да сваёй назвы («Кальмары» — закуска пад пiва), што недвухсэнсоўна ўказвае на забаўляльную i пазытыўную скiраванасьць iх музыкi. Па-другое, калi альтэрнатыўны рок-гурт :B:N: прымусiць памяняцца iнструмэнтамi i павыкiдваць з гаўбца свае «цяжкiя i гучныя» прымочкi, то менавiта «Кальмары» i атрымаюцца. Так зь сямi ўдзельнiкаў гурта пяць маюць цi калісьці мелi непасрэднае дачыненьне да гурта :B:N:. I калi :B:N: — гурт досыць патасны й сур’ёзны, то тут хлопцы проста паказваюць свой другi бок, тут iдзе вясёлая такая гульня ў «сябрукоў-прыкалiстаў». Хлопцы граюць мяшанку з усяго таго, што звычайна стабiльна i праверана павышае настрой юнай альтэрнатыўнай публiкі. Тут шансон, ска-панк, мiлая сэрцу кожнага зямлянiна-беларуса «ляпiсаўшчына».

Кальмары 

Два вакалiсты ў сьмешных акулярах бегаюць па сцэне i танчаць так, як танчаць паддатыя хлапцы на раённых дыскатэках перад тым, як атрымаць «у бубен». Мясцовы ахоўнiк прытанцоўвае ў рытм песьнi «пра амбрэллу», бяжыць да столiка, дзе прадаюць дыскi… там «Кальмараў» няма, бо ўвогуле альбому пакуль яшчэ не iснуе. Музыка гучыць лёгка, можа, неяк «па-вясельнаму» наiўна, але досыць зладжана. Усё накiравана на «пазытыў», усё досыць весела. Сваiм галаўным кiбэр-мозгам я прыйшоў да высновы, што «Кальмары» i насамрэч няблага заходзяць «пад пiва», значыцца, сваiм вышэйазначаным мэтам яны абсалютна адпавядаюць.

Другiмi на сцэну падняўся гурт «Разьбiтае сэрца пацана». Хаця сказаць, што яны менавiта «паднялiся», будзе не зусiм чэсна. Неяк так яны хутчэй… выпаўзалi на яе. Гiтарыста, напрыклад, некалькi чалавек уздымалi на сцэну, бо пацан з-за пералому нагi быў на iнвалiднай калясцы. Сьпявак-флейтыст выйшаў на сцэну з артапэдычнай шынай на шыі, i ўвогуле ўвесь гурт быў апрануты ў нейкiя бальнiчныя пiжамы, цi гэта былi робы нейкiх жэсаўскiх электрыкаў. Карацей кажучы, пацаны выглядалi проста шыкоўна. Практычна «мачо» у беларускiм разуменьнi гэтага слова. Ну, гэта калi i жанчынам падабаецца, i мясцовыя рэалii з традыцыямi не забываюцца.

Разьбітае сэрца пацана 

Публiка тут была практычна ўся свая, як кажуць, «у тэме», але й тых жывых iстотаў, што былi ўпершыню на такiм «фрык-шоу», гэтыя харызматычныя музыкi адразу захапiлi сваiмi разважаньнямi пра «сьвiнячы грып» i пра тое, як ён можа перадавацца. Пасьля такога пачатку канцэрт проста ня меў права быць дрэнным, i гэтага, дзякуй Богу, ня здарылася.

Трасянка, калдырызм i размова пра «нашых, якiя ў авашчном магазiне» тут сумяшчаюцца з добрым i граматным падыходам да музычнага матэрыялу. У «РСП» акрамя сьцёбных тэкстаў ёсьць музычная культура i ўменьне граць на iнструмэнтах. Гэта бывае ня так часта. Першыя кампазыцыi ўвогуле былi нечым сярэднiм памiж рамансамi Вярцiнскага, «Крамбамбуляй» i гуртом «Jetro Tall». Гэта вам, зямляне, ня толькi «фрык-культура» i пост-мадэрнiзм, тут ужо практычна дэкаданс.

Разьбітае сэрца пацана 

Для выкананьня новае песьнi з патрыятычным прыпевам «Нас Раў… Нас Раў… Нас Раўбiчы завут!» падымаецца жаночы харэаграфiчны дуэт з назвай «ЭВМ». Публiка катаецца ад сьмеху па падлозе. Выступ дзяўчат нагадваў адначасова пэрфомансы пiцерскага тэатру «Лицедеи», сцэны з кiнафiльму «Взломщик» i ўвогуле савецкiя фiльмы «пра нефармалаў» часоў «перабудовы». Гледачы сьмешна танчаць i падпяваюць практычна кожнай песьнi, нехта кажа, што другi раз гэтае бачыць i чуць ня так ужо весела i цiкава. Я бачу першы раз, i мне пакуль вельмi падабаецца.

Разьбітае сэрца пацана  

Цiкава, што такi несур’ёзны канцэрт прымусiў мяне задумацца пра сур’ёзныя рэчы. I вось да чаго я, зямляне, прыйшоў. «Ён i яна» «хлопчыкаў зь Бярозы», «эрэспэшныя» «Розавы закат», «Жэншчыны» — у адпаведнай краiне, пры адпаведных умовах гэтыя песьнi маглi б стаць ледзь не агульнанацыянальнымi гiтамi. «Калдырызм» можа стаць практычна новай iдыялёгiяй. Да таго ёсьць сталае шматгадовае iмкненьне, ёсьць адпаведныя людзi i ўмовы, але цi сапраўды гэтае вам патрэбна? Можа, лепей, каб гэтая музыка i надалей заставалася такой «камэрнай», для ўнутранага карыстаньня, бо ў тым яе й соль? Здаецца, калi «фрык-культура», «калдырызм», стануць САПРАЎДЫ масавымi (што ўжо часткова адбываецца), то, мяркую, нiкому мала ня будзе.

ПРА АЎТАРА

Buzzika 

 

Нарадзіўся на Дэймасе 200 000 год таму, але ў раньнім дзяцінстве з бацькамі пераехаў на Марс, дзе і вырас. Пасьля школы па разьмеркаваньні трапіў на Тытан, адкуль і быў з дапамогай аптычна-люстэркавай сыстэмы (АЛС) зь сям’ёй і калегамі адпраўлены на Зямлю. У Беларусь патрапіў таму, што яшчэ з савецкіх часоў гэтая краіна спэцыялізуецца на оптыцы ў вытворчасьці дэталяў касьмічных караблёў. Праз АЛС сюды накіраваць было прасьцей.

Імя buzzika не сапраўднае, сапраўднае немагчыма паўтарыць не на адной зямной мове з-за асаблівасьцей марсіянскага маўленчага апарату, але buzzika — найбольш блізкае па гучаньню да сапраўднага імя. Тое ж самае і са зьнешнасьцю. Зьнешне buzzika выглядае як чалавек, але гэта зроблена для зручнасьці камунікацый тут, на Зямлі. Насамрэч buzzika нагадвае зямнога ката. Сапраўдная місія buzzika на Зямлі засакрэчана.

Глядзіце болей фотаздымкаў у фотаблогу Generation.by:

Buzzika 16:30, 04/05/2009 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0691 seconds.