Студэнцкі патруль «Алмаз» БРСМ выходзіць на брэсцкія вуліцы

Хутка на берасьцейскіх вуліцах зьявяцца студэнцкія патрулі групы «Алмаз», што створаная ў Берасьцейскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце ў межах мясцовай арганізацыі БРСМ. Студэнты выйдуць на патруляваньне бяз зброі, але зь імі вядуцца заняткі па стралковай падрыхтоўцы.

Бліжэйшым часам на патруляваньне вуліцаў Берасьця выйдуць чальцы студэнцкага аддзелу аховы правапарадку «Алмаз» БрТУ. Арганізацыя працуе на базе ўнівэрсытэцкай суполкі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Студэнты «Алмазу» ўжо маюць досьвед супрацы зь міліцыяй. Улетку яны дапамаглі зьнішчыць плянтацыі канопляў і маку ды нават затрымалі наркадылера пры перасячэньні беларуска-польскай мяжы, піша Эўрапейскае радыё.

Трэніроўкі «алмазаўцаў» па рукапашным баі, якія раней праводзіліся зрэдку, цяпер стануць рэгулярнымі. Студэнты выйдуць на патруляваньне бяз зброі, але зь імі вядуцца заняткі па яе вывучэньні.


«Байцы» БРСМ на афіцыйным мерапрыемстве ДАІ

Група «Алмаз» дзейнічае ў межах заканадаўства аб моладзевых атрадах аховы правапарадку (МААП), што ўзьніклі ў Беларусі ў мінулым годзе найперш з чальцоў БРСМ.

Паводле закону, у функцыі МААП могуць уваходзіць толькі прафіляктыка правапарушэньняў сярод моладзі. Аднак зь нядаўняга часу «байцы» БРСМ далучыліся да міліцыі дзеля патруляваньня вуліцаў, аховы масавых мерапрыемстваў, рэгуляваньня дарожнага руху. Улетку паведамлялася, што ў такія атрады ўваходзяць каля 5 тысячаў чалавек па ўсёй краіне. Адмыслоўцы адзначаюць, што ніякіх паўнамоцтваў удзельнікі такіх груп ня маюць.

«Байцы» атрадаў БРСМ рэгулярна ўдзельнічаюць у майстарклясах ад беларускіх спэцназаўцаў, дзе вучацца прыёмам самаабароны, рукапашнага бою і затрыманьня злачынцаў, а таксама снайпэрскай справе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0572 seconds.