«Байцы» БРСМ патрулююць вуліцы і здаюць у міліцыю нядобранадзейных

Актывісты БРСМ заняліся патруляваньнем вуліцаў, а таксама кантролем дарожнага руху. Паўнамоцтваў на тое яны ня маюць, аднак прадстаўнікоў самай дарагой моладзевай арганізацыі тое не турбуе. БРСМаўцы называюць такія патрулі «Моладзевымі атрадамі аховы правапарадку», а іх «байцоў» не іначай як «праваабаронцамі».


«Байцы» БРСМ на афіцыйным мерапрыемстве ДАІ

На вуліцах гарадоў зьявіліся міліцэйскія патрулі, у складзе якіх часам можна заўважыць юнакоў і дзяўчат у цывільным. Як высьветлілася, гэта актывісты БРСМ, «байцы» «Моладзевых атрадаў аховы правапарадку». Пазнаць іх можна толькі, бадай, па характэрным для актывістаў гэтай арганізацыі высокаінтэлектуальным выглядзе. Бо ў «байцоў» акрамя несур’ёзнага пасьведчаньня больш нічога няма, нават павязак «дружыннік».

Як паведамляе Эўрапейскае радыё для Беларусі, запісацца ў баявыя атрады БРСМ вельмі проста: дастаткова прыйсьці з гэтай мэтай у раённую арганізацыю саюзу моладзі: па месцы жыхарства ці па месцы працы. Спэцыяліст БРСМ Заводзкай раённай арганізацыі Менску кажа, што па чацьверах і па серадах «дружыньнікі» выходзяць у дазор.

«Патрулююць разам з… ну, з міліцыянэрамі. І яшчэ ёсьць атрады па дапамозе ДАІ. У прызначаны дзень хлопцы выходзяць самі, мы толькі кантралюем гэты працэс: яны здаюць нам ведамасьці, справаздачы пра тое, што яны выходзяць і пра ўсё-усё».

Афіцыйна такія «дазоры» не аплочваюцца, але грашовае ўзнагароджаньне, прынамсі ў Заводзкай арганізацыі, «байцы» атрымліваюць. Яго памер не называецца.

Лепшыя «праваабаронцы» (так у прэс-службе БРСМ называюць удзельнікаў «Моладзевых атрадаў аховы правапарадку») праходзяць зборы, дзе вывучаюць некаторыя прыёмы рукапашнага бою, зборку і разборку АК-74 і пісталета Макарава. У час навучаньня ў БРСМаўцаў праходзяць заняткі пад назовам «Неспрыяльныя сытуацыі на маршруце патруляваньня і шляхі іх вырашэньня». Паводле інфармацыі БТ, на такіх зборах «заняткі са зброяй і падрыхтоўка па рукапашным баі чаргуюцца з мастацкімі конкурсамі».


На зборах «праваабаронцаў» з БРСМ. Скрыншот з рэпартажу БТ

Апошнім часам у сацыяльных сетках зьявіліся аповяды «парушальнікаў правапарадку» зь гісторыямі іх затрыманьня. Яны вельмі часта і выглядаюць наступным чынам: кампанія юнакоў спажывала алькагольныя напоі на вуліцы. Побач зь імі сядала кампанія юнакоў. А калі зьяўляўся міліцэйскі патруль, і парушальнікі зьбіраліся хутка зьнікнуць, суседзі хапалі іх за рукі і ўтрымлівалі да падыходу міліцыянтаў.

Паводле спэцыяліста раённай арганізацыі БРСМ сталіцы, такія дзеяньні — цалкам ініцыятыва добраахвотных памагатых міліцыі. Паўнамоцтваў на гэта ў іх няма, хоць дзейнічаць так і не забараняецца, калі ня страшна. А вось генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб называе падобныя дзеяньні актывістаў правакацыяй:

«Разглядаць такія дзеяньні можна як правакацыю. Але калі ўжыць да іх фізычную сілу і даць па шыі, вырвацца і ўцячы, то гэта твая радасьць будзе, калі цябе ня зловяць. А калі зловяць, то інкрымінуюць, як мінімум, дробнае хуліганства. І будзеш яшчэ больш цяжка адказваць за тое, што нанёс удар гэтым людзям», — кажа Мечыслаў Грыб.

Нават у БРСМ прызнаюць, што ў дружыньнікаў паўнамоцтвы не большыя, чым у звычайнага грамадзяніна краіны, які, паводле закону, мае права аказваць дапамогу міліцыі для прадухіленьня правапарушэньня альбо падчас затрыманьня злачынцы. Атрады — гэта толькі адзін з мэтадаў рэалізацыі права кожнага на ўдзел у ахове правапарадку.

Паводле заканадаўства, сябрамі дружыны могуць быць паўнагадовыя грамадзяне, якія «здольныя па сваіх дзелавых і маральных якасьцях і складу здароўя выконваць дзейнасьць па ахове правапарадку». Ня могуць быць дружыньнікамі грамадзяне, якія маюць судзімасьць, прызнаныя судом недзеяздольнымі ці часткова недзеяздольнымі, а таксама тыя, хто прыцягваўся на працягу году да адміністратыўнай адказнасьці. А ўсе выдаткі, зьвязаныя зь іх заахвочваньнем і матэрыяльным забесьпячэньнем, ускладаюцца на мясцовыя ўлады.

Дарэчы, гэта не адзіная «сілавая» актыўнасьць самай дарагой моладзевай арганізацыі Беларусі. Напрыклад, месяц таму ў Магілёве БРСМ арганізоўваў спаборніцтва снайпэраў, дзе «пастраляць» мог кожны жадаючы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.