Студэнты будуць у 1.5 разы болей вучыць замежную мову, а дыплёмы пісаць па-ангельску

Чыноўнікі спрабуюць прымусіць беларускую адукацыйную сыстэму загаварыць па-ангельску. І чаго толькі ня зробіш дзеля валюты: пляны па разьвіцьцю адукацыі ўлучаюць стварэньне ангельскамоўных магістратур, бакаляўрскіх праграм, MBA, заахвочваньне пісаць дыплёмы на мове яе Вялікасьці, і, натуральна, пашырэньне зубрэньня гэтай самай ангельскай студэнтамі і школьнікамі.

Паводле праграмы разьвіцьця вышэйшай адукацыі Беларусі, прынятай урадам у пачатку ліпеня, Міністэрства адукацыі спадзяецца перавесьці краіну на ангельскую мову да 2015 году. Прынамсі, менавіта да гэтага тэрміну разьлічаная праграма.

«Мяркуюцца […] павелічэньне працягласьці вывучэньня замежных моў да трох гадоў, выкладаньне асобных спэцыяльных дысцыплін і ўкараненьне практыкі напісаньня дыплёмных працаў на ангельскай мове, стварэньне студэнцкіх цэнтраў па вывучэньню замежных моў. Прадугледжваецца падрыхтоўка на англійскай мове па шэрагу спэцыяльнасьцяў магістратуры», — гаворыцца ў праграме.

Па словах намесьніка міністра адукацыі Аляксандра Жука, павелічэньне выкладаньня ангельскай мовы (ня проста замежнай, а менавіта ангельскай) зьвязанае з жаданьнем «падвысіць экспарт адукацыйных паслугаў», то бок прыцягнуць у краіну як мага болей замежных студэнтаў і іх грошай.

Болей за тое, беларускія чыноўнікі плянуюць стварыць некалькі дадатковых выключна ангельскамоўных праграм навучаньня (адзіная такая праграма пакуль існуе ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і не карыстаецца значным попытам замежнікаў). Некаторыя праграмы стануць нават дыстанцыйнымі. То бок замежныя студэнты змогуць атрымаць дыплём, нават не наведваючы Беларусь (ці прыехаўшы сюды толькі дзеля яго атрыманьня).

Асобны пункт праграмы разьвіцьця адукацыі — ангельскамоўная праграма Master of Business Administration — звычайна вельмі дарагая, але і надзвычай папулярная ў бізнэсоўцаў і кіраўнікоў ступень адукацыі. Створаць яе на базе БДУ і каштаваць яна будзе 6.6 млн. даляраў за чатыры гады.

Раней было абвешчана, што з 2013 году зьявіцца абавязковы школьны іспыт па замежнай мове. Разам з тым, болей навучаць ангельскай і іншым мовам у нашых школах ня будуць. Намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно проста раіць шукаць альтэрнатыўныя шляхі паглыбленьня ведаў замежнай, бо «Паглыбленага вывучэньня мовы ў нас няма».

Як паўплываюць намаганьні беларускага ўраду па прыцягненьне адукацыйнай валюты ў краіну, пакажа час. А пакуль, паводле нядаўняга перапісу, вядома, што толькі 5% беларусаў добра валодаюць ангельскай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.