Кожны 20 жыхар Беларусі «свабодна валодае» ангельскай

Назваць беларусаў нацыяй паліглётаў цяжка. Аднак перапісчыкі здолелі налічыць 450 тысячаў чалавек, якія на іх погляд свабодна валодаюць ангельскай мовай. Яшчэ 137 тысячаў жыхароў краіны аказаліся знаўцамі нямецкай. Вось толькі зь беларускай, як заўжды, праблемы — на ёй дома размаўляюць толькі 6% менчукоў.


Якой мовай беларусы свабодна валодаюць акрамя роднай? Блакітныя слупкі - агулам усё насельніцтва (у тысячах чалавек). Крыніца: Нацыянальны статыстычны камітэт

Дадзеныя перапісу няўмольныя: другая замежная мова для беларусаў пасьля расейкай — ангельская. І валодаюць ёй ні многа ні мала 5% насельніцтва.

Гэта амаль у пяць разоў меней за тых, хто кожны дзень выкарыстоўвае беларускую мову дома. Такіх у нашай краіне набралася 2 220 тысячаў ці 23%. Астатнія, як можна здагадацца, «юзаюць» расейскую за невялікім выняткам.


У Менскай вобласьці дома па-беларуску размаўляе найбольшая частка людзей у параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі (графік дэманструе адносіны расейскамоўных жыхароў рэгіёну да беларускамоўных - тых, хто пераважна выкарыстоўвае беларускую дома). Крыніца: Нацыянальны статыстычны камітэт

Дзякуючы дадзеным перапісу можна высьветліць, дзе па-беларуску размаўляюць болей за ўсё, а дзе яе амаль няма. Калі Менск у гэтым пляне — найгоршае месца для беларускамоўнасьці, то Менская вобласьць — найлепшае. Тут на аднаго беларускамоўнага прыходзіцца 1.46 расейскамоўны. Нядрэнная сытуацыя зь беларускай і ў Гарадзенскай вобласьці (суадносіны расейскамоўных да беларускамоўных тут 1.62), пераважна за кошт палякаў. На Гарадзеншчыне амаль 100 000 чалавек, якія лічаць сябе палякамі, але дома размаўляюць па-беларуску.

Хаця дадзеныя перапісу выглядаюць аптымістычнымі на фоне нядаўніх апытаньняў незалежных сацыёлягаў. Так лябараторыя «Новак» знайшла ў 2009 годзе 6% насельніцтва, што ўвесь час размаўляюць па-беларуску. За год да гэтага НІСЭПД называў лічбу ў 2%, а інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта заявіў, што амаль 12% насельніцтва карыстаюцца ў паўсядзённым жыцьці беларускай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.