Школьнікаў будуць вучыць ангельскай канцэптуальна

З 2013 году беларускія школьнікі будуць здаваць абавязковы іспыт па замежнай мове. Аднак ні павялічваць колькасьць заняткаў па замежнай, ні пачатак яе навучаньня пакуль не плянуецца. Хаця канцэпцыя выкладаньня, па словах намесьніка міністра адукацыі, усё ж зьменіцца.

Ужо з гэтага году ў беларускіх школах пачынаецца новы экспэрымэнт. На гэты раз з замежнай мовай: на адзінаццаціклясьніках будуць апрабоўваць дадатковы іспыт па няродных мовах. Праз два гады ён стане абавязковым для ўсіх. На гэтай хвалі Міністэрства адукацыі прыняла рашэньне зьмяніць стыль навучаньня дзяцей ангельскай і іншым мовам.

Рашэньне ўвесьці яшчэ адзін іспыт чыноўнікі тлумачыць тым, што беларусы ведаюць замежную «неналежна»:

«Будучыя выпускнікі будуць ведаць адну з моваў (а нехта і дзьве) належным чынам, каб камунікаваць», — заявіў падчас он-лайн канфэрэнцыі на сайце Беларускага тэлебачаньня намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно.

Раней чыноўнікі абяцалі ўвесьці абавязковы іспыт па замежнай мове ў школах ужо з 2011 году. Але дату першага экзамэну адклалі на год, а стыль выкладаньня паабяцалі зьмяніць. Цяпер школьнікаў падзеляць на 3 групы (раней было 2), а галоўнай ў навучаньні стане камунікатыўная складаючая (раней была граматычная).

Аднак на размовы з выкладчыкам у школьнікаў застанецца ня так шмат часу: замежную ў нашых школах вывучаюць толькі 2 гадзіны ў тыдзень (і тое з 3 клясу), а павялічваць колькасьць заняткаў пакуль не плянуецца, «хаця пытаньне [аб дадатковым занятку ў тыдзень] прапрацоўваецца». На вывучэньне, напрыклад, беларускай мовы ў старэйшых клясах Міністэрства знайшло толькі адну гадзіну ў тыдзень.

Жадаючым паглыбіць веды ў замежнай прыйдзецца шукаць альтэрнатыўныя шляхі. Як кажа Фарыно, «Паглыбленага вывучэньня мовы ў нас няма».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.