Дзень Студэнта 2008

На гэтым сайце мы сьвяткуем Дзень Студэнта ўжо ў пяты раз. З нагоды Міжнароднага Дня Студэнта — падборка самых вызначальных матэрыялаў на студэнцкую тэматыку Studenty.by i Generation.bY: пра студэнцкія змаганьні ў сьвеце і ў Беларусі, пра вядомых людзей Беларусі ў студэнцкія гады, пра стыпэндыю і адукацыю, пра анімаваныя студэнцкія мары.

Дарэчы, інфармацыйны студэнцкі рэсурс Studenty.by, зь якога й паўстала творчая супольнасьць Generation.bY, стартаваў якраз пяць год таму ў дзень студэнта. І дагэтуль 15% публікацыяў сайту — наўпрост пра студэнтаў, а на адукацыйныя й калястудэнцкія тэмы — большая палова матэрыялаў сучаснага Generation.bY.

Па цэтліках «студэнты», «стыпэндыя», «разьмеркаваньне», «адукацыя» можна адсачыць, што адбывалася ў студэнцкім асяродку ў апошнія пяць год, калі й на колькі падвышалі стыпэндыю, куды рухаецца беларуская сыстэма адукацыі, якія навіны ў розных унівэрсытэтах: ад БДУ да ЭГУ, і чым адрозьніваецца навучаньне ў Аўстрыі ці ў ЗША ад беларускага .

Многім вядома, сьвяточная на сёньня дата — Дзень Студэнта — мае сумныя гістарычныя карані. 17 лістапада адзначаецца як дзень студэнта, бо ў гэты дзень у 1939 годзе чэхаславацкія студэнты сталі ахвярамі нацыстаў. А 50 год пасьля — 17 лістапада 1989-га, студэнты ізноў паўсталі, гэты разам супраць іншага аўтарытарнага ўраду. Гэта адзначыла пачатак «аксамітнай рэвалюцыі». Цяпер адначасова ў Чэскай і Славацкай рэспубліках гэты дзень сьвяткуецца як Дзень змаганьня за волю і дэмакратыю.

На старонках Generation.bY мы ў тым ліку імкнемся адлюстроўваць усе падзеі вакол сучасных беларускіх студэнтаў: ад дзёрзкіх студэнцкіх паці і пасьпяховых крэатыўных задумак да адстойваньня ўласных перакананьняў. Гучная гісторыя незаконнага выключэньня з БДЭУ студэнткі-выдатніцы Тацяны Хомы ў 2005-м годзе, здаецца, была толькі ўчора, бо ўсе падзеі трох-гадовай даўніны можна лёгка аднавіць па сайце й зараз. Як і гісторыю яшчэ аднаго выдатніка — Зьмітра Жалезьнічэнкі, якога беспадстаўна выключылі з ВНУ й накіравалі ў войска. Альбо падзеі вакол адмены ільготаў на праезд: «Казакі-разбойнікі» альбо студэнты і спэцназ на акцыі супраць адмены льготаў», альбо пасьпяховы збор подпісаў за пабудову стаянкі для ровараў у БДУ, альбо стварэньне «Дэклярацыі правоў студэнтаў» — першы падобны дакумант у Эўропе. Бывае, беларускія студэнты праяўляюць актыўнасьць ня толькі ў Беларусі: Саша Патапава сярод актыўных удзельнікаў студэнцкіх пратэстаў у Італіі.

А нядаўна мы паспрабавалі разабрацца, як разьвівалася беларускае студэнцтва з 1989-га да нашых дзён у чатырох асобах і нават яшчэ раней — у пачатку мінулага стагодзьдзя: «Студэнцкая Думка» 1928-га году: «хоць зарэж — вучыцца немагчыма!».

Зрэшты, большасьць зараз вядомых людзей Беларусі былі калісьці студэнтамі, здавалі курсавыя, адрываліся ды адпачывалі. Як выглядалі ў студэнцкія гады вядомыя беларусы: Лявон і Ганна Вольскія, Алег Хаменка, Сяргей Міхалок, Аляксандар Кульлінковіч, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая і іншыя — у Вялікім студэнцкім фотаальбоме КУЛЬТурных людзей.

А настрой тых, хто яшчэ нядаўна наведваў пары, а цяпер цёгаецца на працу ў офіс — у мультфільме «Васілёк. 17.11» — flash-віншаванка да Дня Студэнта.

Хто быў студэнтам, хто будзе, хто, як кажуць, «спачуваючы» :) А ў эпоху неабмежаваных магчымасьцяў для самаадукацыі праз Сеціва амаль усе інтэрнэт-карыстальнікі — студэнты. Таму грэх не адсьвяткаваць;)

З днём студэнта, сябры!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0673 seconds.