Што лепш: беларускі юрфак ці амэрыканская юрыдычная школа?

Яўген Вайткевіч

Прапануем вашай увазе артыкул Яўгена Вайткевіча (на фота), выпускніка Беларускага Iнстытута Правазнаўства, які зараз навучаецца ў юрыдычнай школе Seton Hall ЗША. Яўген распавядае пра працэс навучаньня ў амэрыканскай юрыдычнай ВНУ і выказвае свае думкi пра тое, як амэрыканская юрыдычная школа адрозьнiваецца ад беларускай.

Кваліфікаваны юрыст – асноўны будаўнік грамадзянскай супольнасьці і прававой дзяржавы. Амэрыканскі юрыст, на думку шэрагу спэцыялістаў, - асноўны будаўнік інтэграцыі супольнасьці сьвету і сусьветнай глябалізацыі. 

У апошнія гады адной з самых прыцягальных спэцыяльнасьцяў для беларускага абітурыента зьяўляецца юрыдычная прафэсія. У разьвітых краінах, у тым ліку ў ЗША, прафэсія юрыста ўжо даўна зьяўляецца самай прэстыжнай і папулярнай.

У чым тады адрозьненьні працэсу падрыхтоўкі юрыстаў у Беларусі і ЗША? Чым адрозьніваюцца будні студэнта нашага юрфака і іх юрыдычнае школы? 

Мэтаю дадзенага матэрыялу ёсьць асьвятленьне найбольш яркіх асаблівасьцяў амэрыканскай юрыдычнай школы, якія падаліся цікавымі выпускніку беларускай юрыдычнай ВНУ за першыя паўгады свайго навучаньня ў якасьці студэнта юрыдычнай школы Seton Hall амэрыканскага штату Нью-Джэрсі. Апроч гэтага, беларускія студэнты, якія хоць раз задумваліся аб атрыманьні юрыдычнай адукацыю за мяжою, знойдуць дадзены артыкул пазнавальным.

Як прабіцца ў амэрыканскія юрысты?

Варта адзначыць, што гаворка пойдзе аб паўнавартаснай юрыдычнай праграме ЗША, якая называецца Juris Doctor (J.D.) і займае 3-4 гады навучаньня, зьяўляецца своеасаблівым аналягам нашага юрфаку. Гэтую праграму варта адрозьніваць ад курса LL.M – аднагадовай праграмы, якая дазваляе замежным юрыстам пазнаёміцца з асновамі амэрыканскага права, але не зьяўляецца паўнавартаснай юрыдычнай адукацыяй.

Навучаньне ў Юрыдычнай школе ЗША (далей – ЮШ) – занятак ня з танных. Дыяпазон гадавой аплаты ў 190 афіцыйна акрэдытаваных ЮШ вагаецца ад 8 да 37 тыс. даляраў у год. У сілу цэлага шэрагу чыньнікаў, знайсьці якісьці грант ці стыпэндыю для аплаты навучаньня ў ЮШ – справа ня простая. Пераважная большасьць студэнтаў вырашае праблему з дапамогаю ільготных банкаўскіх крэдытаў, якія можна вяртаць на працягу 10-20 год пасьля сканчэньня навучаньня. Крыху складаней узяць крэдыт замежным студэнтам, але і такая магчымасьць існуе.

Для атрыманьня права паступаць у ЮШ шэраговы амэрыканец павінен скончыць звычайную сярэднюю школу, а таксама так званы 4-гадовы каледж па любой спэцыяльнасьці (атрымаць ступень бакаляўра). Такім чынам, усе выгоды таго, што ў нас лічыцца “студэнцкімі гадамі”, амэрыканцы адчуваюць яшчэ да паступленьня ў ЮШ, падыходзячы да свайго першага сапраўднага ўроку права ў больш сталым узросьце і стане духа. Мінімальным патрабаваньнем для беларусаў і расейцаў, якія жадаюць паступіць у амэрыканскую ЮШ, зьяўляецца наяўнасьць вышэйшай адукацыі, прычым ня важна, юрыдычнай ці не: падыдзе дыплём аб сканчэньні практычна любой беларускай ці расейскай ВНУ. Існуе спэцыяльная працэдура “ацэнкі” дыплёма беларускай ВНУ па шкале амэрыканскіх адукацыйных стандартаў, якая займае некалькі месяцаў.

Яшчэ адным унівэрсальным патрабаваньнем для паступаючых у ЮШ зьяўляецца праходжаньне адзінага ўступнага тэста, якія завецца LSAT. Ніякімі спэцыяльнымі юрыдычнымі ведамі для здачы тэсту валодаць не патрабуецца; ягоная мэта – ацэнка тых якасьцяў абітурыента, якія спатрэбяцца будучаму юрысту: здольнасьць аналізаваць інфармацыю, уменьне хутка прымаць патрэбнае рашэньне і працаваць пад ціскам фактару часу. Ці варта казаць, што пры жорсткай канкурэнцыі сярод абітурыентаў веданьне ангельскай мовы мусіць быць вельмі добрым? Цэнтралізаванае тэставаньне праводзіцца 4 разы ў год у спэцыяльных цэнтрах, раскіданых па ўсім сьвеце. Яго вынікі можна рассылаць на разгляд хоць ва ўсе 190 ЮШ, але пры гэтым кожная школа бярэ з абітурыента прыкладна 50 даляраў, якія не падлягаюць вяртаньню пры адмове ў прыёме. Апроч дадзенага тэста некаторыя ЮШ высунаюць адмысловыя патрабаваньні для замежных абітурыентаў – праходжаньне тэста TOEFL, які, зрэшты, на парадак лягчэй, чым LSAT.

Нежартаўлівы кодэкс гонару

Зь першых крокаў у ЮШ разумееш, што трапіў у зусім іншы, дарослы сьвет, у якім патрэбна несьці адказнасьць за ўсё, што ты робіш. Усе студэнты абавязаныя падпісаць так званы “Кодэкс гонару”. За парушэньне многіх пастановаў дадзенага дакумэнта ідзе амаль аўтаматычнае выключэньне са школы. Напрыклад, калі цябе застукалі за сьпісваньнем на іспыце альбо паліцыя затрымала цябе п’яным за рулём – быць непрыемнасьцям. Прычым адным адлічэньнем справа не абмяжоўваецца: падобнае парушэньне можа паставіць тлусты крыж на далейшай юрыдычнай кар’еры.

Апроч таго, студэнтам-першакурсьнікам прапаноўваецца падпісаць дэклярацыю, у якой яны павінныя заявіць аб любых папярэдніх праблемах з законам, няхай то ДТВ 5-гадовай даўніны, альбо штраф за расьпіцьцё сьпіртовых напояў у грамадзкім месцы. Галоўная мэта дэкляраваньня – праверка будучых адвакатаў на сумленнасьць. Ходзяць страшныя і праўдзівыя гісторыі аб тым, як, напрыклад, адзін студэнт з посьпехам скончыў ЮШ, але не быў дапушчаны да здачы іспыту на адвакацкую ліцэнзію, таму, што на першым курсе ЮШ ён схаваў, што ў далёкім мінулым быў затрыманы паліцыяй за кражу нейкай дробязі. Прычым усё магло быць проста інакш, калі б напачатку навучаньня ён сумленна прызнаўся ў гэтым інцыдэнце. Як бачыце, амэрыканскія адвакаты вельмі сур’ёзна змагаюцца за чысьціню сваіх шэрагаў.

Навучальны працэс: цяжка ў навучаньні – цяжка ў бойцы

Амэрыканская ЮШ адметная сваімі калясальнымі нагрузкамі. Як вядома, судовы прэцэдэнт – гэта крыніца права ангельска-амэрыканскай прававой сыстэмы, адсюль відавочна, што галоўным абавязкам амэрыканскага студэнта-юрыста з’яўляецца чытаньне і асэнсаваньне тэматычных падборак судовых справаў мінулых гадоў. Бывае, студэнт змушаны самастойна прапрацоўваць 50-100 старонак складанага юрыдычнага тэкста за вечар. Калі аўтар гэтага артыкула быў студэнтам беларускага юрыдычнага ВНУ ён не лічыўся гультаём  і добрасумленна рыхтаваўся да заняткаў, але, тым ня менш, за першы сэмэстар навучаньня ў ЮШ яму прыйшлося прачытаць болей, чым за год-паўтара навучаньня ў Беларусі.

Усе прадметы ў ЮШ падзяляюцца на абавязковыя і прадметы на выбар. У першы год навучаньня студэнт вывучае абавязковыя прадметы, такія як “Грамадзянскі кодэкс”, “Кантракты”, “Абавязкі з нанясеньня шкоды” і да т.п. У наступныя гады студэнт можа самастойна выбіраць прадметы з шырокага сьпіса курсаў. Пры гэтым, не існуе вельмі пэўнай спэцыялізацыі – штогод можна самому выбіраць любыя камбінацыі прававых курсаў. Асобна сярод абавязковых прадметаў стаіць дысцыпліна “Прававое пісьмо/пісаньне і пошук прававой інфармацыі”, якой выдзяляецца павышаная ўвага.

Адной з найбольш яскравых асаблівасьцяў амэрыканскай ЮШ зьяўляецца спэцыфіка правядзеньня заняткаў у самой школе. Тут няма такога падзяленьня заняткаў на лекцыі і сэмінары. Львіную частку матэрыялу студэнт рыхтуе самастойна, а ў школе вядзецца калектыўнае абмеркаваньне вывучанага. Такое абмеркаваньне называецца мэтадам Сакрата, сэнс якога ў тым, што асноўнымі дзеючымі асобамі зьяўляюцца студэнты, а прафэсар адно толькі накіроўвае абмеркаваньне ў патрэбнае рэчышча. Прафэсары, як правіла, не любяць адказваць на наўпростыя пытаньні студэнтаў на занятках: такія пытаньні альбо перанакіроўваюцца іншым студэнтам, альбо той студэнт, які задае пытаньне павінен сам на яго і адказаць. Дарэчы, каб стаць прафэсарам (чытай: выкладчыкам) у ЮШ трэба быць лепшым зь лепшых у юрыдычнай навуцы.

Пры падрыхтоўцы хатняга заданьня недастаткова правільна вызначыць у тэксьце судовай справы патрэбныя прававыя нормы, вывучыць іх і узнавіць на занятках у ЮШ. Трэба быць гатовым правільна прыкласьці падыходзячае правіла да прапаноўваемай прафэсарам гіпатэтычнай падборцы фактаў, а таксама патлумачыць свой выбар. ЗША –  фэдэратыўная дзяржава, і, бывае, да адной і той самай фактычнай сытуацыі існуе некалькі дыямэтральна супрацьлеглых юрыдычных падыходаў, якія студэнт павінен правільна прымяняць. Бадай, найбольш студэнта-першакурсьніка выводзіць з раўнавагі тая абставіна, што на большасьць адказаў не існуе адназначна дакладнага адказу, і ў залежнасьці ад мала заўважнай зьмены фактаў альбо наяўнасьці грамадзкай цікаўнасьці (public policy), вынік юрыдычнай задачы можа быць іншым.

У некаторых ЮШ выкарыстоўваньне студэнтамі ноутбуку для вядзеньня канспэкта ўжо зьяўляецца абавязковым. Прафэсар размаўляе са студэнтамі ў аднолькава хуткім тэмпе, таму трэба быць надзвычай уважлівым і ўмець хутка канспэктаваць неабходныя тэзы. У любы момант прафэсар можа задаць вам пытаньне альбо папрасіць выказаць свае адносіны да сказанага папярэднім прамоўцам, таму няма ніякай магчымасьці прыснуць на апошнім шэрагу. Па гэтай самай прычыне непажадана зьяўляцца на занятках непадрыхтаваным. Напрыклад, у аднаго з знаёмых аўтару прафэсараў ёсьць такое правіла: калі студэнт не гатовы, то ён павінен назваць іншага студэнта, які будзе адказваць на гэтае самае пытаньне. Пара такіх праколаў – і рэпутацыя балбеса ў вас у кішэні! Нягледзячы на тое, што на двухгадзінным занятку прысутнічае звычайна больш за 100 чалавек, сумаваць асабліва не прыходзіцца нікому.

Амэрыканскі студэнт-юрыст літаральна завалены магчымасьцямі ўдзелу ў розных факультатыўных мерапрыемствах. Сяброўства ў Амэрыканскай Асацыяцыі Адвакатаў, цікавыя сустрэчы з дзеючымі судзьдзямі і юрыстамі, удзел у працы прававых выданьняў і адвакацкіх спаборніцтвах паміж школамі – гэта толькі невялікая частка магчымасьцяў зрэалізаваць сябе ў ЮШ, звыш атрыманьня “сухога” дыплёму.

Іспыты – усяму галава

Іспыты – унівэрсальны ўзбуджальнік галаўнога болю студэнтаў усяго сьвету. Аднак, іспыты ў амэрыканскай школе ЮШ маюць свае цікавыя асаблівасьці.

Па-першае, іспыты праходзяць у пісьмовай форме і зьяўляюцца ананімнымі:  кожны студэнт напярэдадні іспыта атрымоўвае свой унікальны нумар, якім ён ідэнтыфікуе сваю працу. Такім чынам, прафэсар, які правярае экзамэнацыйныя працы, ня ведае, чыю менавіта працу ён правярае, што часткова дазваляе пазьбегнуць перадузятасьці.

Па-другое, адзнака атрыманая на іспыце зьяўляецца адзінай адзнакай студэнта за ўвесь пройдзены курс, т.б. ніякі, нават самы актыўны, удзел у занятках на працягу сэмэстра на яе не ўплывае. Тым не менш, такі ўдзел неверагодна патрэбны, таму што ён заўважна зьлягчае засваеньне матэрыяла і дапамагае студэнту выпрацаваць навык вядзеньне судовых справаў.

Тыповы іспыт праходзіць наступным чынам. Кожны студэнт атрымоўвае некалькі старонак з хаатычным наборам фактаў, ад якіх, зь нязвычкі, галава ідзе кругам. Выкарыстоўваючы атрыманыя на працягу сэмэстра веды, студэнт павінен за тры гадзіны вызначыць максымальна магчымую колькасьць спрэчных юрыдычных сытуацыяў (issues), якія могуць узьнікнуць на аснове пададзеных фактаў. Фактычны малюнак падабраны такім чанам, што 100%-ва правільных адказаў проста не існуе. Студэнт павінен вызначыць моцныя і слабыя бакі патэнцыйнай спрэчкі. Тыповы экзамэнацыйны інструктаж прафэсара гучыць так: “Спадары студэнты, мне зусім не цікава, якому баку вы аддасьце перавагу ў патэнцыйнай спрэчцы. Я хачу бачыць працэс вашага мысьленьня, які прывёў вас да той ці іншай высновы”.

Яшчэ адным радыкальным адрозьненьнем ЮШ ад беларускага юрфака зьяўляецца сыстэма выстаўленьня адзнак. Студэнты ЮШ наўпрост канкуруюць адзін з адным. Выключана сытуацыя, калі ўсе студэнты здаюць іспыт на “добра” і “выдатна”. Прафэсар, які правярае экзамэнацыйныя працы мае інструкцыю: сярэдні бал усёй клясы павінен быць, скажам, 3.0 (шкала ў 4 балы). Т.б. калі адна праца адзначана балам 3.1, значыць нехта гарантавана атрымае бал ніжэйшы за 3.0 і да т.п. Па выніках усіх іспытаў складаецца “рэйтынг студэнтаў курса”; увайсьці ў першыя 20% неверагодна прэстыжна і выгодна для наступнага працаўладкаваньня. Такая сыстэма пераўтварае некаторых студэнтаў у ваўкоў, якія ненавідзяць аднакурсьнікаў, але большасьць студэнтаў, усё ж, ставяцца адзін да аднаго добразычліва і прыходзяць на дапамогу ў цяжкую хвіліну.

Напрыканцы хочацца адзначыць, што вучыцца ў замежнай ЮШ надзвычай складана. Аднак, пры наяўнасьці жаданьня і імкненьня дасягнуць пастаўленай мэты. Нашаму чалавеку цалкам па сілам канкураваць з лепшымі амэрыканскімі студэнтамі-юрыстамі, нават ва ўмовах, калі “гульня” праходзіць на “іх полі” і правілы напісаныя на чужой мове. Аўтар перакананы, што беларускія юрысты, якія прайшлі дадатковую падрыхтоўку ў замежных юрыдычных школах зробяць немалы ўнёсак у справу інтэграцыі Беларусі ў сусьветнае грамадзтва. Інтэграцыі на раўнапраўнай аснове. 

Яўген Вайткевіч

Пераклад з расейскай мовы: Сяржук Семянюк


Даведка пра аўтара артыкула:

  • Яўген Вайткевіч, 28 гадоў
  • У 1998 годзе скончыў Беларускi Iнстытут Правазнаўства
  • На працягу 3-х гадоў працаваў ў Нацыянальнам цэнтры прававой iнфармацыi Беларусi, а таксама ў Нацыянальнай эканамiчнай газеце
  • У 1998-2001 гг. быў удзельнiкам беларускага гурта Безь Бiлета
  • У 2002 годзе часова пераехаў ў ЗША, дзе ў 2005 годзе, пасля цяжкай 3-гадовай падрыхтоўкi, быў прыняты ў юрыдычную школу Seton Hall штата Нью-Джэрсi
  • 2 тыднi таму скончыў першы семестр у гэтай юрыдычнай навучальнай установе
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.