Акадэмічны кантроль альбо свабода? Уражаньні беларускай студэнткі ў Аўстрыі

­

«Калі я прыйшла на першыя лекцыі, у мяне быў сапраўдны культурніцкі шок. Студэнты галдзяць, не зьвяртаюць увагу на выкладчыка, ходзяць туды-сюды, спакойна могуць залезьці нагамі на парту ці лаву. Сыстэма «галасуй нагамі» наладжаная тут даволі добра. Калі выкладчык добры, цікава выкладае, то аўдыторыя будзе поўная, усе будуць весьці сябе ціха і слухаць.

Доўгі час мяне турбавала нармальнасьць для мясцовых студэнтаў прыходзіць на пару з кубачкам кавы і бутэрбродам на талерцы з буфэта (посуд не плястыкавы!). У такія хвіліны ўзгадваліся моманты, як у БДЭУ мы з сяброўкай употай пакусвалі вафлі на лекцыі, каб не пакрыўдзіць выкладчыка сваёй непавагай і пры гэтым не памерці з голаду».

Артыкул распавядае пра ўражаньні беларускі пасьля амаль двух год навучаньня ў Венскім унівэрсытэце.

Культурніцкі шок


У галоўным корпусе. Фота Jovita Tatschl.

Напрыканцы чацьвертага сэмэстру навучаньня ў Аўстрыі падаецца, што я ўжо маю права параўноўваць навучаньне ў Венскім унівэры і ў Беларусі. Было б нецікава, не арыгінальна і не зусім справядліва пісаць тут пра тое, наколькі беларуская вышэйшая адукацыя адстала ад патрабаваньня сёньняшняга сусьветнага грамадзтва, і наколькі аўстрыйская адукацыя добрая па ўсіх пунктах. Тут таксама ёсьць шмат праблемаў, асабліва зьвязаных зь пераходам на новую сыстэму адукацыі ў межах балоньскага працэсу, шмат акалічнасьцяў, пра перавагі якіх можна спрачацца. Таму я хацела б сфакусавацца на некаторых прынцыповых рэчах, якія для мяне вызначаюць адметнасьць навучаньня ў свабодным грамадзтве без усёвідушчага вока «вялікага брата» аднекуль зьверху.

Калі я прыйшла на першыя лекцыі, у мяне быў сапраўдны культурніцкі шок. Студэнты гамоняць, не зьвяртаюць увагу на выкладчыка, уваходзяць і выходзяць з аўдыторыі, калі захочуць, а выкладчык ня робіць на гэта ніякіх заўвагаў. Студэнты спакойна могуць залезьці нагамі на парту ці лаву, каб трапіць на пажаданае месца.

Больш таго, падчас іспытаў, калі студэнты пішуць, а выкладчык правярае іх студэнцкія, то многія выкладчыкі таксама ня будуць вагацца перад тым, каб прайсьціся па партах, каб трапіць да некага, хто сядзіць у самым цэнтры.

Доўгі час (і дагэтуль) мяне турбавала нармальнасьць для мясцовых студэнтаў сытуацыі, калі яны прыходзяць на пару з кубачкам кавы і бутэрбродам на талерцы з буфэта (посуд не плястыкавы!). У такія хвіліны ўзгадаваліся моманты, як у БДЭУ мы зь сяброўкай употай пакусвалі вафлі на лекцыі, каб не пакрыўдзіць выкладчыка сваёй непавагай і пры гэтым не памерці з голаду.

Яшчэ адна з адметнасьцяў, якія кінуліся мне адразу ў вочы, гэта колькасьць мужчынаў ва ўнівэрсытэце. У Беларусі я мела магчымасьць павучыцца троху ў двух унівэрсытэтах (БДЭУ і БДПУ) і ў абодвух выпадках доля хлопцаў у студэнцкім асяродку была крытычна малая. Тут жа хлопцаў прыкладна столькі ж, колькі і дзяўчатаў, а таксама значна больш чым у Беларусі мужчынаў сярод выкладчыкаў. Большасьць выкладчыкаў ва ўзросьце да 40, якія валодаюць сучаснымі тэхналёгіямі, папрацавалі ў рэальных кампаніях і павучыліся за мяжой. Я перакананая, што ўсе гэтыя рэчы таксама ўплываюць на атмасфэру падчас навучаньня.

Агульнага паміж венскім і беларускім унівэрсытэтам сапраўды ня шмат. Далей у гэтым артыкуле я паспрабую апісаць адрозьненьні ў падыходзе да таго, што ў Беларусі ставіцца ў цэнтар сыстэмы адукацыі — кантроль за рознымі паказчыкамі.

Кантроль якасьці адукацыі

Якасьць адукацыі — адзін з тых аспэктаў, якому надаецца асабліва шмат увагі ў сучаснай эўрапейскай адукацыі. Гэта можна адчуць, будучы простым студэнтам у Вене.

Напрыканцы кожнага сэмэстра выкладчык мусіць правесьці анкетаваньне студэнтаў, дзе па стандартнай анкеце ацэньваецца задаволенасьць студэнтам самім прадметам, выкладчыкам і яго падрыхтаванасьцю, а таксама сыстэмай ацэнкі ведаў (іспыт, дадатковыя заданьні і праца падчас сэмэстру). Самае галоўнае, гэтыя анкеты сапраўды аналізуюцца і абмяркоўваюцца катэдрамі, якія пасьля мяняюць альбо выкладчыка, альбо нешта ў сыстэме выкладаньня.

Але ж акрамя такіх інстытуцыйных мэтадаў кантролю якасьці, падчас заняткаў у студэнтаў ёсьць магчымасьць наўпрост практыкаваць прасьцейшыя дэмакратычныя мэтады волевыяўленьня. Сыстэма «галасуй нагамі» наладжаная тут даволі добра. Калі выкладчык добры, цікава выкладае, то аўдыторыя будзе поўная, усе будуць весьці сябе ціха і слухаць.

Калі выкладчык не дацягвае (мямліць і невыразна кажа, ня можа адказаць на пытаньні студэнтаў, выкладае ўсё гэтак жа, як напісана ў кнізе ці на слайдах прэзэнтацыі), то студэнты ня будуць губляць на яго час, бо ўсё і так можна будзе недзе прачытаць.

Так, у мінулым сэмэстры я назірала за катастрофай маладой выкладчыцы. Напачатку пары ў залі было чалавек 100, пад канец засталося прыкладна 15. Студэнты па аднаму ці групай проста ўздымаліся і выходзілі. Выхаваная беларускай дысцыплінарнай сыстэмай, я паставілася да гэтага даволі скептычна, бо для мяне гэта наўпроставая непавага да выкладчыка. І менавіта ў такія моманты становіцца зразумелым, што значыць, калі ў цэнтры сыстэмы адукацыі знаходзіцца студэнт, а не выкладчык, як у нас.

Першасная рэакцыя, якую можна чакаць ад беларускага выкладчыка ў такой сытуацыі — гэта аклікнуць студэнта, спыніць яго ці яе, перад усімі «папрактыкаваць цягліцы», сказаўшы, каму тут належыць улада і што вось проста так ніхто не мае права выходзіць з аўдыторыі, да ўсяго яшчэ і запытаць імя студэнта і групу дзеля штрафных санкцыяў. Думаю, ня трэба казаць, што ва ўнівэрсытэце, дзе я навучаюся зараз, такое проста не магчыма ўявіць.

Кантроль за наведвальнасьцю заняткаў 

На маім факультэце даволі часта прадметы зьяўляюцца «абавязковымі для наведваньня», то бок лічыцца, што нельга іх прапускаць, але заўсёды робіцца заўвага, што «абавязковы для наведваньня» значыць, што прапусьціць можна ня болей трох заняткаў.

Дарэчы, тут не ладзяць пераклічак, каб вылавіць тых, хто прапускае пары. Па шэрагах проста пускаецца аркуш, дзе трэба расьпісацца насупраць свайго імя. Шмат хто проста прыходзіць, каб расьпісацца і пасьля сыходзіць па сваіх справах. І студэнты і выкладчыкі ведаюць, што кожны адказвае сам за свае рашэньні не заставацца на занятку, бо ўсё ж наведваючы кожную пару прасьцей падрыхтавацца да іспыта і добра яго здаць. Прымушаць кагосьці няма сэнсу.

Кантроль ведаў

У абсалютнай большасьці выпадкаў іспыты на маім факультэце праводзяцца пісьмова. Гэта могуць быць альбо Multiple-Choice тэсты, альбо задачы і адкрытыя пытаньні, на якія трэба адказаць.

Звычайна здаюць іспыты адначасова вялікай плыньню, калі студэнтаў спэцыяльна рассаджваюць, каб прадухіліць сьпісваньне адзін у аднаго. Дарэчы, тут таксама сьпісваюць, часам яшчэ больш уразьлівымі мэтадамі, чым у Беларусі. У мяне прыватна заняло троху часу, каб прызвычаіцца да такой формы ацэнкі ведаў пасьля вусных іспытаў у Беларусі, дзе існуе процьма магчымасьцяў маніпуляваньня як з боку студэнта, так і з боку выкладчыкаў.

Пісьмовыя працы і інтэлектуальная ўласнасьць

Гэты момант таксама прыцягнуў маю увагу, асабліва выслухоўваючы нараканьні сяброўкі, якая дапісвала дыплём у Беларусі. Па-першае, афармленьню працы тут надаецца амаль столькі ж увагі, колькі і ў нас. Існуе ўзор тытульнага аркуша, на якім таксама абавязкова мусіць быць лягатып унівэрсытэта. Існуюць правілы афармленьня працы. Розьніца з Беларусьсю толькі ў тым, што правілы маюць больш накіроўваючы характар, а не абмяжоўваючы. Напрыклад, палі мусяць быць «дастатковай велічыні, каб працу можна было падшыць», а не дакладна вызначанымі «3 см зьлева, 2 см справа».

У мяне склалася ўражаньне, што асноўнае прызначэньне правілаў, гэта правільнае напісаньне спасылак на крыніцы, бо абарона інтэлектуальнай уласнасьці тут мае асаблівае значэньне.

За плягіят (перапісваньне адзін у адзін з крыніцаў без спасылак на аўтараў) тут могуць нават выключыць. І ні ў каго не застаецца сумневу, што плягіят будзе вылічаны, улічваючы як часта масмэдыі пісалі пра выкарыстаньне для гэтага адмысловага праграмнага забесьпячэньня. Адпаведна, пры напісаньні працы студэнты выкручваюцца па-рознаму, але ім прыходзіцца пераасэнсоўваць напісанае, пераказваць сваімі словамі, такім чынам ствараючы штосьці сапраўды сваё, няхай і грунтуючыся на чужых дасьледаваньнях, а ня проста капіяваць чужыя думкі. Напісаньне працы становіцца больш складаным, але і больш цікавым, бо ствараць нешта сваё заўсёды цікава.

Другі шанец

Вы ніколі не задумваліся, чаму ў беларускіх унівэрах няма магчымасьці вывучаць прадмет два разы? У Беларусі ня здаў — ты больш не студэнт. Ці сапраўды прычына гэтаму толькі ў фіксаваных праграмах (калі паўтараць, то цэлы год наноў, а не толькі адзін прадмет і толькі са згоды дэкана/рэктара і пры наяўнасьці пэўных абставінаў)? Я лічу, што ў гэтым хаваецца яшчэ адзін паказчыкаў дысцыплінарнай накіраванасьці беларускай сыстэмы адукацыі.

Калі ў беларускай ВНУ студэнт не здае іспыт, то яму даецца права пераздачы ў тэрмін, які рэдка перавышае месяц. Атрымоўваецца, калі ты ня здолеў разабрацца з матэрыялам за сэмэстар, то мусіш гэта зрабіць за месяц ці меней?

Тое, што ў Вене ў няздачы іспыта няма фатальнасьці, зьяўляецца для мяне вельмі значнай перавагай гэтай сыстэмы. Так, гэта можна адцягнуць час атрыманьня дыплёму, але разуменьне, што ў цябе заўсёды ёсьць другі шанец здымае значную долю стрэсу, які мы перажываем падчас сэсіі, асабліва калі ўлічыць значнасьць страты статусу студэнта ў Беларусі.

Пасьля гэтага досьведу навучаньня ў Аўстрыі я разумею чаму так шмат студэнтаў, якія едуць па абмене ў Нямеччыну на год, усімі магчымымі спосабамі спрабуюць застацца вучыцца ў Эўропе. Прычына ня проста ў больш канкурэнтаздольнай «корачцы», якую можна атрымаць па заканчэньні эўрапейскай ВНУ. Проста пасьля таго, як чалавек пабывае ў атмасфэры, якая поўніцца тым, што называюць акадэмічнымі вольнасьцямі, дзе да яго ставяцца як да дарослай асобы, здольнай браць адказнасьць за сваё навучаньне і якую паважаюць за гэта, то ўдвая цяжэй вярнуцца ў сыстэму, дзе ад гэтых свабодаў трэба сьвядома адмовіцца дзеля атрыманьня дыплёму, які нават у Беларусі не заўсёды прымаецца як адзнака якасьці.

Некалькі фота зь Венскага ўнівэрсытэта 

 
Будынак галоўнага корпуса Венскага ўнівэрсыта падчас чэмпіянату па футболе. Фота Тацяны Хомы.


Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі, якія вучыліся ці выкладалі ў Венскім унівэрсытэце. Фота Тацяны Хомы.


Студэнты рыхтуюцца да заняткаў і іспытаў у дворыку галоўнага корпуса ўнівэрсытэта. Фота Тацяны Хомы.


Іспыт у Венскім унівэрсытэце. Фота Тацяны Хомы.


Банэр пра забарону паленьня ў закрытых памяшканьнях унівэрсытэта. Фота Тацяны Хомы.


Чытальная заля. Фота Тацяны Хомы.


Студэнты ва ўнутраным дворыку Венскага ўнівэрсытэта. Фота Тацяны Хомы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0625 seconds.