Футбольная ліхаманка ў Вене

Чэмпіянат па футболу ў Вене

Зь мінулых выходных для ўсёй Эўропы наступіў пэрыяд футбольнай ліхаманкі. З 7-га па 29-е чэрвеня кожны дзень будуць адбывацца матчы ў межах чэмпіянату па футболе, за якімі будуць сачыць мільёны людзей з розных краінаў. Найбольш моцна ад «ліхаманкі» будуць пакутаваць тыя краіны, якія зьяўляюцца гасьцямі чэмпіянату ў гэты раз — Швайцарыя і Аўстрыя. Як пачатак «хваробы» сустрэла Вена? Фотарэпартаж зь месца падзеяў.

­

 

Вена акунулася ў футбольную ліхаманку з галавой. Менавіта ліхаманку, бо пачатак чэмпіянату нельга назваць ніяк іначай. Футбольная сымболіка паўсюль: у вітрынах крамаў, у кожным рэклямным роліку па тэлебачаньні, на вуліцах, нават у пякарнях булкі абсыпаюць цукрам ці мукой у выглядзе шашачак на мячы. Статую, што рэклямуе выставу «Тутанхамон», таксама пераапранулі ў нацыянальную форму аўстрыйскай каманды.

Чэмпіянат па футболу ў Вене

Увесь цэнтар акупаваны фанатамі ў нацыянальных формах, зь перамазанымі тварамі, сьцягамі, сьвісткамі. Калі стаць на якую ціхую вулачку, дзе мала людзей, і заплюшчыць вочы, то чуваць, што горад гудзе. Гул тысячаў людзей на стадыёне падчас гульні можна чуць за кілямэтры ад яго. 

Чэмпіянат па футболу ў Вене

Чэмпіянат па футболу ў Вене

Аўстрыйцы падрыхтаваліся да чэмпіянату грунтоўна. Тысячы валянтэраў, 25 000 дадатковых паліцэйскіх атрадаў у Вене, новыя станцыі мэтро, каб можна было даехаць да самага стадыёну, працяг працы мэтро на гадзіну і шмат іншага.

Можна сказаць, што футбольным фанатам былі аддадзеныя нацыянальныя сымбалі — ратуша, парлямэнт, Хофбург (стары горад) і Пратэр (парк атракцыёнаў са знакавым старым колам агляду).

Чэмпіянат па футболу ў Вене

Чэмпіянат па футболу ў Вене

Менавіта тут, у цэнтры горада, дзе знаходзяцца гэтыя асноўныя для Вены і Аўстрыі наагул будынкі, была пабудаваная грандыёзная па сваіх памерах фан-зона, дзеля якой быў прыпынены рух некаторых трамваяў і аўтобусаў, пастаўленыя дзесяткі вялізных экранаў, узьведзеныя часовыя будынкі vip-трыбунаў і іншыя адметнасьці неабходнай у такіх выпадках інфраструктуры.

Чэмпіянат па футболу ў Вене 

Чэмпіянат па футболу ў Вене

Шмат увагі надаецца і бясьпецы, каб пасьля ад'езду фанатаў пасьля чэмпіянату Вена не стала непазнавальнай. Усе жадаючыя трапіць у фан-зону правяраюцца службай бясьпекі, каб у месцы, дзе зьбіраюцца дзесяткі тысяч гледачоў, не пранеслі якой бомбы ці іншай зброі.

На станцыях мэтро ў раёне фан-зонаў знаходзяцца спэцыяльныя супрацоўнікі мэтро, якія кантралююць парадак на станцыях і своечасовае адпраўленьне цягнікоў.

Аўстрыйцы добра прадумалі магчымасьць праяўленьня гвалтоўнай натуры футбольных фанатаў. Страхавыя кампаніі ўвялі магчымасьць страхаваньня ад праяваў вандалізму падчас чэмпіянату. У сродках масавай інфармацыі футбол і вандалізм былі абмеркаваныя з усіх бакоў яшчэ да пачатку гульняў.

Чэмпіянат па футболу ў Вене

Такім чынам, горад, як і большая частка Эўропы, паралізаваныя да канца месяцу, бо ўвечары ўсе імкнуцца да тэлевізараў — хто дахаты альбо ў кавярні і бары, а хто і ў фан-зону, каб сачыць за новай гульнёй у атачэньні тысячаў людзей. Інтрыга моцная, бо ўрэшце рэшт на кану нацыянальны гонар удзельнікаў чэмпіянату!

Чэмпіянат па футболу ў Вене

Чэмпіянат па футболу ў Вене

 

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0632 seconds.