B-12: «Беларус мусіць падтрымаць беларуса»

Нехта знайшоў праз іх мужа, а нехта бачыць у гэтым руху адзіную магчымасць легальна выказаць сваю патрыятычнасць. Мы заспелі адзіную фан-групоўку беларускай нацыянальнай зборнай па футболе на этапе змагання з чыноўнікамі за чалавечы сервіс.

Пакуль уся краіна масава набывае шалікі «БАТЭ» і практыкуецца ў сваёй дасціпнасці, робячы ўсё новыя дэматыватары са злосным расійскім каментатарам Васяй Уткіным, гэтыя хлопцы рыхтуюць беларускамоўныя банеры ды барабаны для наступнай гульні нацыянальнай зборнай. Тыя, хто аднойчы быў на матчы зборнай, не маглі не заўважыць купку людзей на 21 сектары ў чырвоных цішотках ды шаліках, ад якіх раздаваліся вядомыя «Тры чарапахі» па ўсім стадыёне. Гэта B-12 — адзіная фан-групоўка беларускай нацыянальнай зборнай па футболе.

Запоўнены піўны паб у цэнтры Менску. Тут вырашылі збірацца фанаты замест таго, каб ісці на «Дынама» на матч супраць чэмпіёнаў Еўропы ды Свету. Асноўны чыннік байкоту — цэны на квіткі, якія з мінулага матча выраслі ў 10 разоў. «Але справа не толькі ў коштах, справа ў прынцыпе», — тлумачаць хлопцы. Заўзятары абураюцца сервісам і асабліва паводзінамі ахоўнікаў правапарадку. Футбольная федырацыя ў сваю чаргу, каб стрымаць народны гнеў, які падняўся ў сеціве пасля маніфеста В-12, ініцыявала сустрэчу з апошнімі, вынікам якой асабліва нічога істотнага не стала. 

Фан-клуб існуе з 2006 году, перажыў двух трэнераў беларускай зборнай па футболе, зрабіў шэраг надзвычайных перфомансаў і зладзіў онлайн-канференцыю з абаронцам нацынальнай зборнай Ягорам Філіпенкам. Хлопцы за свой кошт зрабілі банеры, сваю чырвоную сімволіку і прыдумалі крычалкі. За шэсць год яны дамагліся таго, што з іх меркаваннем мусяць лічыцца, а футбалісты штораз пасля матча падыходзяць да іх, каб падзякаваць сваім адзіным верным фанатам. 

Седзячы ў цёплым пабе, фаны з невялікай крыўдай пазіраюць на экран тэлевізара, дзе паказваюць амаль поўны стадыён, што выклікае здзіўленне, калі ўлічыць кошты квіткоў. Але ў СМІ трапіла інфармацыя пра тое, што квіткі распаўсюджваліся на заводах за паўцаны ці нават бясплатна, а ў школах прымушалі іх набываць. «Ну што 4:0?» «Не, 5:1» жартуюць хлопцы перад пачаткам гульні супраць зборнай Гішпаніі.

«Мы фанаты-мазахісты. Мы падтрымліваем зборную нават тады, калі яе падтрымліваць бессэнсоўна», — кажуць хлопцы. 

В-12 у тварах

«Не памятаю, у якім годзе патрапіў, але памятаю, што задарылася гэта пасля матча са зборнай Украіны ў Львове. Я тады збіраў клубніцы ў Нямеччыне і ў інтэрнэце пабачыў рэпартаж з таго матчу. Гэта мяне вельмі ўразіла і зачапіла. Я прыйшоў на наступны матч, быў лівень, і мы ўсе прамоклі. Пасля пайшлі лекавацца ў адзін з дзіцячых садкоў». 

«Гэтага ніхто акрамя нас не робіць, а рабіць трэба. Бо футбалісты гуляюць дзеля фанатаў. Калі будуць пустыя трыбуны, для каго ж яны гуляць будуць?» 

«Мы не афішуем свае палітычныя погляды, у кожнага яны розныя. Гэта для нас не галоўнае: мы ўсе падтрымліваем зборную».

«Футбол — гэта маё другое жыццё. Мусаліні яшчэ ў свой час казаў "У крывi кожнага сапраўднага мужчыны вiнен быць футбол, калi гэтага няма, то з iм штосьцi не так"».


«Гэта быў 2006 год, калі я ўпершыню прыпёрся. Інфу знайшоў у нэце. Збіраліся тады на Пушкінскай глядзець футбол. Складана не знайсці ў раёне Пушкінскай трох-чатырох чувакоў з шалікамі. Паглядзелі, пагутарылі і панеслася».

«В-12 — гэта адзіны легальны сродак выказваць сваю патрыятычнасць на дадзены момант».

«У астатніх відах спорту няма такога экшану і дзвіжухі». 

«Я не хачу хадзіць на зборную, у якой да халеры легіянераў, якіх узялі, каб дасягнуць вынікаў. Я хачу хадзіць на беларусаў, хай яны будуць прайграваць і гуляць херова, але я буду ведаць, што гэта нашыя пацаны, з нашых двароў. Гэта не значыць, што я не люблю, напрыклад, бразільцаў, яны клёвыя, проста хай яны гуляюць за Бразілію».


«Пяць гадоў таму пачалі са старэйшым братам хадзіць на фан-сектар. Б-12 значна паўплывала на маё жыццё: тут я пазнаёмілася са свам мужам».

«Люблю футбол. Тут і хараство гульні, і дух спаборніцтва, і проста класныя эмоцыі ад падзей на полі».

«Ну як можна не заўзець за нашу зборную? Ну, няма ў нас іншай. Так, на жаль, пакуль яна не здольная болей перамагаць, чым прайграваць. Дык што з-за гэтага заўзець за якую-небудзь Гішпанію? Не, гэта не пра мяне. Мне, можа, падабацца гульня іншай зборнай, я нават магу сімпатызаваць ёй, але заўзець я буду заўсёды толькі за нашых хлопцаў».


«На зборную хадзіў са школы. Мне ўвесь час не падабаліся паводзіны "Кузьмы" на стадыёне: "Эй, пацан, сядь! Не видно". Хацелася нейкага экшану. Я бачыў чувакоў, якія там зажыгалі, а потым і сам да іх далучыўся». 

«Займаўся футболам у дзяцінстве, але неяк не склалася. Ну хто ў сем год не марыць стаць Месі ці Пеле?!»

«Так атрымалася, што на гульню ў Румынію некалькі гадоў таму мы ездзілі ўдвох. На ўсім бухарэсцкім стадыёне былі толькі два беларускія фанаты, затое пасля гульні выйшаў Бэрнд Штангэ і паціснуў нам рукі».


«Мы з генерацыі прасунутай моладзі, мы лічым што беларус беларуса павінен падтрымаць. Мы не можам пакінуць нашую зборную сам-насам са сваім супернікам. Ясна, што наша зборная — гэта не Гішпанія, але сэнс у тым, што мы ў іх ёсць, і яны ў нас ёсць».

«Самае прышпільнае ў Б-12 — гэта тое, што тут прадстаўленыя ўсе ўзросты, не толькі маладзёны, але і вельмі сур’ёзныя і дасведчаныя людзі».

«Калі ты нармальны пацан, для цябе футбол — гульня нумар адзін у свеце. Гэта гульня, з якой пачынаюцца хлопцы».

«Мы не проста звычайныя бульбаны, прыйшлі, пасядзелі, сышлі».

Напаўпусты стадыён. Гульня супраць Грузіі. Зрэдку можна сустрэць грузінскія сцягі, гэтак сама амаль няма і беларускіх сцягоў. Затое, немагчыма не заўважыць велізарныя банеры «Наперад, Беларусь» ды «Годныя сыны магутнай краіны — ГОНАР АЙЧЫНЫ». За ўвесь матч не было ні хвілінкі, каб хлопцы і дзяўчаты з Б-12 не «шызелі», перыядычна паказваючы свой пратэст супраць стаўлення футбольных чыноўнікаў да Б-12.

Усіх гэтых людзей з іскрамі ў вачох сабраў шэсць гадоў таму сталы фанат Андрэй: 

«Тады ўжо былі такія ідэі на форумах, я проста наважыўся гэтым заняцца. Кампанія склалася добрая, з прыблізна аднолькавым адукацыйным і інтэлектуальным узроўнем. Раней хацелі да нас далучыцца і не зусім надзейныя элементы, такіх звычайна прынята ў народзе называць «быдла». Мы іх, зразумела, не прынялі. Мы праводзілі такое адсейванне людзей, якія, на нашу думку, не зусім адпавядалі нашаму ўяўленню, якімі мусяць быць фанаты», — кажа Андрэй. 

Суполка ездзіць на выязныя гульні, але часам і паловы сектару на такіх матчах не набярэцца. Праўда аднойчы ў Львове беларускі сектар быў забіты цалкам, і ўкраінская міліцыя, баючыся разборак паміж фанатамі, суправаджала беларускіх хлопцаў да стадыёну, а пасля матча гадзіну не выпускала. Нехта ў выніку прапусціў цягнік. На такіх замежных матчах часта блытаюць заўзятараў і простых хуліганаў, бо апошнія прыехалі ў іншую краіну, каб «памахацца». Для такіх выпадкаў ёсць правіла: хуліганы звычайна не кранаюць заўзятараў (іх яшчэ называюць людзьмі, што прыехалі «на колерах»). 

P.S. Беларусь прайграла Гішпаніі з лікам 0:4, і выграла ў Грузіі 2:0. Але на фанацкі запал гэта ніяк не паўплывала: Б-12 падтрымлівае зборную ў незалежнасці ад таго, як яны гуляюць.  

Фотаздымкі: Юля Fox


Наста Darteco 16:18, 22.10.2012 | Групіроўка |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0483 seconds.