Рэгістрацыя: Летняя моўная школа ЕГУ
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) запрашае вучняў 8–10 класаў узяць удзел у штогадовай Летняй моўнай школе ў Вільні. У 2016 годзе ажыццяўляецца набор у групы па англійскай і па нямецкай мове.
Падаваць заяўкі на ўдзел могуць усе ахвотныя незалежна ад узроўню валодання мовай. Удзельнікі будуць размеркаваныя па групах, якія адпавядаюць іх узроўню моўных кампетэнцый. Выкладчыкі Летняй моўнай школы ЕГУ будуць радыя дапамагчы старшакласнікам загаварыць і палюбіць замежную мову, нават калі гэтую мову старшакласнік раней не вывучаў.
Увага! Рэгістрацыя ўдзельнікаў з бясплатнай візавай падтрымкай адбываецца да 6 мая. Каб зарэгістравацца, трэба толькі запоўніць адмысловую анлайн-форму.
Тэрміны правядзення Летняй моўнай школы: 3–16 ліпеня.
Месца правядзення: навучальны корпус ЕГУ (вул Валакупю, 5, Вільня).
У 2016 годзе набор вядзецца ў групы:
• англійскай мовы (для пачаткоўцаў і працягу навучання)
• нямецкай мовы (для працягу навучання)
У праграму Летняй школы ўваходзяць:
• інтэрактыўныя заняткі, дзе ўдзельнікі актыўна камунікуюць з выкладчыкамі і адзін з адным на замежнай мове, пашыраюць свой слоўнікавы запас і паглыбляюць веды граматыкі, глядзяць і абмяркоўваюць фільмы, чытаюць тэксты на мове арыгіналу, удасканальваюць навыкі публічнага выступу;
• праца ў міні-групах у бібліятэцы ЕГУ, дзе старшакласнікі змогуць карыстацца вучэбнай літаратурай і інтэрнэт-крыніцамі для стварэння сваіх фінальных праектаў, выкарыстоўваючы розныя інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі;
• разнастайныя культурныя і спартовыя мерапрыемствы, падчас якіх старшакласнікі пазнаёмяцца з выдатнымі мясцінамі Літвы, возьмуць удзел у майстар-класах па фатаграфіі, відэаздымцы ролікаў, маляванні ды інш.
Пасля заканчэння Моўнай школы ўсе ўдзельнікі атрымаюць адмысловыя сертыфікаты ЕГУ. На працягу ўсёй школы ўдзельнікаў будуць суправаджаць выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта.
Кошт удзелу: 210 еўра (з двухразовым харчаваннем) альбо 130 еўра (без харчавання).
У кошт уваходзіць: 50 гадзін моўных заняткаў у групах да 10 чалавек, спартовыя і культурныя мерапрыемствы, сертыфікат праходжання курсаў. За дадатковую плату будуць арганізаваныя экскурсіі па Вільні і Літве.
Кошт пражывання: 65 еўра (аплачваецца асобна). Удзельнікі будуць заселеныя ў двухмесцавыя пакоі студэнцкага дома, які месціцца паблізу ўніверсітэта.
Кансультацыі праводзяцца па эл. пошце: sls2016@ehu.lt