«Казакі-разбойнікі» альбо студэнты і спэцназ на акцыі супраць адмены льготаў

У нядзелю некалькі сотняў студэнтаў спрабавалі правесьці акцыю супраць адмены льготаў. Бліжэй да 17.00 на плошчу Бангалор пачалі падыходзіць актывісты моладзевых арганізацыяў і звычайныя студэнты менскіх ВНУ. Але яшчэ на падыходах спэцназ пачаў дыктаваць свае правілы і затрымаў некалькі моладзевых актывістаў. Астатняя частка вечара нагадвала дзіцячую гульню «Казакі-разбойнікі». Па ўсім горадзе міліцыя перасьледавала невялікія групы студэнтаў. Пасьля затрыманьня іх адпускалі і гульня працягвалася зноў.

Хаця афіцыйна было заяўлена аб скасаваньні цэлага шэрагу ільготаў, на пратэст наважыліся толькі некалькі соцень студэнтаў. Заяўнікамі акцыі выступілі актывісты моладзевых арганізацыяў, але Менгарвыканкам адмовіў арганізатарам у афіцыйным дазволе. Менскія чыноўнікі спаслаліся на тое, што ў парку нібыта заплянаваная вялікая прыборка тэрыторыі.

Нягледзячы на забарону, моладзевыя актывісты ўсё ж такі вырашылі нагадаць пра правы студэнтаў на льготы.

Паводле прэс-рэлізу партыі БНФ, арганізоўваў акцыю вялікі сьпіс моладзевых структураў: моладзь БНФ, Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, Вольная моладзь, Малады фронт, БАМП, Грамадзянскі форум, МХСС Маладыя дэмакраты. Магчыма, праз такую вялікую колькасьць арганізатараў добрай арганізацыі імпрэзы бракавала.

Каля некаторых унівэрсытэтаў віселі заклікі зьбірацца ля сваёй навучальнай установы, а потым разам крочыць да сквэру Янкі Купалы. Іншыя ведалі, што трэба прыходзіць на плошчу Бангалор і прыносіць з сабой рыдлёўкі, каб дапамагчы прыбіральшчыкам у іх нялёгкай справе, ды заечыя вушкі – сымбаль зайца ў транспарце.

У 17.00 каля плошчы Дружбы народаў было вельмі шмат міліцыянтаў і супрацоўнікаў у цывільным. Амаль адразу былі затрыманыя чатыры чалавекі, пазьней колькасьць затрыманых павялічылася да 20-ці чалавек.

Студэнты невялікімі групамі гулялі па ваколіцах, стэлефаноўваліся і ўрэшце вырашылі рухацца да унівэрсама «Рыга», а адтуль – у цэнтар, да сквэру Янкі Купалы.

У калёне было некалькі дзесяткаў чалавек, некаторыя з вушкамі і ў жоўтых цішотках «Без квітка, бо ільготаў няма».

Да ўдзельнікаў пачалі чапляцца некалькі амапаўцаў. Але рэальнай пагрозы не адчувалася – пакуль не зьявіўся аўтазак. Даволі брутальна амапаўцы запіхалі ў машыну чалавек дваццаць, некаторых хлопцаў пры гэтым пабілі, дзяўчыны жудасна крычалі.

Толькі тыя, хто пасьпеў зьбегчы, зноўку сабраліся разам, як пад’ехаў другі аўтазак.

Сілы былі няроўныя – міліцыянты яўна праявілі большы інтарэс да акцыі чым самі студэнты. Менская міліцыя прыехала на Банголор на аўтамабілях, аўтобусах і браняваных аўтазаках. Удзельнікаў зь яе боку сабралася вельмі шмат, хаця арганізаванасьці ў іх таксама бракавала. Два вялікіх амапаўца даганяючы аднаго студэнта завалілі плот, намагаючыся пераскочыць празь яго.

Гульня працягвалася. Народ зьбіраўся ва ўсё меншыя групы, за імі езьдзілі машыны, людзі ў цывільным ды з рацыямі вышуквалі па дварох моладзь.

Ацаніць дакладную колькасьць удзельнікаў з боку студэнтаў вельмі складана, бо сабрацца разам усім актывістам так і не давялося. Але імпэту і энэргічнасьці ў пары сотняў студэнтаў было шмат.

Спробы масавых затрыманьняў працягваліся прыкладна паўгадзіны, пасьля чаго ў аддзяленьнях РУУС Савецкага і Цэнтральнага раёну апынулася некалькі дзесяткаў чалавек. Але ўжо праз хвілін 30 іх адпусьцілі без складаньня пратаколу.

Актывісты на гэтым не супакоіліся і праз пэўны час пачалі зьбірацца ў цэнтры Менску, дзе пры першых прыкметах арганізованага руху моладзі зьяўляліся аўтазакі.

Затрыманьні працягваліся да вечара, а моладзь не кідала спробы сабрацца і рушыць хоць куды. Куды рушыць і навошта, мабыць, ня ведаў ніхто. Некаторых затрымлівалі ўжо ня першы раз за дзень, заводзілі ў машыны міліцыі і адвозілі ў раён станцыі мэтро «Інстытут культуры», дзе выпускалі.

Гульня скончылася прыблізна ў 20.20 у раёне гандлёвага дому «Няміга». 20 студэнтаў раптоўна сабраліся ў групу і некалькі разоў пракрычалі пра тое, што льготы ў студэнтаў адбіраць ня варта. А аўтазакі паехалі на базу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0577 seconds.