Бясплатны праезд у студэнтаў забіраюць з-за чэмпіянату па хакеі

Намесніца мэра Менску патлумачыла, чаму студэнты болей не будуць мець ільготаў на праезд у грамадскім транспарце. Паводле чыноўніцы, гораду патрэбныя сродкі на падрыхтоўку да чэмпіянату свету па хакеі, што адбудзецца менш чым праз 2 гады, а таксама на будаўніцтва новых дамоў.

«Пакуль не будзем уводзіць бясплатны праезд для студэнтаў. Ільгота застанецца толькі для школьнікаў. Бо сёння ў нашай краіне і так самы танны праезд у грамадскім транспарце: пасажыры плацяць толькі 30% ад яго кошту», — заявіла намесніца мэра Жанна Бірыч у інтэрвью «Звяздзе».

«Аплачваць праезд студэнтаў бюджэту проста не па сілах. Нам неабходна прыводзіць горад у належны стан да чэмпіянату свету па хакеі: укладаць грошы ў рамонт дарог, вуліц, двароў. Будаўніцтва інфраструктуры, якая неабходная для новых дамоў, таксама вымагае шмат сродкаў».

Бясплатны праезд для студэнтаў быў уведзены ў Менску ў верасні 2011 году ў час крызісу. У ліпені яго адмянілі з абяцаннем, магчыма, вярнуць льготу напачатку навучальнага году.

Аднак ужо ў жніўні мэр гораду Ладуцька заявіў, што з 1 верасня 2012 студэнты і надалей будуць плаціць за праезд. Ён патлумачыў рашэнне адсутнасцю нагоды падтрымліваць навучэнцаў:

«У мінулым годзе, улічваючы няпростую эканамічную сітуацыю, мы прынялі рашэнне падтрымаць навучэнскую моладзь. Зараз эканамічнае становішча і ўзровень даходаў насельніцтва змяніліся».

Раней меркавалася, што студэнцкі праезд можа быць аплочаны з пакету ў $69 млн. — дадатковых прыбыткаў гораду ад падаткаплацельшчыкаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.