Менскія студэнты зноўку будуць езьдзіць бясплатна

У ліпені і жніўні студэнты вымушаныя плаціць за праезд у грамадзкім транспарце. Аднак з пачаткам навучальнага году яны зноўку стануць езьдзіць бясплатна. Аб гэтым заявіў сьпікер парлямэнту Менска. За праезд студэнтаў і школьнікаў заплацяць падаткаплацельшчыкі: на гэта ўжо вырашана вылучыць $69 млн.

«З 1 верасьня мы плянуем вярнуць бясплатны праезд для студэнтаў, а для школьнікаў ён не адмяняўся. Усё гэта патрабуе дадатковых выдаткаў», — заявіў сьпікер менскага савету дэпутатаў Міхаіл Савановіч.

Паводле рашэньня дэпутатаў менскага гарадзкога савету, на датаваньне гарадзкога грамадзкага транспарту вылучаць дадатковыя $69 млн. Гэтыя грошы прыйшлі ад падаткаплацельшчыкаў Менска, што дазволіла павялічыць бюджэт гораду на значную суму. Аб гэтым перадае агенцыя «Мінск-Навіны».

Акрамя гэтага, дадатковыя сродкі накіруюць на будаўніцтва мэтро, стварэньне безбар’ернага асяродку, сфэру адукацыі і аховы здароўя.

Паводле дасьледаваньняў, вынікі якіх агучвалі прадстаўнікі афіцыйных прафсаюзаў працаўнікоў адукацыі і навукі, толькі пятая частка студэнтаў мае звычку заўжды плаціць за праезд.

Верагодным праціўнікам вяртаньня бясплатнага праезду для студэнтаў можа стаць мэр Менска Мікалай Ладуцька. Раней ён прапанаваў навучэнцам не патрабаваць бясплатнага праезду, а зарабіць на яго аплату ў атрадах БРСМ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.