Чыноўнікі прапануюць студэнтам пайсці ў кандуктары, каб зарабіць на праезд

З кастрычніка за праезд у Менску прыйдзецца зноўку плаціць болей. Студэнтам, якія яшчэ нядаўна ездзілі ў грамадскім транспарце абсалютна бясплатна, чыноўнікі прапануюць зарабляць на праезд уласнымі сіламі.

«Я абсалютна згодны з тым, што ўсё ж такі адмянілі бясплатны праезд для студэнтаў, — заявіў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства „Мінсктранс“ Віктар Тозік у інтэрв’ю tut.by. — Студэнты ў стане зарабіць на праезд у грамадскім транспарце».

«У Менску шмат месцаў, дзе можна знайсці працу, — дадаў Тозік. — Калі яны не могуць яе знайсці, хай прыходзяць да нас на прадпрыемства. Мы ім прапануем падпрацаваць кандуктарам, кантралёрам. Нават працуючы на 0.25 стаўкі кандуктарам, у іх з’явіцца дадатковы прыбытак. Мы павінныя ў маладога пакалення выхоўваць пачуццё, што ў гэтым свеце нічога бясплатнага няма».

Калі ж студэнты не захочуць ісці ў кандуктары, ім прыйдзецца пашукаць ва ўласных гаманцах сродкі на аплату ўзрослага кошту праезду. З кастрычніка адзін квіток у Менску будзе каштаваць 1 700 рублёў.

Віктар Тозік шукае кандуктараў сярод бедных студэнтаў

Бясплатны праезд для студэнтаў быў уведзены ў Менску ў верасні 2011 году ў час эканамічнага крызісу. У ліпені яго адмянілі з абяцаннем, магчыма, вярнуць льготу напачатку навучальнага году.

Аднак ужо ў жніўні мэр гораду Ладуцька заявіў, што з 1 верасня 2012 студэнты і надалей будуць плаціць за праезд. Чыноўнікі патлумачылі рашэнне недахопам сродкаў на падрыхтоўку да чэмпіянату свету па хакеі, што адбудзецца менш чым праз 2 гады, а таксама на будаўніцтва новых дамоў.

Улетку мэр Ладуцька прапаноўваў студэнтам зарабіць сабе на праезд у будаўнічых атрадах БРСМ.

Транспартныя праблемы студэнтаў вырашыць немагчыма?

Акрамя гэтага намеснік генеральнага дырэктара галоўнага транспартнага прадпрыемства Менску заявіў, што цалкам вырашыць праблему транспартыроўкі студэнтаў ад студэнцкай вёскі ў цэнтр немагчыма:

«Сёння там сітуацыя палепшылася, але праблема не вырашылася канчаткова. Мы пусцілі па гэтым маршруце толькі даўгія тралейбусы. Але патэнцыйныя пасажыры аддаюць перавагу аўтобусу, лічачы, што ён ездзіць хутчэй, чым тралейбус. На самой справе, іх графікі руху і хуткасці практычна аднолькавыя», — сказаў Віктар Тозік.

Праблема транспартыроўкі насельнікаў студвёскі ля кальцавой аўтадарогі абвастрылася ў Менску з пачаткам навучання, калі тысячы студэнтаў адначасова паспрабавалі выйсці на прыпынак і дабрацца да першых пар у цэнтр гораду. Многія ў выніку не мелі магчымасці зайсці ў перапоўненыя аўтобусы цягам паўгадзіны.
У лістападзе недалёка ад студвёскі з’явіцца станцыя метро.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.