Беларускае студэнцтва з 1989-га да нашых дзён у чатырох асобах
Сёньня — Міжнародны дзень студэнта!
Для кагосьці студэнцкі час застаецца самай вясёлай і настальгічнай парой, для кагосьці няспыннай і безвыходнай зуброжкай, а камусьці ўдаецца за 5 год і павучыцца, і павесяліцца, і стаць актыўным сьведкам і ўдзельнікам грамадзка-палітычных зьменаў у краіне ды сьвеце.
Як уплывалі распад СССР, аднаўленьне незалежнасьці Беларусі і абраньне першага прэзыдэнта на адукацыю? Да Дня Студэнта 4 студэнты розных пакаленьняў ад савецкага часу да нашых дзён дзеляцца сваімі ўспамінамі з Generation.by.
Беларускаму студэнцтву выпала на долю багатая гісторыя. Сярод сучаснай беларускай моладзі можна сустрэць і тых, хто свае першыя студэнцкія гады перажыў яшчэ ў савецкія часы, атрымаўшы дыплём ужо ў незалежнай Беларусі, таксама тых, хто паступіў у часы нацыянальнага Адраджэньня і маладым спэцыялістам стаў у Беларусі, што пачала зьмяняцца. І, канешне, не застаюцца без ўвагі студэнты, якія атрымоўваюць адукацыю ў зусім іншай, сёньняшняй, Беларусі.
Беларускі студэнт за апошнія 20 год пасьпеў павывучаць розныя ідэалёгіі з пераменным перапынкам, практычна пазбавіцца і зноў атрымаць хамут разьмеркаваньня, пастрайкаваць і памаўчаць, мець посьпехі і паразы ў сваіх змаганьнях, прайсьці розныя стадыі супрацоўніцтва і ўзаемаадносінаў на ўзроўні студэнт-выкладчык, студэнт-ВНУ, студэнт-Мінадукацыі, студэнт-дзяржава.
1989-1995
Юрка Новікаў, дызайнэр адной зь менскіх рэклямных фірмаў, і Зьміцер Салошкін, дзіцячы лекар Цэнтра Маці і Дзіця, сталі студэнтамі ў 1989 годзе. Прадчуваньне і пачатак адлігі істотна паўплывалі на іх студэнцкае жыцьцё, грамадзкі настрой. Разгубленасьць кіруючых вяршкоў і адміністрацыі ў незразумелай палітычнай сытуацыі надавала студэнтам моц, здаровую ўпэўненасьць і натхненьне.
«Само па сабе студэнцтва ня зьменіцца ніколі, будзе праходзіць толькі ў новых варунках», — кажа Зьміцер Салошкін, выпускнік мэдінстытута.
Ужо ў 1989 годзе Юрка Новікаў у анкеце пры паступленьні сярод пунктаў пра паходжаньне, асабістых дадзеных і г.д запаўняў новы радок «Грамадзянства», хаця тады яшчэ ўсе былі «папяровымі» грамадзянамі СССР. «Не думаючы, напісаў Беларусь!» — усьміхаецца Юрка, колішні студэнт РТІ.
Эўфарычны смак свабоды
Зьмітру цяжка параўнаць тагачасны, «невядомы смак свабоды і братэрства» з сёньняшнімі імкненьнямі:
«Гэтага нельга адчуць зараз. Няма такога кантрасту, калі нічога не было, людзі былі жорстка зажатыя, нікуды не маглі выехаць, а пасьля шмат што стала магчымым. Страху не было, было весела».
Сярод студэнтаў было шырокае кола аднадумцаў, чыталі газэткі, з гонарам хадзілі на акцыі і ўдзельнічалі ў першых выбарах. Нешматлікія ўнівэрсытэты страйкавалі ў тыя часы цэлымі факультэтамі. Але большасьць студэнтаў ахвотна далучалася да рухаў, акцыяў, ініцыятываў.
Разьмеркаваньне было толькі тэарэтычным і ўхіленьне ад яго не насіла злачынны характар. Разьмяркоўвалі, але мала хто даяжджаў да сваіх месцаў, хто хацеў вольны дыплём, таму яго і давалі. Наведвалі, канешне, шматлікія імпрэзы.
«Ужо ў нашыя часы было супрацьпастаўленьне Беларусі Савецкаму саюзу. У 1989 годзе на
рок-фэсьце «Тры колеры» ва Уруччы ў натоўпе было 2 сьцяга, беларускі савецкі і бел —чырвона-белы . Нацыянальныя сьцягі тады яшчэ міліцыя не забірала, бо ня ведала, што гэта такое. На гэтым канцэрце я з адным хлопцам трымаў савецкі беларускі сьцяг. Гэта не было заганна. Падняць беларускі, няхай савецкі, сьцяг замест усесаюзнага чырвонага было выклікам сьцягу СССР», — узгадвае Юрка студэнцкі вольны час.
Ва ўнівэрсытэтах былыя ідэолягі пачалі выкладаць іншыя гуманітарныя навукі, яшчэ казалі, што савецкая ўлада гэта добра, але адзначалі, што былі перагібы. Выкладчыкаў, якія адкрыта і праўдзіва расказвалі пра гістарычныя падзеі, былі адзінкі.
«На перапынках мы бегалі паліць ў пакойчык камітэта Камсамола»
Зьміцер ганарова спаліў свой камсамольскі білет на адной з акцыяў на пл. Незалежнасьці і ў інстытуце да камсамольскай арганізацыі ўжо ня меў ніякага дачыненьня.
Юрка камсамольцам яшчэ пабыў, але:
«Камсамол ужо паступова выміраў. У камсамоле былі амаль усе і большасьць адэкватных людзей, таму навязваньнем ідэалёгіі не было. І ў тыя часы камсамол перастаў быць ідэалягізаванай арганізацыяй. На перапынках мы бегалі паліць у пакойчык камітэта Камсамола. Хлопцы зачынялі дзьверы, каб хто з адміністрацыі не злавіў і мы выпальвалі цыгарэты, якія захоўваліся ў адмыслова скрыначцы, выразанай у адной з кнігаў Леніна».
Гісторыя з «Гісторыяй КПСС»
Курс «Гісторыя КПСС» быў вельмі значнай дысцыплінай у савецкія часы і кожнаму студэнту належала авалодаць ведамі па ім і здаць іспыт.
У канцы 1990 года выкладаньне гісторыя КПСС у мэдычным інстытуце і пазьней ва ўсіх навучальных установах было адмененае намаганьнямі студэнтаў. Праўда, замянілі гэты прадмет пазьней на «Гісторыю палітычных партый», якая захавала амаль ў поўным аб’ёме гісторыю КПСС і ахоплівала яшчэ палітычны рух Расейскай імпэрыі і знаёмства з сучаснымі палітычнымі партыямі.
Зьміцер актыўна ўдзельнічаў у студэнцкай кампаніі за адмену выкладаньня «Гісторыі КПСС»:
«Прыблізна палова студэнтаў падпісаліся за адмену. Можа 75 адсоткаў зь іх не хацелася вучыць дадатковы прадмет і не хацелася здаваць яшчэ адзін прадмет, тым больш такі маразм. Ідэйных змагароў было прыблізна па 10 чалавек, якія, рухалі ўсё ў сваім ўнівэры. 15 адсоткаў складалі тыя, хто не хацеў вучыць менавіта гісторыю КПСС. Збору подпісаў ніхто не перашкаджаў, і не спрабавалі выкінуць з ўнівэра. Хаця калі б моцна хацелі, то маглі б. Выклікалі на партком. Канешне, адсочвалася дзейнасьць актыўных людзей, ведалі, што мы выдавалі „Студэнцкую думку“.»
Аднойчы Зьміцер з аднакурсьнікамі прыйшоў на сход рэктарата. Слова студэнтам не далі, але сытуацыю вырашылі загладзіць. І на ўзроўні рэктарату было прынята, што іспыт па гісторыі КПСС здаваць у мэдычным ўнівэры ня будуць.
«Пазьней пачалі прыходзіць студэнты з трэцяга курса і прасіць
што-небудзь адмяніць ім. Мы мелі посьпех і папулярнасьць. Адмена гісторыі была кропкавая. Ведаю, што ў некаторых унівэрах першапачаткова яе не здавалі толькі некаторыя факультэты, якія выступілі супраць, а іншыя здавалі ў звычайным парадку».
Юрка
Ваенная катэдра і «раскрыцьцё тайнаў» № 1
Бацькі хлопцаў сёньняшняга пакаленьня нярэдка шукаюць факультэты, дзе яшчэ ёсьць ваенная катэдра, каб не пабачыць сына праз некалькі год у ботах. Ваенных катэдраў становіцца ўсё менш. Хлопцы з вышэйшай адукацыяй, шукаюць, як «адкасіць» ад жаўнерства, бо ў найбліжэйшай будучыні гаворкі пра пераход выключна на кантрактнае войска не вядуцца.
Юрка ваенную катэдру ў сваім ўнівэры не застаў. Адмянілі за год да яго паступленьня. Часткова на ваенную катэдру іх унівэра маглі трапіць толькі выдатнікі і студэнты з добрымі сувязямі. У войска ён таксама не трапіў, бо па сканчэньні ўнівэра, войска стала беларускае, а грамадзянства ў Юркі было расейскае. А вось ва ўнівэры Зьмітра наведваньне ваеннай катэдры было ганаровым заняткам, за якое нават даплочвалі:
«Такі рэдкі час быў у нас, усе пачалі адмаўляцца ад вайсковых катэдраў, а ў нас атрымоўвалі нават дадатак да стыпэндыі, калі ты яе наведваў. Хто адслужыў — 15 руб, напрыклад, і калі адслужыў і хадзіў — 25 руб. Таму ў нас хадзілі з ахвотай усе.»
Канспэкты зь лекцыяў па ваенцы былі як вайсковая таямніца. Пісаць можна, а з сабой выносіць нельга, каб не рассакрэціць дзяржаўныя таямніцы. Зьміцер кажа, што ў апошнія гады СССР ідэалёгію можна было назваць «разбродам і хістаньнем».
«Пра імпэрыялістаў нічога не было, ды і самім гэтым дзядзькам было напляваць. Нейкія сакрэты, канешне, былі. Мы пісалі канспэкты на лекцыі і здавалі іх на выхадзе нейкаму сакрэтчыку. Я, каб зусім было сакрэтна, пісаў свае канспэкты беларускай лацінкай. Гэта каб нават тым сакрэтчыкам не было зразумела. Але я так думаю, што ім было зусім абыякава і да мяне ніколі не было пытаньняў, што я там шыфрую».
1994 -2000
Перакладчык Андрэй Клікуноў і малады палітык Андрэй Саротнік адвучыліся ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце. Паступалі з розьніцай у адзін год — у 1994 і 1995 гадах. Андрусь Клікуноў затрымаўся ва ўнівэрсытэце пасьля сканчэньня яшчэ на два гады — выкладаў студэнтам ангельскую мову.
У час навучаньня хлопцаў на сустрэчы да студэнтаў ва ўнівэрсытэцкія залі запрашалі палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, напрыклад Юрася Хадыку, Славаміра Адамовіча і ладзілі цалкам адэкватныя адкрытыя палітычныя дыскусіі. Студэнты выбіралі паміж імпрэзамі.
У пэдагагічным унівэры праходзілі акустычныя канцэрты Лявона Вольскага, Славы Кораня, Касі Камоцкай. Паліталёгія праходзіла яшчэ без ідэалягічнага ўхілу. На акцыі хадзілі студэнты не хаваючыся са сваімі аднакурсьнікамі, сустракалі сваіх выкладчыкаў, абмяркоўвалі падзеі:
«На Чарнобыльскім шляху хлопцы самі зрабілі таблічку МДЛУ і несьлі яе наперадзе калёны. Рабіў не я, але нейкі час яе нёс», — ганарыцца Андрэй Саротнік і дадае: «А праз пару год ў дзень Чарнобыльскага шляху зрабілі ўжо выходны, каб студэнты дахаты разьехаліся.»
Яшчэ на першым курсе, у 1994 годзе Андрусь Клікуноў напісаў рэфэрат пра
З найбольшым захапленьнем Андрусь распавядае пра сваю былую выкладчыцу Вольгу Калацкую:
«Такога спэцыяліста па граматыцы, напэўна, нідзе не знайсьці ў Беларусі. Адзіны выкладчык, які ад першага курсу профільны прадмет выкладала
па-беларуску . Вольгу «сыйшлі» з унівэрсытэта некалькі год таму. Старая гвардыя граматыстаў папамірала, а таленавітую моладзь, як Вольга, павыпіхвалі. Засталіся лічаныя спэцыялісты, і тое сталага веку.»
Ваенная катэдра і «раскрыцьцё тайнаў» № 2
Студэнтам лінгвістычнага ў 1995 яшчэ пашчасьціла трапіць на вайсковую катэдру.
«Хадзілі спачатку як звычайна апранаюцца студэнты. Пасьля прымусілі хадзіць у строях. Прымушалі хадзіць на такія мерапрыемствы як 1 мая, 7 лістапада, але без нейкага ідэалягічнага ціску. Не баяліся тады на лекцыі запрашаць нават Ваеннага аташэ Амэрыканскай амбасады. Ён распавядаў пра амэрыканскую вайсковую сыстэму. Гэта дапамагло мне істотна ў пашырэньні сьветапогляду, ведаў па краіназнаўству», — узгадвае Андрэй Саротнік.
Вяртаньне прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў
Якраз на пятым курсе навучаньня Андруся Клікунова было адноўленае з Савецкага Саюзу прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў на працу, якое яшчэ больш жорсткім стала ў апошнія гады.
«Тады юрысконсульт у МДЛУ, калі я прыйшоў да яе з пытаньнем, так і сказала: „Змагайцеся! Праўда на вашым баку!“ Са змаганьнем, праўда, было тугавата з прычыны абыякавасьці пераважнай колькасьці выпускнікоў. Бо тады ўсё было ня так страшна, як цяпер. Палова дзяўчат зьехала ў ЗША, Нямеччыну, Швэцыю. Дарэчы, у першую чаргу тых, хто паступаў па ільготах з рэгіёнаў. Па разьмеркаваньні даехаў мала хто. У мяне дагэтуль у архіве ляжыць прыпісное пасьведчаньне па разьмеркаваньні:)»
Андрусь разьмеркаваўся настаўнікам у Нацыянальны ліцэй імя Якуба Коласа, дзе і адпрацаваў два гады «ад званка да званка». А побач са студэнтамі застаўся яшчэ на два гады пасьля дыплёму — выкладаў ва ўнівэрсытэце ў 1999–2001 гадах. Студэнты на занятках перакладалі навіны з Charter97, «Луку Мудзішчава», матэрыялы зь незалежных выданьняў пра зьнікненьні палітыкаў і падтасоўкі на выбарах. Пазьней Андрусь сыйшоў з унівэрсытэта.
200X
Рана напэўна зараз ўзгадваць пра тое, што адбывалася за апошнія гады. Пра гэта спытаюць пазьней, мы ж адчуваем на сабе пастаянныя навіны пра бясконцыя й безвыніковыя спробы рэфармаваньня беларускай адукацыі.
Настальгія па СССР у чыноўнікаў зьмяшаная з жаданьнем прыцягнуць у краіну болей багатых замежных студэнтаў (пераважна з "брацкага" Кітаю). Але нават кітайцы ня надта прагнуць атрымліваць веды ў краіне, якая "ідзе сваім шляхам" у незразумелым кірунку па-за сусьветнымі стандартамі.
Правілы паступленьня ў ВНУ зьмяняюць штогод і гэтак жа штогод абяцаюць больш не зьмяняць.
Хутка студэнты застануцца без льготаў і, на жаль, большасьць, асабліва тых, хто скардзіцца на недахоп грошаў, праглынулі гэтую навіну.
Апякунства над студэнтамі перарастае ў кантроль і жорсткі клопат пра іх вольны і навучальны час.
Сьпіс сумных навінаў пра сёньняшні студэнцкі час можна працягваць, але праўду кажуць «бывалыя» студэнты: нецікавым студэнцтва і гэты незабыўны час ня будзе ніколі! Галоўнае толькі не праспаць яго ў інтэрнацкім пакоі ці ўтульнай бацькоўскай хаце.