У Горках прайшоў штогадовы музычны фэст “Рок-Каляды 2003”

У Горках, што на Магілёўшчыне, прайшоў штогадовы музычны фэст “Рок-каляды”, арганізаваны сёлета Задзіночаньнем Беларускіх Студэнтаў. Лепшым гуртом прызнаны менскі Rahis. Галоўная мэта фэсту – сабраць і прадставіць слухачам малавядомыя рок-каманды.

Сёлетні канцэрт, як і мінулагоднія, прайшоў з уручэньнем прызоў у розных намінацыях. Піўныя коркі і ганаровыя сэртыфікаты з пазнакай “Праверана: слухаць можна” атрымалі гурты “Маша і К” (лепшы жаночы вакал), горацкія панкі “Surface” (лепшы бас-гітарыст), “Усё ды нічога” са Слуцку (лепшы сола-гітарыст) і “Водар-сусьвет”, чые бубны і вакал падаліся найбольш прафэсійнымі.

Магілёўцы з гурту “Водар-сусьвет” зладзілі напрыканцы фэерычнае відовішча зь нечаканым выхадам сьнягуркі, што было адзначана дыплёмам “За лепшае шоў”, а “Кольт і віскі” (Горкі) прадэманстравалі сапраўднае ўменьне граць “беларускае кантры”.

Пераможцы фэсту – трыо Rahis зь Менску атрымалі акрамя галоўнай узнагароды сэртыфікат за лепшы бэк-вакал.

P.S. фотаздымкі Волі Кузьміч з канцэрту і ўражаньні іншых ўдзельнікаў можна ўбачыць у нас на форуме.

horki 00:00, 24/12/2003 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0562 seconds.