У Менску расце колькасць крадзяжоў ровараў. Што рабіць?

Некалькі дзён таму менская міліцыя выкрыла цэлую групу роварных злодзеяў: на рахунку двух школьнікаў і студэнта было мінімум 11 крадзяжоў ровараў. У Першамайскім раёне, на вуліцах Цяністай і Старавіленскай хлопцы скрадалі ўсё больш папулярныя ў Менску двухколыя транспартныя сродкі, каб пасля перапрадаваць за 70–90 долараў на рынку.

А праз некалькі дзён стала вядома аб яшчэ больш дзіўным выпадку крадзяжу: 22-гадовы хлопец спачатку зняў веласіпеды на чужы згублены пашпарт у пункце пракату, пасля прадаў іх. Пазней ровары перадавалі яшчэ тры разы, пакуль адзін з іх не трапіў у рукі пракатчыкаў — яны і набылі ровар у інтэрнэце, пасля чаго звярнуліся ў міліцыю.

Гэткія роварных хэпіэнды — на жаль, выключэнне з практыкі. Толькі са студзеня па чэрвень мінулага году ў Менску скралі 226 ровараў. Знайшлі толькі 40.

З прыходам вясны адпаведныя раздзелы форумаў пачалі папаўняцца сумнымі гісторыямі пра зніклыя ровары. Адну з такіх размясціла юзерка ko1u4e4ka: ейны ровар прапаў у раёне станцыі метро «Аўтазаводская». Знайшлося фота ровару, якое было расклеенае ў раёне, а таксама распаўсюджанае на спецыялізаваных сайтах і форумах.

«Увечары таго ж дня, калі былі расклееныя ўлёткі, патэлефанавалі і сказалі, што «мы бачылі ровар, які падыходзіць пад ваша апісанне ў хлопца з не вельмі спрыяльнай сям’і (што ставіць пад сумнеў магчымасць куплі такога велу)», — піша карыстальніца. Уладальніца ровару перадала інфармацыю аб верагодным знаходжанні злодзея ў міліцыю, якая здолела вярнуць ровар.

ko1u4e4ka лічыць, што знайсці ровар атрымалася дзякуючы ўласнаму даследаванню і дапамозе жыхароў раёну.

«З прыходам лета традыцыйна становіцца больш крадзяжоў ровараў», — прызнае часова выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка крымінальнай міліцыі Першамайскага РУУС Аляксандр Грамовіч. Міліцыянт дае некалькі парадаў аб падвышэнне бяспекі роварнай маёмасці: карыстацца адмысловымі замкамі, блакаваць рухомыя часткі ровару, а лепей увогуле не пакідаць яго без дагляду.

5 парадаў, якія падвысяць шансы захаваць свой ровар пры сабе

  1. Не пакідаць ровар без замкоў, нават у зачыненых месцах;
  2. Пакідаючы ровар, замацоўваць не адзін, а хаця б 2 элементы, напрыклад кола і раму;
  3. На ўсялякі выпадак зрабіць фота ровару;
  4. Калі пакідаць ровар на вялікі час, забіраць з сабой нейкую частку, напрыклад, сядло;
  5. А агулам, дарагі ровар лепей не набываць.
comments powered by Disqus
 
In 0.1198 seconds.