Сем прычынаў, якія не дазволяць табе набыць ровар на гэтым тыдні

Мы сабралі некалькі тыповых стэрэатыпаў, якія не дазволяць табе заўтра проста пайсці ў краму і набыць там ровар.

1. У выбары ровара лёгка заблытацца

Выбар ровару — справа няпростая. Новы набыць ці былы ва ўжыванні? Дарагі ці патанней? З якой рамай і ўласцівасцямі? Нармальны ровар каштуе дорага, але яго могуць скрасці. А на танным можна далёка не з’ехаць ці ўвогуле забіцца. Разабрацца ж у тым, якое адрозненне паміж звычайным горным і, напрыклад, гарадскім роварам — увогуле справа не адной гадзіны.

А гэта асновы выбару. З улікам існавання тысяч найменняў і відаў, вочы пачынаюць разбягацца, як толькі заходзіш на чарговы роварны электронны ці проста супер-гіпер-маркет. Зрэшты, у справу выбару ровара заўжды можна далучыць знаёмца-знаўца пытання. І заадно адкатаць з ім ці ёй свае першыя роварныя кіламетры.

2. Бардзюры высокія, а веладарожак мала

Адна з найбольш распаўсюджаных праблем, з якімі сутыкаюцца пачаткоўцы-раварысты і раварысткі (ці тыя, што толькі мараць стаць такімі) — адсутнасць неабходнай інфраструктуры ў горадзе. Сапраўды, рухацца па тратуарах цяжка, заехаць на некаторыя з іх немагчыма, а нават калі гэта атрымліваецца, праз некалькі кіламетраў гэткага Парыж-Дакару, што часта ўяўляе сабой перасоўванне па маляўнічых вуліцах-праспектах сталіцы, хочацца кінуць ровар і бегчы падалей ад яго.

Аднак не ўсё так дрэнна. Прынамсі, у тым жа Менску. Напрыканцы мінулага году сталічны веларух узначаліў сам мэр Ладуцька. І адразу галоўны горад краіны высунуў прэтэнзіі на роварны цэнтр калі не ўсёй Еўропы, то самай усходняй яе часткі. Улады кажуць, што ўжо сёлета пабудуюць у Менску амаль чатыры дзясяткі кіламетраў роварных дарожак. 

Але можна, выбірацца за горад, дзе пра бардзюры не чулі, затое ё свежае паветра, птушкі і краявіды, якіх не хапала ў тваім інстаграме.

3. Няма душу на працы/ва ўніверы

«Вось бы яшчэ ў кожны офіс душык ды месца для ровару», — мараць многія з тых, хто б хацеў ездзіць на ровары на працы і назад. Сапраўды, пасля 20 км. кручэння педаляў не кожны будзе выглядаць прывабна да такой ступені, каб працягваць працу ва ўмовах скучаных офісных памяшканняў.

Знаўцы пытання кажуць, што і без душу можна абысціся. У горшым выпадку вымыцца і пераапрануцца можна і ў прыбіральні. Калі ж раварыстаў-працаўнікоў стане шмат, у кампаніяў узнікне стымул будаваць памяшканні адразу з убудаванымі душамі. Тыя ж, каму ад хаты да працы 10 хвілін ці некалькі кіламетраў, душ увогуле непатрэбны.

4. Не ўмею ездзіць на ровары

Камусьці ў дзяцінстве так і не давялося пакатацца на ровары, і з тых часоў недзе ў падсвядомасці завіс страх: Я НЕ ЎМЕЮ. І дзе цяпер навучыцца? Вунь, для лыжнікаў пачынаючых, гэтаксама як і для плыўчых, ёсць інструктары. Нават фатаграфаваць могуць навучыць адмыслоўцы. Але пра курсы для раварыстаў не чуваць.

Запыт у Google, «што рабіць, калі я не ўмею ездзіць на веласіпедзе», выдае вельмі просты адказ: «проста сядаеш, трымаеш роўна і круціш педалі».

5. Набуду, а назаўтра яго скрадуць

Сур’ёзная праблема, ад якой пакутуюць няшчасныя па ўсім свеце. І, што цікава, чым багацейшая мясцовасць, тым актуальнейшае пытанне крадзяжоў. У многіх краінах Захаду, дзе роварная культура — частка жыцця, мясцовыя змагаюцца з гэтай праблемай альбо моцнымі замкамі-цэпамі, якія толькі троху саступаюць кошту самога двухколага агрэгату, альбо проста набываюць такія ровары, якія не тое каб не скрадзеш, а і далёка не з’едзеш.

Адмыслоўцы раяць пакідаць на такія выпадкі ровар у публічных месцах, дзе побач цягаецца міліцыя, альбо стаяць камеры назірання. Такіх нямала ля, напрыклад, банкаматаў. І на замок не варта забывацца.

6. Няма дзе пакінуць

Ты чалавек тысячы справаў. Трэба і на навучанне, і на працу, і ў краму заехаць. А пасля яшчэ па кавярнях, барах, клубах прабегчыся. І ўсё гэта з роварам. Куды яго падзець, такога вялікага і часам нават бруднага? У Менску адказ нечакана прапануюць менскія ўлады. У гэтым годзе толькі тры ягоныя раёны абяцаюць пабудаваць 227 роварныя паркоўкі.

Хаця праблему прыватнага размяшчэння ровару гэта не вырашае. Многім самім няма дзе жыць, а тут яшчэ ровар жылплошчу просіць. У студэнтаў гэткая ж праблема: часта ровар у інтэрнаце пакінуць немагчыма. Калісьці светлая будучыня з гіганцкімі трохузроўневымі роварнымі паркоўкамі, як у цэнтры галандскіх гарадоў, яшчэ прыйдзе і да беларусаў. І пытанне мястэчак для ровараў адпадзе само.

7. Няма ліловага з кошыкам спераду

Гэта цудоўная дзявочая мара: яна, у даўгой сукенцы з рамонкам у валасах лёгка пакручвае педалькі і едзе па мілай палявой дарожцы ў бок гарадку. У яе кошыку на пярэднім коле букет кветак і томік Багдановіча. Сонца то з’яўляецца, то знікае за дрэвамі. Жыццё цудоўнае!

Толькі… дзе знайсці гэткі ж цудоўны ровар, на якіх ездзяць галівудскія прыгажуні?

Радыкальны варыянт прапануюць майстры гаражу па вуліцы Машынабудаўнікоў, 15. Яны валодаюць зайздросным наборам фарбаў самых розных колераў, якія могуць нават у некалькі слаёў быць нанесеныя літаральна на любы ровар. А зваршчык Васіль з суседняга гаражу гатовы за здзельную плату прыварыць што заўгодна да любога з бакоў двухколага. Засталося толькі расшукаць твой адзіны-непаўторны велакошык за $15.

Яшчэ нагоды не набываць ровар

  • Язда на ровары ў 20 разоў менш небяспечная, чым язда на любым іншым транспарце;
  • У раварыста верагоднасць патрапіць пад дождж складае не больш за 3%;
  • У гарадскіх і часта ў загарадных умовах ехаць на ровары атрымліваецца ў 2 разы хутчэй, чым на аўтамабілі;
  • На паркоўцы для аднаго аўтамабіля можна прыпаркаваць 10 ровараў.

Алесь Bezuher 13:11, 15.05.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0574 seconds.