Сёлета ў Менску пабудуюць 38 км веладарожак і 227 велапарковак

Па ўсім Менску ў гэтым сезоне пабудуюць амаль чатыры дзясяткі кіламетраў роварных дарожак. А Першамайскі і Фрунзенскі раёны плануюць адкрыць 220 роварных парковак.


Мінулагодняе адкрыццё роварнага сезону ў Менску

У прыватнасці, на тры кіламетры вырасце пабудаваная ў 2009 годзе гарадская роварная траса, што злучае Чыжоўку з Драздамі. Яе адгалінаванне пройдзе ў Лошыцкі парк, з якім раварыстаў злучыць адмысловы мост. Узвесці яго плануюць сёлета.

Працягнуць таксама дарожку, што ідзе па праспекце Незалежнасці ад плошчы Якуба Коласа. Цяпер яна сканчаецца ў раёне вуліцы Філімована. Мяркуецца, што ўжо праз некалькі месяцаў на ровары з цэнтру без прыпынкаў можна будзе дабрацца да канца гораду — прыпынку «9-ыё кіламетр».

А болей за ўсё новых дарожак з’явіцца ў Заводскім раёне: там пабудуюць каля 8 км. новых трасаў, па якіх можна будзе праехаць ад метро Аўтазаводская да мікрараёну ў раёне вуліцаў Ангарскай і Несцерава. Вялікая траса з’явіцца таксама на вуліцы Прытыцкага, дзе дарожку пракладуць ад метро «Пушкінская» да кальцавой дарогі.

Акрамя гэтага толькі ў трох раёнах Менска ўлады абяцаюць пабудаваць 227 роварных парковак: 120 у Першамайскім, 100 у Фрунзенскім і 7 у Кастрычніцкім. Зняць ровар можна будзе ў 20 пунктах пракату.


Вуліцы, дзе ў 2013 з'явяцца рованыя трасы. Мапа TUT.BY

Актыўнасць менскай мэрыі ў будоўлі роварных дарожак не выглядае дзіўнай, калі прыгадаць назоў адной з пасадаў, што займае мэр. З кастрычніку 2012 Мікалай Ладуцька яшчэ і старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту. З таго часу ў мэра штосераду праходзіць адмысловая нарада па стану развіцця роварнага руху ў сталіцы, на якіх, верагодна, і былі ўзгодненыя ўсе гэтыя грандыёзныя планы па будоўлі роварных сцяжынак.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0586 seconds.