Па снезе на «тлустых» роварах: як беларуска была валанцёрам на швейцарскім фестывалі вела-экстрыму

Прыгожы фестываль ровараў і горных снежных вяршыняў Fat Bikes Festival ладзяць у Швейцарыі ў вёсачцы Gstaad напрыканцы студзеня. Беларуска Воля Крук распавядае пра свой досвед удзелу ў экзатычным еўрапейскім фэсце ў складзе каманды валанцёраў.

Хоць і прайшло ўжо некалькі дзён пасля вяртання, эмоцыі ўжо трошку ўлягліся, і была вялікая спакуса ўжо і не пісаць пра гэта, але вось падумала, што проста не магу не паказаць і не расказаць пра той драйв і захапленне, якое я разам з усімі ўдзельнікамі перажыла пад час Snow Bike Festival 2016.

Фестываль праводзіўся (ужо другі, дарэчы, раз) з 22 па 24 студзеня ў казачна прыгожай швейцарскай вёсачцы Gstaad і ўключаў у сябе трохдзённыя спаборніцтвы.

Каб стала зразумелым, у чым сутнасць падзеі, распавяду спачатку, што такое Snow альбо Fat Bikes. Гэты навацыйны тып ровараў называецца «тлустым» з-за тоўстых і шырокіх накрывак (9,7-11,4 см), якія ўтрымліваюць паветра пад нізкім ціскам (0,2-2 атм.), што і дазваляе ездзіць па снезе і па іншых паверхнях, не самых прыдатных: пясок, высокая трава і г.д..

Хоць першае згадванне пра ровар падобнага тыпу сустракалася ў прэсе яшчэ да 1932 года, вынайдзеныя фэт-байкі ў 1980-х гадах для спаборніцтваў на зімовых трасах у суб-арктычнай Алясцы і адначасова – для падарожжаў праз пустыні Нью-Мексіка.

З 2013-2014 гадоў фэт-байкі былі мадыфікаваныя з прымяненнем самых новых тэхналогіяў – карбонавых рамаў, абадоў і інш., што зрабіла іх вельмі лёгкімі (да 10 кг) без страты ў характарыстыках кіравання і трываласці.

Для Швейцарыі такія ровары – інавацыя. Катанне на іх можа скласці канкурэнцыю нават традыцыйнаму катанню на горных лыжах!:) Але, як даніна пашаны швейцарцаў да сваіх устойлівых звычаяў і як праява вельмі насцярожанага стаўлення да ўсяго новага, масавае выкарыстанне лыжных трасаў для катання на роварах пакуль забароненае. Толькі для фестывалю арганізатары атрымалі такі дазвол.

Цяпер пра ўдзельнікаў.

Іх было 80 з 14 краін, сярод якіх былі тыя, дзе снегу ніколі і не бывае: напрыклад, Тайланд і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Удзельнікі ўсе вельмі падрыхтаваныя, трэніраваныя, з поўнай правільным рыштункам. Жанчынаў сярод іх было 7.:)

Вельмі хочацца забегчы наперад і сказаць, што пераможца сярод мужчынаў – Thommas Misser – выхадзец з Гішпаніі, а першай сярод жанчынаў стала Hielke Elferink з Нідэрландаў.

А якое ж прыгожае месца, дзе фестываль праходзіў – чароўны Gstaad...!

Пра яго можна згадваць выключна з замілаваннем. Gstaad падобны на карцінку з паштоўкі, яго цяжка апісаць, яго трэба бачыць. Згубленыя паміж гораў чароўныя швейцарскія шале, якія запальваюць утульнае святло ў сваіх вакенцах, калі спускаецца ноч...

Gstaad – традыцыйнае месца адпачынку вядомых людзей. І не толькі прыгажосцю ён прываблівае, але і развітай інфраструктурай: каля яго размешчаныя гарналыжныя трасы агульнай працягласцю 250 км. Акрамя таго вакол вёскі пракладзена каля ста кіламетраў трас для лыжных гонак і дзейнічае цэнтр сноўборда.

Ну, і нарэшце, пра маршруты, якія трэба было праехаць.

У першы дзень траса была працягласцю 29 км і пад'ёмам уверх на вышыню 933 м, у другі дзень – 35 км і пад'ём на 1009 м, на трэці дзень – 25 км з пад'ёмам на 487 м. Гэта ўсё па снезе, па лёдзе, уверх і ўніз з неперадавальным драйвам і вялікай хуткасцю! Цяжка сабе ўявіць!

Я ўдзельнічала ў фестывалі як валанцёр. Калі рэгістравалася, канешне ж, не ўяўляла, што каманда арганізатараў снежнага фэсту ў Швайцарыі будзе... з Паўднёвай Афрыкі!:) З краіны, дзе месяцы снежань-студзень-люты – летнія, і дзе цяпер 30 градусаў спёкі, дзе 11 афіцыйных моваў і куды ляцець 12 гадзін. Жыццё людзей з ПАР – іншы свет, абсалютна невядомы. Але насуперак усім стэрэатыпам, нам разам было лёгка і вельмі цікава. Я знайшла новую цудоўную сяброўку, з якой мы адзначылі знаёмства традыцыйным фандзю ў Цюрыху. Вось такі міжкультурны абмен: Беларусь-ПАР-Швейцарыя.

Фота: Воля Крук і snowbikefestival.com


Воля Крук 11:00, 04.02.2016 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0456 seconds.