Курсавыя і дыпломныя працы расейскіх студэнтаў апублікуюць у Інтэрнэце

У Расеі абмяркоўваецца новае патрабаванне да ўсіх ВНУ: выкладаць у агульны доступ курсавыя, дыпломныя і іншыя істотныя працы студэнтаў і выпускнікоў. Некаторыя ўніверсітэты ўжо выконваць правіла.

Міністэрства адукацыі і навукі Расеі збіраецца прымусіць усе ВНУ змяшчаць на сваіх сайтах кваліфікацыйныя, курсавыя, дыпломныя, доктарскія і іншыя істотныя працы студэнтаў і аспірантаў дзеля барацьбы з плагіятам. Тыя ўніверсітэты, што адмовяцца ад гэтага, могуць пазбавіць акрэдытацыі.

Як пішуць «Известия», канчатковае рашэнне, ці ўводзіць новае патрабаванне яшчэ не прынятае, аднак шмат хто яго падтрымлівае. Пры гэтым пошукавая сістэма «Яндекс» ужо рыхтуецца хутка індэксаваць старонкі сайтаў універсітэтаў з дыпломамі, каб выкладчыкі і любы жадаючы мог праверыць, ці не скрадзеная праца.

«Калі праграма запрацуе, то любы працадаўца, які збіраецца ўзяць да сябе супрацоўніка, можа спакойна зайсці ў Інтэрнэт і паглядзець яго дыпломную працу, а заадно ацаніць ягоны інтэлектуальны ўзровень», — пракаментаваў ініцыятыву прэс-сакратар установы, якая распрацавала ідэю публікацыі курсавых і дыпломных Уладзіслаў Абушынскі.

Расейскія афіцыйныя асобы ўсцешаныя ідэяй. Яны кажуць, што «Інтэрнэт — вельмі хуткая сістэма, дзе можна ў момант вылічыць плагіят». А пакуль «з кожным годам колькасць фальсіфікаваных расце», што вядзе да зніжэння якасці адукацыі.

Некаторыя расейскія ВНУ ужо выконваюць патрабаванне. А ў некаторых нават адлічаюць за спісванне курсавых і дыпломных. Гэтак, да прыкладу, робяць у МДУ. Многія краіны свету апошнім часам прайшлі праз шэраг скандалаў, звязаных з выкрыццём вядомых «плагіятараў». У 2011 годзе міністр абароны Нямеччыны сышоў у адстаўку з-за спісвання, якое ён дапусціў у час напісання доктарскай працы.

Зрэшты, пакуль няясна, калі патрабаванне аб выкладанні курсавых і дыпломных у Расеі будзе выкананае. Мяркуецца, што некаторыя ўніверсітэты могуць зацягнуць працэс выкладання студэнцкіх працаў да 2016 году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0708 seconds.