Навошта туркменскім студэнтам Беларусь

Кожны другі з 12 тысячаў замежных студэнтаў прыехаў у Беларусь з Туркменістану. Што прываблівае моладзь гэтай далёкай сярэднеазіяцкай дыктатуры ў беларускіх універсітэтах і якую карысць ад туркменскіх студэнтаў атрымліваюць беларусы?


Студэнты Туркменістана маршыруюць ў Ашхабадзе ў Дзень Незалежнасці. Фота centralasiaonline.com

Цяпер у Беларусі 430 тысяч студэнтаў, з іх амаль 12 з паловай тысяч замежнікі. Ад агульнай колькасці гэта крыху меней за 3%. Паводле дадзеных АНТ, у нашых ВНУ навучаюцца грамадзяне 88 краін. У ТОП-3 уваходзяць студэнты з Туркменістану — амаль 6 тысячаў чалавек, больш за дзве тысячы кітайцаў і больш за тысячу расейцаў.

За апошні год колькасць туркменскіх студэнтаў вырасла на 1 000 чалавек. У Менску туркменскіх студэнтаў каля 2.2 тыс., кітайцаў на тысячу меней. Аб гэтым увосень казаў кіраўнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Дарашчонак.

Цікава, што за апошнія дзесяць гадоў колькасць замежных студэнтаў у Беларусі вырасла ў некалькі разоў. З чым звязаная такая цікаўнасць азіяцкіх абітурыентаў да беларускіх ВНУ?

Туркменская вышэйшая адукацыя амаль знішчаная

На думку рэктара БДУ Сяргея Абаламейкі, беларуская вышэйшая адукацыя прыцягвае маладых людзей з-за мяжы магчымасцю навучання на расейскай мове, савецкімі традыцыямі і невысокім коштам.

Даследаванне аддзелу міжнародных сувязяў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, у межах якога вясной 2010 года былі апытаныя 706 замежныя студэнты ўніверсітэту, пацвярджае гэта меркаванне. Найбольш важным фактарам пры выбары ВНУ для 30% апытаных апынулася магчымасць атрымаць адукацыю па-расейску. 24% замежнікаў цэняць высокую якасць адукацыі ў БДУ. А яшчэ 19% паступілі ва ўніверсітэт па рэкамендацыі родных, блізкіх або знаёмых.

Аднак у выпадку туркменскіх студэнтаў прычыны троху іншыя:

«Прычына ўзмацнення плыні туркменскіх студэнтаў палягае ў палітычнай галіне», — тлумачыць аўтар даследавання аддзелу міжнародных сувязяў БДУ Артур Дзянісаў, магістрант Інстытуту падрыхтоўкі навуковых кадраў пры Акадэміі навук Беларусі. Паводле ягоных словаў, якія прагучалі ў інтэрв’ю Deutsche Welle, у Туркменістане цяпер «асаблівы палітычны рэжым», гэтак сама як і ў Беларусі. Туркменская вышэйшая адукацыя, працягвае Дзянісаў, была амаль знішчаная, і ўлады краіны падпісалі пагадненне з Менскам аб тым, што беларускія дыпломы будуць прызнавацца ў Туркменістане.

Цікава, што платнай адукацыі ў Туркменістане няма ўвогуле, а трапіць на бясплатныя аддзяленні вельмі няпроста, і галоўную ролю, як кажуць студэнты, у адборы граюць «далёка не веды». Замежная адукацыя ў краіне збольшага не прызнаецца. Беларусь тут стала адным з нешматлікіх выключэнняў.

«На занятках па беларускай абыходзімся тым, што вучым „Хто там ідзе“»

Зрэшты, многія выкладчыкі наракаюць на не самыя высокія навучальныя поспехі замежных студэнтаў у Беларусі. Праблемы ўзнікаюць і з расейскай мовай, і з фундаментальнымі дысцыплінамі:

«Для нас важна, каб пісалі і гаварылі. Другое, каб ведалі матэматыку. Кітайцы, напрыклад, добра ведаюць матэматыку, але праблемы з мовай. А ў туркменаў — біч з матэматыкай», — паведаміла неназваная крыніца Еўрапейскага радыё для Беларусі ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

На вучэнне ж беларускай у азіяцкіх студэнтаў, часу ўвогуле не застаецца:

«У мяне ў кожнай групе па 1–2 туркмены. А на занятках па беларускай мове пакуль абыходзіліся толькі тым, што вучылі па некалькі радкоў з верша Янкі Купалы „Хто там ідзе“, бо ён выдадзены і па-беларуску, і па-туркменску», — кажа выкладчыца беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту Валяціна Мароз.

Аднак адлічыць замежнікаў вельмі нялёгка, бо яны прыносяць немалыя грошы дзяржаве. З нядаўняга часу за навучанне, якое звычайна каштуе болей, чым для грамадзян Беларусі, замежнікі плацяць выключна валютай. У БДЭУ, для прыкладу, каля $3 тысячаў. Нашы студэнты за першы курс аддаюць $1 200.

У 2011 годзе прыбыткі БДУ ад навучання замежных студэнтаў склалі 7 млн. 288 тыс. даляраў. Пяць гадоў таму гэта сума раўнялася 1 млн. 877 тыс. далярам. Рэктар БДУ ацаніў тады вынікі экспарту адукацыйных паслугаў як «вельмі добрыя». І паабяцаў надалей клапаціцца аб павелічэнні колькасці замежных студэнтаў ва ўніверсітэце.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.