У Баранавічах туркменскія студэнты пабіліся з мясцовымі


Скрыншот з відэа, якое выклаў адзін з відавочцаў

Па словах відавочцаў, якія апісваюць падзеі ў сацыяльных сетках, цягам тыдня ў Баранавічах нарасталі сутычкі паміж мясцовымі і студэнтамі з Туркменістана. У пятніцу асабліва моцна пацярпеў адзін з баранавіцкіх хлопцаў. На відэа, якое змешчана ў vkontakte з кадрамі пасля бойкі, чалавек ляжыць на зямлі, а вакол яго мітусяцца міліцыянты і медыкі.

Відавочцы сцвярджаюць, што канфлікт распаліўся нібыта з-за таго, што замежныя студэнты чапляліся да дзяўчыны, а мясцовы навучэнец ПТВ спрабаваў ім перашкодзіць. І яго пабілі. Далей прыбеглі сябры хлопца і пабілі ўжо ўсіх, хто меў знешнасць падобную да туркменаў. У пятніцу бойка паўтарылася, але міліцыя яе разагнала. Многія разбегліся, але частка удзельнікаў з абодвух бакоў пахавалася непадалёк. У выніку новага сутыкнення адзін з хлопцаў быў збіты асабліва моцна.

У сацыяльных сетках з’явіліся заклікі сабрацца ў суботу каля цэнтральнай плошчы, каб «предпринять меры».

Тым часам з’яўляюцца таксама супрацьлеглыя звесткі пра віноўнікаў пачатку канфлікту. Паводле гэтых меркаванняў сутыкненні пачаліся з-за таго, што беларусы збілі туркменскую дзяўчыну з хлопцам. 

Вечарам суботы аўтазакі з міліцыяй ўзмоцнена патрулявалі Баранавічы ды спынялі групы моладзі, якія ўтвараліся ў цэнтры горада. Мясцовае выданне intex-press.by назірала за працэсам. Паводле іх звестак, частка моладзі была затрыманая. У ГУУС моладзь фатаграфавалі, а некаторых вызвалілі праз дзве гадзіны.

«Пераканаўчая просьба да ўсіх замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў БарДУ — захоўваць спакой і выконваць заканадаўства Рэспублікі Беларусь», — Баранавіцкі ўніверсітэт адрэагаваў на падзеі заявай, якую змясціў у vkontakte начальнік аддзела выхаваўчай працы з моладдзю БарДУ Павел Папко.

UPD 16.12.2013: Баранавіцкі РАУС заявіў, што паводле іх інфармацыі, прычынай канфлікту стала рэўнасць хлопца, дзяўчына якога перапісвалася з туркменам праз сацыяльныя сеткі. 13 снежня каля 20.00 адбылася бойка, у выніку якой пацярпеў 15-гадовы хлопец. З дыягназам «закрыты пералом левага перадплечча» ён быў дастаўлены ў лякарню. На месцы падзеяў міліцыяй быў затрыманы малады грамадзянін Туркменістана, які аднак па словах міліцыі, не мае дачынення да бойкі. Ён быў асуджаны судом за дробнае хуліганства на 260 тыс. штрафу.

Чытайце таксама:  Навошта туркменскім студэнтам Беларусь. Што прываблівае моладзь гэтай далёкай сярэднеазіяцкай дыктатуры ў беларускіх універсітэтах і якую карысць ад туркменскіх студэнтаў атрымліваюць беларусы.

comments powered by Disqus
 
In 0.1911 seconds.