БДУ зарабіў $112 мільёнаў

З-за крызысу ў 2011 годзе Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт згубіў мінімум $20 мільёнаў. Затое прыкладна сёмую частку ўласных прыбыткаў БДУ прынесьлі замежныя студэнты.

У 2011 годзе даходы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту склалі каля 112 млн. даляраў у параўнаньні з 132 мільёнамі годам раней, паведаміў рэктар БДУ Сяргей Абламейка, перадае БелаПАН. Прыкладна палову гэтых сродкаў унівэрсытэт атрымаў ад дзяржавы.

Рэктар адзначыў, што асноўныя даходы ВНУ атрымлівае за аказаньне платных адукацыйных паслуг. На платным аддзяленьні БДУ навучаецца 60% студэнтаў (на дзённым аддзяленьні — 50%).

Цікава, што немалыя грошы БДУ зарабляе на замежных студэнтах. Зь нядаўняга часу за навучаньне, якое звычайна каштуе болей, чым для грамадзян Беларусі, замежнікі плацяць выключна валютай. У 2011 годзе прыбыткі ад навучаньня замежных студэнтаў склалі 7 млн. 288 тыс. даляраў. Пяць гадоў таму гэта сума раўнялася 1 млн. 877 тыс. далярам. Рэктар БДУ ацаніў вынікі экспарту адукацыйных паслугаў як «вельмі добры».

За апошнія 10 гадоў колькасьць замежных студэнтаў вырасла ў тры разы і перавысіла лічбу ў 2 тысячы чалавек. Пераважную колькасьць такіх студэнтаў складаюць туркмэны і кітайцы.

Пры гэтым ў БДУ сьцьвярджаюць, што на студэнтах амаль не зарабляюць грошай. Паводле дадзеных Interfax.by, сярэдняя рэнтабэльнасьць дзённага аддзяленьня ўнівэрсытэту — 0, а завочнага — 4%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.165 seconds.