У Менску выдадзены падручнік па беларускай для замежнікаў

Кніга «Беларуская мова? З задавальненнем!», напісаная дацэнтам БДУ, — першая, створаная адмыслова для замежнікаў. Па ёй можна вучыць беларускую мову з нуля. Прэзэнтацыя кнігі прайшла ўчора ў Менску.

Як кажуць прафэсійныя выкладчыкі беларускай, замежнікам даўно не хапала сапраўднага падручніка па беларускай мове, напісанага адмыслова для іх. Ёсьць некалькі дапаможнікаў, у тым ліку і ў электронным фармаце, створаных пераважна энтузіястамі, але іх няшмат, і ня ўсе добра структураваныя і здольныя забясьпечыць патрэбы студэнтаў. Цяпер сытуацыя зьменіцца, прынамсі, на 2 000 экзэмпляраў — роўна столькі асобнікаў падручніка «Беларуская мова? З задавальненнем!» выйшла ў сьвет літаральна некалькі дзён таму.

Аўтарка «Беларуская мова? З задавальненнем!» — доктар філялёгіі, дацэнт катэдры сучаснай беларускай мовы БДУ — Тацяна Рамза кажа, што падручнік ствараўся для таго, каб беларуская мова пашыралася ў сьвеце.

«Я старалася зрабіць лягічны, стройны, цікавы і займальны падручнік. Беларуская мова мусіць быць у задавальненьне і вучыцца ў задавальненьне, і мне хацелася, каб кожны, хто разгортвае гэты падручнік, усьміхаўся», — кажа аўтарка.

Кніга стваралася для замежнікаў, перш за ўсё зь Нямеччыны і Чэхіі, але спэцыялісты адзначаюць, што яна можа быць карысная ўсім, хто толькі пачынае вывучэньне беларускай мовы, у тым ліку і «ня дужа беларускамоўным студэнтам», якія нарадзіліся ў Беларусі.

Тацяна Рамза прысьвяціла гэтую кнігу сваім замежным навучэнцам з усяго сьвету, якіх яна шмат гадоў навучае нашай мове.

«Калі б не было маіх апантаных студэнтаў, у тым ліку замежных, гэты падручнік не зьявіўся б, — кажа спадарыня Рамза. — Мне вельмі прыемна, што мае студэнты прыяжджаюць да мяне, і мы працягваем зь імі навучаньне. І гэта беларускасьць, што зарадзілася на нашых занятках, працягвае жыць. За апошнія гады ў Нямеччыне заснавана ўжо некалькі цэнтраў беларусістыкі».

Некаторыя яе замежныя студэнты абараняюць дыплёмы па Караткевічу, стылістыцы беларускай у замежжы, прыяжджаюць у Беларусь і пачынаюць працаваць тут у акадэмічнай галіне.

«Калі побач з рускамоўнымі студэнткамі зьяўляецца беларускамоўная студэнтка зь Нямеччыны, статус мовы зьмяняецца», — кажуць выкладчыкі.

На іх думку, падручнік перавядзе выкладаньне беларускай мовы на іншы ўзровень і будзе вельмі карысным як за мяжою, так і ў беларускіх унівэрсытэтах, дзе апошнім часам назіраецца прыток студэнтаў зь Сярэдняй Азіі.

«У мяне ў кожнай групе па 1–2 туркмэны. А на занятках па беларускай мове пакуль абыходзіліся толькі тым, што вучылі па некалькі радкоў зь верша Янкі Купалы „Хто там ідзе“, бо ён выдадзены і па-беларуску, і па-туркмэнску, — кажа выкладчыца беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Валяціна Мароз. — Гэты падручнік будзе вельмі дарэчы, мы зацікаўленыя ў гэтай кніжцы».

«Мы ўсёй групай вучым туркмэнаў усьміхацца на цэлы рот, каб яны навучаліся фанэтыцы», — дзеліцца спадарыня Мароз сакрэтамі выкладаньня.

Аўтарка імкнулася ўлічыць усе апошнія тэндэнцыі ў практыцы выкладаньня замежнай мовы. Падручнік падзелены на фанэтычны і асноўны вучэбныя курсы, а ў дадатку нават ёсьць дыск з дыялёгамі і тэкстамі для аўдзіраваньня. І канешне ж для кожнага слова ў кніжцы пададзены націск.

У беларускіх кнігарнях падручнік зьявіцца па кошце каля 25 тысяч ($8). У Сеціве яго можна набыць таньней.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1503 seconds.