Міністар адукацыі: правілы разьмеркаваньня зноўку могуць быць перагледжаныя

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што правілы прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў зноўку могуць быць перагледжаныя. Падставай для стануць вынікі маніторынгу выкананьня новага Кодэксу аб адукацыі, які пачаў дзейнічаць год таму.

«Цяпер праводзіцца маніторынг Кодэкса [аб адукацыі], у межах якога будуць прынятыя прапановы і заўвагі дзяржаўных органаў кіраваньня і, па магчымасьці, улічаныя пры ўнясеньні зьменаў», — заявіў Сяргей Маскевіч у час онлайн-канфэрэнцыі на БелТА, адказваючы на пытаньне аб асаблівасьцях новых правілаў разьмеркаваньня.

Паводле іх цяпер выпускнікі-бюджэтнікі ня маюць права працягваць адукацыю за ўласны кошт. Ні ў Беларусі, ні за яе межамі.

То бок калі студэнт-бясплатнік атрымлівае дыплём каледжу, то ён ня мае права паступаць ва ўнівэрсытэт да сканчэньня прымусовай адпрацоўкі. Тое ж і з выпускнікамі ВНУ: паводле беларускага заканадаўства аб адукацыі студэнтам адмаўляць у праве паступаць у беларускія ці замежныя магістратуры, калі навучаньне не фінансуецца зь бюджэту.

«Бюджэтнікі ня могуць паступаць у дзённую платную магістратуру і, ужо скончыўшы яе, адпрацаваць 2 гады», — гэты факт, што вынікае з Кодэксу аб адукацыі і адпаведных інструкцый Мінадукацыі, пацьвердзіў Сяргей Маскевіч. Ён прапанаваў такім студэнтам выплаціць сродкі за 5 гадоў навучаньня альбо пачакаць 2 гады.

Раней Generation.bY публікаваў гісторыю выпускніцы БДУ, якой сёлета ўсё ж дазволілі стаць студэнткай платнай магістратуры свайго ўнівэрсытэту, але паралельна з адпрацоўкай па разьмеркаваньні. З пазыцыі міністра адукацыі вынікае, што такое навучаньне цяпер па-за законам.

Раней Мінадукацыі абвясьціла аб тым, што з наступнага навучальнага году студэнтаў пачнуць разьмяркоўваць ужо на трэцім курсе. Сам тэрмін разьмеркаваньня можа быць павялічаны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3012 seconds.