На «зялёнай мапе» Менску — больш за 170 месцаў, у якіх дапамогуць пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў

Запушчаная першая ў Беларусі інтэрнэт-мапа, якая дапаможа пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў: ад шкла ці паперы да батарэек і тэлевізараў. Неўзабаве такая мапа выйдзе і для Гародні.

На «Зялёнай мапе» пазначаныя тры катэгорыі рэчаў, якія можна здаць у Менску: другасная сыравіна, небясьпечныя адкіды і непатрэбныя рэчы. Дастаткова зазірнуць у яе, каб даведацца аб бліжэйшым да вас месцы, дзе прымаюць, да прыкладу, адпрацаваўшыя лямпы, аўтаадкіды і нават прачытаныя кнігі з газэтамі.


Фрагмэнт Зялёнай мапы Менска

«Другасную сыравіну, як напрыклад шкло ці паперу важна зьбіраць: яна потым перапрацоўваецца беларускімі заводамі», — тлумачыць намесьнік старшыні Цэнтру экалягічных рашэньняў па праграмнай дзейнасьці Яўген Лабанаў.

«А вось што тычыцца адкідаў, тут усё складаней. Напрыклад, батарэйкі — іх пераапрацоўка яшчэ не вядзецца ў Беларусі, пакуль што мы іх толькі зьбіраем. Але мяркую, альбо будзе будавацца завод у межах Мытнага зьвязу, альбо мы іх будзем адпраўляць за мяжу. Пакуль яны толькі захоўваюцца на складах».

З бытавой тэхнікай яшчэ складаней, бо не арганізаваная нават ладная сыстэма збору бытавой тэхнікі.

«Калі мы паглядзім на мапу, то можам убачыць, што пунктаў прыёму другаснай сыравіны ў нас дастаткова шмат, а вось што наконт небясьпечных адкідаў — нам ёсьць куды разьвівацца».

Стваральнікі мапы — Цэнтар экалягічных рашэньняў (ЦЭР) — падгледзелі яе ідэю ў расейскага Грынпіса, расшырылі і дадалі новыя функцыі. Хутка мусіць зьявіцца такая мапа і для Гародні.

«Мы адкрытыя для супрацоўніцтва, — кажа спадар Лабанаў. — Калі зьявяцца ахвочыя зь іншых гарадоў, безумоўна, мы падтрымаем ініцыятыву, але пакуль што з намі зьвязаліся толькі актывісты з Гародні».

Сайт зялёнай мапы Менску першапачаткова быў зроблены такім чынам, каб усе ягоныя наведвальнікі маглі самі дадаваць інфармацыю. Новы кантэнт правяраецца актывістамі ЦЭР, таму недакладнасьцяў быць не павінна.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0918 seconds.