Greenmap: куды ў беларускім горадзе можна экалагічна выкінуць батарэйку і бабуліну лядоўню

Эка-актывісты пашыраюць у беларусі сетку «Зялёнай мапы» ва ўсё новых гарадах. Па задуме стваральнікаў, праз адмысловы сайт і мабільны дадатак ніводная кропка прыёму адыходаў ды непатрэбных рэчаў не застанецца без ўвагі. Днямі ў праект далучыўся ўжо 18-ты беларускі горад – Маладзечна.

Тут будуць радыя смеццю

Любімы старэнькі швэдар, які шкада выкінуць, бабуліна лядоўня, акумулятар ад старой мабілкі, – у бетонных хатах, лецішчах і гаражах беларусаў у XXI стагоддзі прыхаваныя стосы «скарбаў» недалёкай мінуўшчыны. Пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў часцей за ўсё не шкада, але ж выкінуць іх вось так проста ў агульнае смеццепровад не падымаецца рука. Шклянка з старымі батарэйкамі даўно перапоўненая і чакае свайго часу. Каб разгрузіць такія праблемы ў Беларусі ўжо два гады працуе праект «Зялёная мапа».

Прыкладна на Новы год на мапе – сайце greenmap.by – з’явіўся Маладэчна, 18-ты горад, для якога пазначаныя пункты прыёму шкла, паперы, месцы, куды можна адвезці старую непрыдатную мэблю, здаць ртутныя лямпы і батарэйкі, аўтапакрышкі і акумулятары і іншае. Гэтыя месцы – ЖРЭА, таварыства «Чырвоны крыж», палігоны, прыватныя прадпрыемствы. Таксама на мапе ёсць Менск, Горадня, Берасце, Салігорск і іншыя вялікія гарады краіны.

Марыя Сума

«Наш праект працуе, калі ён камусьці патрэбны», – кажа Марыя Сума, каардынатарка праекта «Зялёная мапа». Сайт запаўняецца сіламі каля 20 валанцёраў і наведнікамі рэсурса, каманда праекта можа аказваць тэхнічную дапамогу і зладзіць прэзентацыю праекта ў кожным горадзе, які вырашыць далучыцца.

Старыя тэлефоны – у музей «Белтэлекаму», а шкло – на новыя бутэлькі

Рэсурс з’явіўся як адказ на самыя папулярныя запыты да інфацэнтру па пытаннях утылізацыі адходаў і хімічнай бяспекі Цэнтру экалагічных рашэнняў у Менску. Найбольш людзей цікавіць, куды здаць тое, што небяспечна – прылады, што ўтрымліваюць ртуць, кшталту энергазберагальных лямпаў, а таксама батарэйкі.

Батарэйкі даволі шырока прымаюць ужо ў звычайна ў крамах, гандлёвых цэнтрах, і ў адміністратыўных установах; з ртутнымі прыладамі складаней, бяруць іх пакуль пераважна ад юрыдычных асобаў, але важна, каб звычайныя людзі казалі пра сваю праблему. Цягам 2015 году (паводле пастановы СаўМіну №1124 ад 02.12.2014) у вялікіх крамах мусяць з’явіцца пункты прыёму бытавой тэхнікі і адходаў, што ўтрымліваюць ртуць.

Старызну, аўтаадходы, ПЭТ-бутэлькі і шклабой прымаюць у «Мінскаптпаўторэрсурсы» нават за грошы, хоць і невялікія. Старую электратэхніку – у «БЕЛВТИ» і на смеццесартыровачнай станцыі «Заходняя», штосьці можна аддаць у музей РУП «Белтэлекам». Кнігі можна аддаць у бібліятэкі, у тым ліку ВНУ, на палічкі бук-кросінгу і нават у кавярні.

Дарэчы, у Беларусі не хапае шклабою, які складае значную частку сыравіны пры вытворчасці новага шкла: у 2012 годзе краіна набыла амаль 20 000 тон шклабою за мяжой.

Веганы і ветракі

У планах аўтараў працаваць над новымі слаямі мапы. Першае – дадаць крыніцы аднаўляльнай энергіі, якія ёсць у раёнах (сонечныя панэлі і ветракі). Іх пакуль у краіне няшмат, і таму завітаць на ровары ў цёплы дзень, каб паглядзець на свае вочы – варыянт для вандроўкі. 

З’явіцца мапа экалагічных арганізацый (уключаючы школы, ВНУ, інфацэнтры і адукацыйныя музеі). Без яе нехта можа не ведаць, што ў школе правяраюць пітную ваду і могуць расказаць пра яе якасць у рэках, што можна паўдзельнічаць у грамадскіх прыборках, у якіх часам з рэкламай не ўсё добра.

Аўтары мапы разважаюць, што някепска было б нанесці ўсё, што тычыцца ровараў (крамы, майстэрні, велааптэчкі) – і экатавараў (арганічныя фермы і вегетарыянскую інфраструктуру, каб было прасцей жыць у свеце шашлыка і кіўбасы. Але гэта ўжо залежыць ад запатрабавання і працы тэматычных супольнасцей (праект дае тэхнічную падтрымку). Тое ж са слоем з прыгожымі месцамі ў гарадах.

Апроч месцаў на greenmap.by старыя рэчы можна аддаваць на фры-маркетах, у дабрачынную краму «Калі ласка» і праз суполкі кшталту «Аддам задарма».

«Зялёная мапа» ў мястэчку

«Вельмі няправільнае развіццё буйных праектаў толькі ў вялікіх гарадах, бо вялікі патэнцыял ёсць і ў маленькіх, – мяркуе Марыя Сума, каардынатарка праекта «Зялёная мапа». – Мы абсалютна адкрытыя і запрашаем вас да супрацы. На прыкладзе праекта можна паказаць – валанцёры бываюць розныя: гэта і маладыя маці, і журналісты рэгіянальных СМІ, і школы».

Кантактаваць з аўтарамі праекта і звяртацца па дапамогу можна праз greenmap@ecoidea.by альбо наўпрост тэлефанаваць кіраўніцы Марыі Сума на нумар +375295596119.


Ганна Валынец 21:00, 13.01.2015 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0547 seconds.