Міхалок: «Няхай прыклад музычнага супраціву Беларусі будзе прыкладам для ўсіх»

Сяргей Міхалок, нягледзячы на перасьлед беларускай пракуратуры, не зьбіраецца адмаўляцца ад сваіх поглядаў. Лідэр «Ляпіса Трубяцкога» выступіў з заявай падзякі ўсім, хто падтрымлівае яго «музычны супраціў» і распавёў аб «дробных партызанскіх фармаваньнях», што далучаюцца да яго каманды.

«Нашаму наступальнаму мабільнаму атраду скараюцца новыя вяршыні, да нас далучаюцца дробныя партызанскія фармаваньні, — піша Сяргей Міхалок у звароце, разьмешчаным на партале „Тузін Гітоў“. — Ворагі, што пакаяліся, праходзяць абрад ачышчэньня і пераходзяць на наш бок».

На працягу апошніх месяцаў Сяргей Міхалок знаходзіцца пад пільнай увагай медыя і праваахоўных органаў. У сярэдзіне кастрычніка стала вядома, што на адрас Сяргея Міхалка прыйшла павестка з патрабаваньнем зьявіцца ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску. Многія зьвязалі гэты выклік са сьмелымі выказваньнямі музыкі супраць дзеючай улады.

А нядаўна прадстаўнік беларускай генпракуратуры заявіў, што крымінальнай справы паводле выказваньняў лідэра «Ляпіса Трубяцкога» пакуль няма, але, маўляй, усё яшчэ наперадзе. Юрыст назваў музыку хуліганам, а яго выказваньні паставіў «па-за нормамі маралі і права».

Выглядае, што Міхалок не сьпяшаецца апускаць рукі. Ён піша, што «дэвіз „Ня быць скотам“ пасьпеў ужо стаць інтэрнацыянальным, таму што падобныя праблемы ёсьць у людзей і ў іншых краінах. Няхай жа прыклад музычнага супраціву Беларусі будзе прыкладам для ўсіх разважлівых жыхароў плянэты Зямля!»

«Хачу яшчэ раз усім нагадаць, што галоўнае ў сучасным мастацтве — умець выклікаць агонь на сябе ды наступны за ім рэзананс контратакі», — сканчае Міхалок свой зварот подпісам «Жыве Беларусь!».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1171 seconds.