Сяргея Міхалка выклікаюць у пракуратуру

Супраць лідэра гурта «Ляпіс Трубяцкой» Сяргея Міхалка ў Беларусі верагодна ўзбуджаная крымінальная справа. На яго адрас прыйшла павестка з патрабаваньнем зьявіцца ў пракуратуру. Падобна, што музыканта хочуць пакараць за сьмелыя выказваньні супраць дзеючай улады.

Як паведамляе «Беларускі партызан» са спасылкай «на кампэтэнтныя крыніцы», пракуратура Цэнтральнага раёну Менска ўзбудзіла справу супраць Сяргея Міхалка за абразу прэзыдэнта Лукашэнкі.

Сам музыка зараз знаходзіцца на гастролях у Расіі і пакуль адмаўляецца ад разгорнутых камэнтароў.

«Я ня ведаю падрабязнасьцяў. Сапраўды, дадому прынесьлі позву з патрабаваньнем зьявіцца на допыт у пракуратуру. Яе пакінулі маці, якая ў гэты момант была дома. Буду ў Менску — разьбярэмся», — кажа Сяргей Міхалок.

Нядаўна Міхалок даў некалькі скандальных інтэрвію, якія і выклікалі нянавісьць беларускіх уладаў.

«Гэта чалавек, які ненавідзіць свой народ і ў лепшым выпадку заслугоўвае справядлівага суду. Але такія злачынцы як Лукашэнка, не пакідаюць сьведак сваіх злачынстваў», — казаў лідэр «Ляпіса Трубяцкога» ў адным са сваіх нядаўніх інтэрвію.

Міхалок ня раз заяўляў, што з краіны зьяжджаць не зьбіраецца, нягледзячы на тое, што яго гурту адкрыта выступаць на беларускіх пляцоўках немагчыма: «Ляпіс Трубяцкі» ўнесены ў чорны сьпіс музыкаў.

Па Артыкулу 368 «Абраза Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» могуць пакараць за публічную абразу прэзыдэнта двума гадамі турмы. За паўторную абразу могуць даць тры гады абмежаваньня волі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.