Пракуратура: Міхалок — «банальны хуліган»

Прадстаўнік генпракуратуры заявіў, што крымінальнай справы паводле выказваньняў лідэра «Ляпіса Трубяцкога» пакуль няма, але ўсё яшчэ наперадзе. Юрыст назваў музыку хуліганам, а яго выказваньні паставіў «па-за нормамі маралі і права».

Крымінальная справа ў дачыненьні саліста беларускай групы «Ляпіс Трубяцкой» Сяргея Міхалка не ўзбуджалася, сьледчых дзеяньняў пакуль не праводзілася, аднак праверка выказваньняў ідзе. Аб гэтым гаворыцца ў адмысловым звароце генэральнай пракуратуры, што сёньня быў агучаны начальнікам упраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Генэральнай пракуратуры Беларусі Паўлам Радзівонавым.

Спадар Радзівонаў назваў гурт «Ляпіс Трубяцкой» «так званым культавым», а самога Міхалка — «банальным хуліганам», у шэрагі якіх ён трапіў праз свае выказваньні.

«Гэтыя выказваньні, відавочна, знаходзяцца па-за межамі ня толькі нормаў этыкі і маралі, але і права», — абвясьціў афіцыйную пазыцыю генпракуратуры Павал Радзівонаў, перадае БелаПАН.

Прадстаўнік генпракуратуры таксама даў Міхалку некалькі парадаў аб тым, як правільна пісаць песьні і што гаварыць у інтэрвію, а таксама паабяцаў пазьней распавесьці аб выніках праверак паводле ягоных прамоваў.

На мінулым тыдні стала вядома, што на адрас Сяргея Міхалка прыйшла павестка з патрабаваньнем зьявіцца ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску. Многія зьвязалі гэты выклік са сьмелымі выказваньнямі  музыкі супраць дзеючай улады.

Выступ прадстаўніка генпракуратуры 


Відэа БелаПАН
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1642 seconds.